4384

Дух нацыі. Як захаваць нематэрыяльную спадчыну Беларусі

"Аргументы и факты" в Беларуси № 39 27/09/2016
Купалле на фестывалі
Купалле на фестывалі "Берагіня" ў г.п. Акцябрскі, 2014 г. Интернет-источник

Танга, сакалінае паляванне, юрта, лаваш, паліфанічныя спевы… Гэтыя здабыткі розных народаў сёння знаходзяцца пад аховай сусветнай грамадскасці і ўваходзяць у ініцыяваны ЮНЕСКА Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. У гэтым спісе ёсць і адзіны беларускі аб’ект – калядны абрад “Цары”, захаваны ў вёсцы Семежава Копыльскага раёна.

Калядныя цары ў вёске Семежава
Калядныя цары ў вёске Семежава Фото из открытых источников

Існуе і нацыянальны спіс нематэрыяльных каштоўнасцей, у якім сёння 111 аб’ектаў: абрады, спевы, рамёствы, танцы і іншае. Але большасць беларусаў не ведаюць пра гэтую багатую спадчыну. Як вывесці яе па-за межы прафесійнай супольнасці і зрабіць элементам масавай культуры? Як гэта дапаможа грамадскаму развіццю? Тэму абмеркавалі эксперты.

Ідэнтыфікатар народа

Чаму ж трэба выводзіць фальклор з архіваў?

“Нематэрыяльная культура – самы моцны ідэнтыфікатар, тое, што адрознівае кожны народ, насельніцтва, рэгіён, тое, што характэрызуе самасвядомасць нацыі”, - лічыць Алла СТАШКЕВІЧ, кіраўнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры.

“Традыцыйная культура захавала самае лепшае, што ёсць у народзе: калі яна прайшла праверку часам, значыцца, у ёй ёсць нешта для розуму і для душы, - дадае Уладзімір ШЧАСНЫ, экс-кіраўнік Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. - Сучасныя працэсы глабалізацыі і ўрбанізацыі пагражаюць яе існаванню, таму ЮНЕСКА заклікае краіны захоўваць і папулярызаваць культурную спадчыну”.

Але ці засталіся ў Беларусі носьбіты гэтай спадчыны?

“Яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя даследчыкі казалі, што наш фальклор знікае. Але нават экспедыцыі сёлетняга году сведчаць, што ён жывы і пераемнасць традыцый не страчана. Складаныя гістарычныя ўмовы, якія не дазвалялі доўгі час мець нацыянальную дзяржаву, паспрыялі таму, што ў беларусаў менавіта ў фальклоры ўвасобіўся філасофскі, грамадскі, паэтычны, мастацкі, эстэтычны патэнцыял народа. Беларуская традыцыйная культура выяўляе надзвычайную жывучасць”, - расказала Таццяна ВАЛОДЗІНА, загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Шэсце ўдзельнікаў фестывалю
Шэсце ўдзельнікаў фестывалю "Берагіня" ў г.п. Акцябрскі, 2014 г. Фото: Жывая спадчына Беларусi

«Беларусь адной з першых краін падпісала Канвенцыю ЮНЕСКА 2003 г. аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. З таго часу ў краіне была праведзена вялікая праца па выяўленні і інвентарызацыі гэтых аб’ектаў, створаны рэгіянальныя Камітэты па захаванні, якія складаюць спісы рэгіянальнай спадчыны.  Сёння існуе адзіны дзяржаўны спіс аховы гісторыка-культурных матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей. Таксама створаны электронная база дадзеных Нацыянальнага інвентара нематырыяльнай спадчыны і сайт “Жывая спадчына Беларусі” (www.livingheritage.by) з мноствам фота-, відеа-, аўдыаматэрыялаў. Гэта сведчыць пра тое, што наша нематэрыяльная спадчына захавалася і мае вялікі патэнцыял”, – удакладніла  Наталля ХВІР, начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі.

Што рабіць

Працаваць ёсць з чым. Але як?

“Трэба думаць пра тое, каб носьбіты ўнікальнай спадчыны атрымлівалі нейкія дывідэнды, - лічыць Алла Сташкевіч. – У Літве, напрыклад, існуе практыка стварэння нацыянальных гандлёвых марак і базы дадзеных “Нацыянальныя прадукты”. Носьбітам гэтых элементаў выдаецца сертыфікат, які абараняе іх ад неэтычнага выкарыстання спадчыны.

Нядаўна я была на свяце ў Вільні, дзе былі прадстаўлены гэтыя нацыянальныя прадукты: только аднаго хлеба я налічыла каля 30 гатункаў! У Беларусі, каб атрымаць гандлёвую марку, трэба заплаціць некалькі сот еўра, што не ўсім па сілах. На маю думку, трэба адрозніваць захавальнікаў традыцый ад бізнесменаў і падтрымліваць іх. У працэс захавання спадчыны павінны быць уцягнуты не только прафесіяналы-даследчыкі, але і ўсё грамадства. У ЮНЕСКА ёсць спіс лепшых практык, як гэта можна рабіць. Напрыклад, у Іспаніі, у правінцыі Пусоль, у школе разам з матэматыкай дзеці вывучаюць мясцовую агратэхніку, матэрыяльную культуру, міфалогію. Чаму б і ў нашых школах не ўвесці курс вывучэння нематэрыяльнай спадчыны? Гэта вельмі важна, бо часта нашыя людзі проста не ведаюць, што побач з імі - культурныя каштоўнасці. Таму замест захавання арыгінальных элементаў старажытнай архітэктуры мы пакрываем дамы сайдынгам, будуем муляжы на былых замчышчах і г.д. Таксама нам трэба вывучать маркетынгавыя тэхналогіі, бо пакуль мы слаба ведаем, як папулярызаваць спадчыну, як на ёй зарабіць, развіваць турызм”.

Фотавыстава
Фотавыстава "Сула. Непарыўнае" М. Бацюковай у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея  Жывая спадчына Беларусi/ Фота Алены Ляшкевіч

“У свой час Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА прапаноўвала выдаваць носьбітам традыцый сертыфікаты, якія б яны маглі павесіць у хаце, каб унукі ведалі, што іх бабуля ці дзядуля не займаюцца самадзейнасцю, а выконваюць дзяржаўную справу па ахове багацця народа.

Але гэта прапанова не была рэалізавана. Што датычыцца навучання моладзі, дык гэта можна рабіць не толькі праз школу, але і праз больш шырокую прастору. Напрыклад, зараз у шмат якіх краінах папулярна на тэматычных дыскатэках вывучаць побытавыя танцы. Гэта вельмі цікава, - дадае Уладзімір Шчасны. – Увогуле, будучым работнікам культуры трэба тлумачыць, што калі яны прыязджаюць у рэгіёны, дык павінны вучыцца ў мясцовага насельніцтва, а не наадварот. Але выкарыстоўваць багаты і глыбокі досвед продкаў трэба вельмі далікатна, бо калі гэта ператвараецца ў кіч, то, наадварот, адштурхоўвае ад сябе людзей. Апрануць работнікаў культуры ў традыцыйныя касцюмы і выставіць іх з мікрафонамі на народным свяце – гэта не фальклор. Што занадта – тое вульгарна. Гэта трэба мець на ўвазе”, - лічыць эксперт.

“Яшчэ адзін шлях папулярызацыі нашай спадчыны – уключэнне яе элементаў у дзяржаўныя святы, як гэта часткова атрымалася з Дажынкамі і Купаллем, - мяркуе Таццяна Валодзіна. – Можа, тады і мясцовыя ўлады пачнуць больш актыўна падтрымліваць і паважаць абрады, спевы і іншыя культурныя здабыткі продкаў. Разам з тым варта памятаць, што народнае свята не атрымліваецца на сцэне, а песня многа больш кранае дзесь на падворку ці ў сяброўскай бяседзе. Варта добра прадумваць формы прэзентацыі традыцыйнай культуры сучаснаму гараджаніну”.

Прыклады

Адным з паспяховых прыкладаў стварэння новага турыстычнага прадукта на базе  фальклора можна назваць міжнародны фэст “У госці да Лепельскага Цмока”, які адбываецца ў Лепелі ўжо трэці год. Сёння сюды з’язждаюцца з розных краін свету, нават з Японіі і Індыі. Аўтар праекта Уладзімір ШУШКЕВІЧ лічыць: “Каб захаваць нематэрыяльныя аб’екты, трэба іх матэрыялізаваць. Таму я пачаў з таго, што адрадзіў легенду пра мясцовага Цмока і адлюстраваў яе ў помніку, а на аснове гэтага помніку стаў развівацца і фестываль. Сёння Цмок - гэта брэнд нашага горада, які вядомы на ўвесь свет, як Нэссі”.

І хаця даследчыкі фальклору сцвярджаюць, што згадкі пра лепельскага Цмока не знаходзяць пацверджання ў мясцовых паданнях, а з’яўляюцца аўтарскай легендай Уладзіміра Караткевіча, гэты досвед заслугоўвае ўвагі. Чаму б не выкарыстаць яго для папулярызацыі праўдзівых аўтэнтычных скарбаў народнай спадчыны?  

Цмок - гэта брэнд Лепеля
Цмок - гэта брэнд Лепеля Фото из открытых источников

Яшчэ ўдалы прыклад – праект «Спеўны сход». Гэта грамадская ініцыятыва, накіраваная на тое, каб кожны чалавек мог навучыцца спяваць беларускія народныя песні. Аўтар праекта, музыкант этна-групы Vuraj, саліст Белдзяржфілармоніі Сяргей ДОЎГУШАЎ лічыць, што трэба больш актыўна прасоўваць нашу музычную спадчыну, якая сёння захоўваецца ў шматлікіх архівах даследчыкаў. “Было б цудоўна, калі б нашы маладыя мамы мелі дыскі беларускіх калыханак ці беларускіх казак і слухалі іх разам з дзецьмі. Мы, напрыклад,  выдалі дыск вясельных песень і найгрышаў вёскі Лявонпаль з экспедыцыйных запісаў 1968-1969 гг. паэта Сяргея Панізніка. Я ўпэўнены, што на сучасных вяселлях можно выкарыстоўваць гэтую музыку. Хацелася б, каб кожны регіён меў нешта падобнае. Для гэтага трэба рабіць праекты талакой”.

Цікавасць для бізнеса

Але ж наколькі рэальна пачуць такі кантэнт на радыё і ТБ? Галоўны рэдактар студыі радыё Прадстаўніцтва МТРК “Мір” Аляксей АНІКОВІЧ заўважае:  “У аўтэнтычным выглядзе народная музыка наўрад ці будзе запатрабавана ў эфіры, а вось у сучаснай трансфармацыі і апрацоўцы, напрыклад, у спалучэнні  народных інструментаў з электроннай музыкай ці “Лявоніхі” ў стылі дыска, будзе выклікаць цікавасць. Таму трэба шукаць новыя формы спалучэння спадчыны і сучаснасці. Будзе арыгінальна – будуць слухаць”.

Зразумела, што для захавання нематэрыяльнай спадчыны патрэбныя матэрыяльныя сродкі. Але наколькі наш бізнес гатовы падтрымліваць гэты напрамак? На думку Вячаслава СМІРНОВА, кіраўніка аддзела карпаратыўных камунікацый мабільнага аператара velcom, гэта перспектыўная дзейнасць: “Нематэрыяльная культура - неад’емная частка нацыянальнай самасвядомасці, нават у пэўным сэнсе падсвядомасці народа. Яе, вядома, трэба ўлічваць у розных сферах дзейнасці, тым больш у бізнесе, які ахоплівае вялікую колькасць жыхароў краіны. velcom – адна з буйных кампаній, якая звяртаецца фактычна да ўсіх беларусаў. Гэта паўплывала на выбар аднаго з асноўных напрамкаў нашай карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці – падтрымкі праектаў, звязаных з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. Напрыклад, мы з радасцю падтрымалі праект “АіФ” «Краязнаўчая казка», бо гэта магчымасць дакрануцца да народнай мудрасці і роднага слова дзякуючы сучасным тэхналогіям з дапамогай вядомых асоб. У пачатку верасня кампакт-дыск з запісам 10 казак, сярод якіх ёсць гісторыя пра Брэст, мы перадалі брэсцкім школам і гімназіям, якія ўдзельнічаюць у нашым сацыяльным адукацыйным праекце «Чытаем па-беларуску з velcom». Як піяршчык дадам, што трэба рабіць артэфакты цікавымі. Тады будзе расці і натуральны попыт на вывучэнне спадчыны”, - лічыць эксперт. 

ДАРЭЧЫ

Як паведамила Наталля Хвір, на ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва прэтэндуе «Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай».

Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай
Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай Фото: catholic.by

Гэту намінацыю ад Беларусі Міжурадавы камітэт нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА будзе разглядаць у канцы лістапада гэтага года. Гомельскі выканкам лічыць мэтазгодным уключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (таксама адзін са спісаў ЮНЕСКА) элемента «Юр’еўскі карагод» у в. Пагост Жыткавічскага раёна. Намінуецца ў спіс сусветнай спадчыны дасье «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай на прыкладзе Сафійскага сабора ў Полацку».

Штотыднёвік «Аргументы і факты» ў Беларусі выказвае падзяку мабільнаму аператару VELCOM і радыё "Мір" за падтрымку праекта «Краязнаўчая казка ад «АіФ».

 
Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно