2542

«Краязнаўчая казка» ад «АіФ». Штотыднёвік запісаў аўдыёверсію родных казак

№ 27 от 5 июля 2016 года 05/07/2016

Датай заснавання многіх гарадоў, у тым ліку беларускіх, лічаць дату першай згадкi ў старажытных летапісах. Але летапісцы мінулых часоў звычайна згадвалі гарады, калі яны ўжо сталі развітымі цэнтрамі - ваеннымі, эканамічнымі, культурнымі, рэлігійнымі і г.д. А што ж было дагэтуль? Хто і калі заснаваў нашыя гарады і мястэчкі і адкуль пайшлі іх назвы? КIм былі першыя жыхары?

Менавіта гэтымі пытаннямі і задалася рэдакцыя штотыднёвіка «Аргументы і факты». Некалькі гадоў таму мы прапанавалі чытачам даслаць цікавыя гісторыі, міфы, казкі, якія могуць раскрыць таямніцу ўзнікнення гарадоў і іншых геаграфічных пунктаў. Бо ўспаміны нашага народа пра былыя часы захаваліся ў вусных народных паданнях і казках. Нашы чытачы жыва адгукнуліся на заклік! Так на старонках выдання з'явілася рубрыка «Краязнаўчая казка».

kazki-rodnaga-krau

За мінуўшыя гады мы апублікавалі не адзін дзясятак казак пра тое, як узніклі Браслаў, Дуброўна, Смаляны, Лепель, Мсціслаўль, Гродна, Мазыр, Брэст, Лагойск і іншыя гарады, чаму мінскую раку называюць Свіслач і куды знікла мінская рэчка пад назвай Пярэспа.

Мы даведаліся, што Лепелю дала назву балцкая народнасць. Браслаў быў названы ў гонар князя Брачыслава Ізяславіча, бацькі таго самага Усяслава Чарадзея, а Смаляны - у гонар дзяўчыны, чый бацька быў смалакурам. Казкі беларускага народа расказваюць не толькі пра гісторыю, але і пра традыцыі, старажытныя вераванні, культуру продкаў сучасных беларусаў. А ці можна звацца беларусам без гэтых ведаў?

Галасы продкаў

У Год культуры мы вырашылі, што галасы нашых продкаў не могуць змоўкнуць назаўсёды і што казкі павінны гучаць і перадавацца далей з вуснаў у вусны. Мы запрасілі да ўдзелу ў праекце 10 вядомых асобаў, якія сталі галасамі «Краязнаўчых казак» «АіФ».

У праекце прынялі ўдзел Сяржук Доўгушаў - спявак, музыка (этна-гурт «VuRaj», сацыяльны праект «Спеўны сход»), Іван Кірчук - лідар этна-трыа «Троіца», Іван Падрэз - вядучы Агульнанацыянальнага тэлебачання, спявачка Рэспублiка Паліна, Руся - спявачка гурта «Shuma», Андрусь Такінданг - мастак, музыка гурта «Recha», Святлана Цімохіна - актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, а таксама акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы: Раман Падаляка, актрыса і тэлевядучая канала «СТВ» Юлія Шпілеўская, актрыса і лідар гурта «S°unduk» Ганна Хітрык.

Падзяка сябрам

Праект стаў магчымым дзякуючы падтрымцы мабільнага аператара velcom. «Рэалізацыя праектаў, звязаных з нацыянальнай самасвядомасцю, – адзін з галоўных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom. Мы з радасцю падтрымалі «Краязнаўчыя казкі», бо гэта магчымасць дакрануцца да народнай мудрасці і роднага слова дзякуючы сучасным тэхналогіям і з дапамогай вядомых беларускіх музыкаў, акцёраў і тэлевядучых, - адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў СМІРНОЎ. - Мы ўпэўненыя, што гэты праект будзе цікавы шырокаму колу чытачоў і слухачоў, асабліва ў тых гарадах, якім прысвечаны гісторыі».

Таксама праект падтрымала радыёстанцыя «Мір», дзе і праходзіў асноўны гуказапісвальны працэс. «Радыё «Мір» слухаюць жыхары ўсіх абласцей Беларусі, - падзяліўся дырэктар Прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Рэспубліцы Беларусь Уладзімір ПЯРЦОЎ. - На жаль, не ўсе
ведаюць гісторыю сваіх родных мясцін. Кожны горад, як і кожны чалавек, мае імя, узрост, летапіс падзей і захоўвае сваю культуру. Мы з задавальненнем прынялі ўдзел у праекце ў гэты асаблівы год, аб'яўлены ў нашай краіне Годам культуры, і спадзяемся, што гісторыі гарадоў, якія прадстаўлены ў выглядзе краязнаўчых казак, будуць цікавыя беларусам».

Пачынаючы з 5 ліпеня штотыдзень па аўторках на сайце kazka.aif.by будзе даступная новая казка з 10 агучаных. Аўдыёверсію можна праслухаць або спампаваць.

Аднак на гэтым рубрыка не зачыняецца. Мы, як і раней, чакаем ад сваіх чытачоў новых легенд, паданняў і міфаў пра нашых продкаў і зямлю беларускую.

Дасылайце творчыя лісты па адрасе: Мінск, 220013, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, рэдакцыя «АіФ», на электронны адрас:
anna.kruchkova@aif.by.

Каманда штотыднёвіка
«Аргументы і факты»

kazka1

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно