1943

У свет выйшаў дыск, які расказвае аб святкаванні вяселля нашымі продкамі

Дыск «Вясельныя песні і найгрышы» быў запісаны ў экспедыцыях беларускім паэтам і краязнаўцам Сяргеям Панізнікам у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

У сучасным грамадстве вяселле святкуюць па-рознаму: катаюцца на лімузінах, выкупаюць нявесту, выпускаюць белых галубоў, замаўляюць рэстаран, запрашаюць 150 гасцей альбо проста едуць удвох адпачываць на мора. А як было раней? Як святкавалі вяселле нашыя бабулі і дзядулі, прабабулі і прадзядулі?

Даведацца пра гэта можна з дапамогай дыска «Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў». Дыск складаецца з вясельных песень і найгрышаў, якія былі запісаныя ў экспедыцыях беларускім паэтам і краязнаўцам Сяргеям Панізнікам у 1968-1969 гадах у Міёрскім раёне Віцебскай вобласці (вёскі Лявонпаль, Бабышкі, Даўгінава).  Гэтыя песні спявалі больш за паўстагоддзя таму, з імі святкавалі вяселлі, іх перадавалі з вуснаў у вусны.

Дыск дапоўнены брашурай, у якой даюцца тлумачэнні этапаў цырымоніі вяселля, і кожны этап суправаджаецца песняй: апрананне нявесты і жаніха, расчэсванне касы нявесты, бласлаўленне і адорванне нявесты і жаніха, зборы і паездка жаніха за нявестай, чаканне прыезда жаніха і яго сустрэча ў хаце нявесты.

У брашуры ёсць усе тэксты песень, а таксама каментары кандыдата мастацтвазнаўства Таццяны Бярковіч.

Дыск з’яўляецца ўнікальным, таму што частка песень была запісана ў аўтэнтычных умовах: на сапраўдным вяселлі Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, якое адбывалася ў Лявонпалі 18-19 жніўня 1969 года. На кружэлцы найгрышы змешчаны менавіта ў тым парадку, у якім яны гучалі на свяце. Там ёсць і застольныя песні, і мелодыі для танцаў: полькі, вальсы, кракавяк.

Вяселле Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, якое адбывалася ў Лявонпалі 18-19 жніўня 1969 года.
Вяселле Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, якое адбывалася ў Лявонпалі 18-19 жніўня 1969 года.  Фото автора

Аўтар і кіраўнік праекта – Сяржук Доўгушаў. Мастэрынг зрабіў гукарэжысер Сяргей Багданаў, дызайн – Аляксей Кульбіцкі.

Выданне здзейснена пры падтрымцы Андрэя Гайко (Прага).

«Вясельнае выданне» дапоўнена прыгожымі здымкамі, зробленымі Сяргеям Панізнікам у жніўні 1969-га. Кружэлка спадабаецца навукоўцам, энтографам, усім, хто цікавіцца стражытнымі абрадамі і традыцыямі, і, канешне, маладзёнам, якія хочуць зрабіць сваё вяселле ў старажытнабеларускім стылі. Брашура перакладзена на англійскую мову, таму можа паслужыць добрым падарункам для замежнікаў.

Прэзентацыя дыску адбылася 4 верасня на радзіме Сяргея Панізніка. Набыць дыск «Вясельныя песні і найгрышы» можна ў этна-краме «Рагна», у крамах symbal.by і prastora.by.

З нагоды выхаду дыску Сяргей Доўгушаў ладзіць паўнавартасны вясельны абрад, дзе будзе адноўленая атмасфера вясковага вяселля: прагучаць застольныя песні і танцавальныя мелодыі, а таксама пройдзе майстар-клас па танцах. Дзея адбудзецца ў 15.00 10 верасня ля «Беларускай карчмы» на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, падчас фэсту «Камяніца».

Сяржук Доўгушаў таксама стаў удзельнікам аўдыёпраекта штотыднёвіка «Аргументы і факты» «Краязнаўчая казка», у рамках якога 10 знакамітых беларусаў агучылі казкі чытачоў выдання аб родным краі. Аўдыёказкі можна спампаваць і праслухаць на сайце https://kazka.aif.by/

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно