4639

«Актору 007» Генадзю Гарбуку споўнілася 80 гадоў!

№ 31 от 30 июля 2014 года 30/07/2014

31-25-3
  • «Актор 007» (так называюць яго ў тэатральным коле, бо медаль, уручаны Генадзю Гарбуку як Дзяржпрэмія, быў пазначаны менавіта такім нумарам) нарадзіўся ў вёсцы Глыбачка Ушачскага района. У верасні 1941 года ён павінен быў пайсці ў школу, але сеў за парту толькі пасля вайны. Потым стаў адзіным хлопчыкам у школьным танцавальным ансамблі, нават кіраваў гуртком самадзейнасці. І, нягледзячы на гэта, хацеў усё ж такі быць урачом, геолагам ці лётчыкам. Але стаў вучнем Дзмітрыя Арлова ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
  • Першы выхад на купалаўскую сцэну стаў крывавым у прамым сэнсе слова – артыст прабіў цвіком нагу, калі, сыграўшы ў масоўцы спектакля «Паўлінка», ішоў па лесвіцы за кулісамi. Безумоўна, знакавай для артыста стала роля, нават ролі, у «Людзях на балоце» – спачатку Васіль Дзятлік у аднайменным тэлеспектаклі, затым у пастаноўцы Барыса Эрына на купалаўскай сцэне, а потым яшчэ і бацька Ганны Цімох Чарнушка ў фільме Віктара Турава. Менавіта за выкананне ролі Васіля ў тэлевізійным спектаклі ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1966 год), за выкананне ролі Чарнушкі ў мастацкім фільме Турава – Дзяржаўнай прэміяй СССР (1984).
  • Першая роля Генадзя Гарбука ў вялікім кіно – камандзір партызанскага атрада ў «Паланэзе Агінскага» Льва Голуба ў 1971 годзе. Але вядомым ва ўсім Саюзе артыст стаў пасля выхаду ў 1983 годзе на экраны камедыі, якая ўжо даўно атрымала статус народнай: «Белыя росы», дзе ён выканаў ролю старэйшага сына ў сям’і Ходасаў - Андрэя.
  • Генадзь Міхайлавіч – адзін з нямногіх беларускіх артыстаў, што здымаліся ў Парыжы. У 1987 годзе разам з Інакенціем Смактуноўскім і Леанідам Бранявым Генадзь Гарбук удзельнічаў там у здымках фільма Тамары Лісіцыян «Загадкавы спадчыннік». А стужка Міхаіла Пташука «Знак бяды», дзе акцёр сыграў Петрака, увайшла ў першую дзясятку еўрапейскіх фільмаў пра вайну: партрэт Генадзя Гарбука з’явіўся ў Лонданскім музеі кінамастацтва.
  • Сёння яго імя сустракаецца амаль у кожнай афішы  купалаўскіх спектакляў - Дзед Курыла ў «Сымоне-музыку». Мікіта ў «Вечары». Ціхон Пратасавіцкі ў «Пінскай шляхце». Еўдакім Захаравіч Жыгалаў у «Вяселлі». Кучэра ў спектаклі «Не мой». Чарнушка ў «Людзях на балоце». Палкоўнік у спектаклі «Лістапад. Андэрсен». Зараз Генадзь Міхайлавіч заняты на рэпетыцыях новай пастаноўкі «Тата», прэм’ера якой адбудзецца восенню 2014 года.

Свой юбілей на тэатральнай сцэне народны артыст адзначыць у верасні творчым вечарам «Песні майго жыцця» дзе публіка ўбачыць яго - i не ў першы раз - як спевака.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно