10991

Сакрэты гаспадыні. Хатнія парады ад нашых продкаў

№ 42 от 14 октября 2014 года 14/10/2014

«АіФ» ужо публікаваў сельскагаспадарчыя парады з «Літоўскай гаспадыні» - хатняй энцыклапедыі, якую для нашых продкаў склала Ганна Цюндзявіцкая. Кніга была надрукавана ў 1848 годзе і потым пяць разоў перавыдавалася.

Захаванне нерухомасцi

Статья по теме
Цукар для пацукоў. Дачныя парады з XIX стагоддзя
427cb6fef2e410472e7a84ecf0560619_L

Як захоўваць усялякую рухомую маёмасць у зямлі доўгі час.

У 1812 годзе, калі шмат сем’яў страціла ўвесь свой набытак у выніку рабаванняў, наш скарб збярогся ў зямлі да вясны і быў ніколькі не пашкоджаны: ні ад вільгаці, ні ад молі. У сухім пясчаным высокім месцы, дзе меўся сцёк для вільгаці, мы павыкопвалі ямы і абклалі іх вакол бяростай, менавіта карой і лубам. Потым насыпалі туды сухога жыта з сушылкі і ў яго паставілі скрыні з бялізнай, вопраткай і футрам так, каб посуд непасрэдна не дакранаўся да зямлі.

Паколькі скрыні скрозь аддзяляюцца тоўстым слоем жыта, якое ўсмоктвае ўсю вільгаць і не дапускае яе да рэчаў, яны гэткім чынам могуць ляжаць без пашкоджання больш года. Трэба толькі вопратку перад пакаваннем добра прасушыць і перасыпаць сухім хмелем, камфарай і перцам. Гэта асабліва датычыць футра.

Такія ямы яшчэ лепш рабіць пад дахам.

P.S. З прадуктаў у нас толькі масла ў сховішчы сапсавалася, бо, страціўшы расол, з’ялчэла. Вяндліна таксама перасохла, але была прыдатная для ўжывання. А калі сухое жыта выцягнула ўсю вільгаць з масла і вяндліны, дык зразумела, што ў бялізне і іншых рэчах яе не засталося.

Іншы спосаб рыхтаваць ямы. Капаюць іх у гліне, напаўняюць сухімі дрывамі і запальваюць. Калі дровы згараць напалову, гасяць агонь дзірваном і, ачысціўшы ямы ад попелу, пакідаюць іх адкрытымі, каб лепш прасохлі. Трэба засцерагацца, каб туды не трапілі вада і дождж. Як гліна зноў робіцца сырая, паўтараюць выпальванне. Толькі на выпадак дажджу яму належыць шчыльна накрываць ўхілам.

P.S. Для першага і другога віду ям выбіраюць месцы з нахілам.

Мыццё пер’я. Старую пасцель льга ачысціць наступным чынам. Перасыпаюць пер’е падушак ці пярын у палатняныя мяшкі, апускаюць іх па чарзе ў вялікі кацёл з варам з мыльнай вады, і кіпяцяць адну гадзіну, штурхаючы мяшок, каб не прыстаў да катла. Затым вымаюць, змяшчаюць у ванну, заліваюць свежай вадой, моцна выціскаюць і палошчуць яшчэ ў дзвюх свежых водах. Тое ж робяць і з іншымі мяшкамі. Прамытае пер’е раскладваюць на сталах ці на чыстай падлозе на гары і пераварочваюць увесь час граблямі, пакуль цалкам не прасохне. Потым выносяць на некалькі дзён на сонца, выбіваюць палачкамі, каб зрабілася пышным. Нарэшце яго перабіраюць і ўсыпаюць у свежыя навалочкі.

P.S. Пер’ем напаўняюць мяшкі няшчыльна.

Выдаленне плямаў

Як выдаляць плямы ад іржы з бялізны. Забруджаныя месцы праціраюць лімонам, мыюць з мылам ці насыпа-юць на замочаную пляму тоўсты слой солі шчаўевай кіслаты і трымаюць над парай, над самаварам, напрыклад. Соль часта і моцна расціраюць, а добра распарыўшы, труць аб талерку з волава – так акісляюць жалезную іржу. Пасля рэч палошчуць у гарачай вадзе, паўтараюць да выдалення плям. Нарэшце мыюць вадой з мылам. Як гэта не дапаможа, намазваюць пляму маслам і паўгадзіны ў гарачым месцы захоўваюць тлушч у вадкім стане, дадаючы па патрэбе. Пасля яго выціраюць. Калі ж пляма засталася, замочваюць яе вадой з сернай кіслатой, выціскаюць, змачыўшы мяккай вадой, адразу прасуюць.

Альбо замест сернай кіслаты даліваюць у ваду адну дванаццатую частку салянай (гідрахларыду). Але пасля кожнага раствору адразу мыюць бялізну ў халоднай вадзе, бо кіслоты надта едкія, таму і ўжываюць іх толькі ў крайнім выпадку.

Добра выводзіць плямы і наступным спосабам. На ўвільготненае месца сыплюць парашок віннага каменю, трымаюць яго некаторы час, расціраюць на пляме, а потым мыюць з мылам.

Як выводзіць плямы ад чарніла.

Гэтак, як і ад іржы. Пасыпаюць соллю шчаўевай кіслаты ці свежую пляму паліваюць лімонным сокам. Калі соль адразу не выдаліць чарніла, яшчэ раз сыплюць яе, кожны раз моцна расціраючы на пляме. Замочваюць тканіну так, каб яна ўсмактала ўсю ваду, а потым мыюць з мылам.

Раствор солі шчаўевай кіслаты з вадой, разагрэты ў лыжачцы з волава, будзе яшчэ больш дзейсны.

Як выводзіць з бялізны плямы ад чырвонага віна і садавіны.

Іх намазваюць маслам ці замочваюць, пакуль свежыя, у салодкім малацэ. Калі пасля мыцця не знікнуць, шчаўевую соль, пра якую гаварылася вышэй, чым мацней расціраюць на пляме і надоўга пакідаюць так. Затым мыюць рэч з мылам.

Льга таксама закіпяціць соль, дадаўшы трохі мяккай вады, у бляшанай лыжцы, і той раствор нанесці на плямы. Альбо, старанна замыўшы іх мылам, злёгку змачыць хлорыстым натрыем, а потым добра вымыць з мылам. Паколькі хлор едкі, лепш спачатку ўжываць соль шчаўевай кіслаты, і хіба што ў крайнім выпадку выкарыстоўваюць хлор.

Ці, змачыўшы адразу плямы вадой, запальваюць на маленькай жароўні серу і над газам, які выдзяляецца, трымаюць заплямелую частку бялізны на даволі вялікай адлегласці.

Выдаленне плям ад дзёгцю і смалы.

Надзейней за ўсё выводзяцца свежым несалёным маслам. Аднак тое прыгодна толькі для рэчаў, з каторых пасля лёгка выдаліць плямы з тлушчу. У іншых жа выпадках дапамагае самы моцны спірт. З бялізны такія плямы вымываюць спачатку звычайным мылам, а потым растворам шчаўевай солі.

Як выдалiць тлушч

Як выдаляць з сукна і тканіны плямы ад воску і смалы.

Калі воск усмактаўся так моцна, што яго нельга выкрышыць, трэба нанесці на яго моцны спірт, тройчы перагнаны, і тады ён, напэўна, выкрышыцца. Можна гэта па патрэбе паўтарыць. Як воск выйдзе, належыць пакласці заплямленую рэч на калена і моцна выціраць яе ватай, пакуль тая ўвесь тлушч не выцягне.

Спірт колеру не шкодзіць. Смаляныя плямы выводзяцца такім жа чынам.

Як выводзіць плямы ад тлушчу.

На шэрсць і бавоўну наносяць жаўток, потым накрываюць белым кавалкам тканіны, паліваюць гарачай вадой, расціраюць і выціскаюць увесь час толькі праз сурвэтку. Паўтараюць гэта два ці тры разы, а потым мыюць.

З тканіны ж нельга інакш выдаліць плямы, як пасыпаць іх талькам і прасаваць, накрыўшы паперай, на стале, засланым сукном. Ці выціраць плямы, пакуль яны свежыя, ватай і разарванай напалам картай, але менавіта паклаўшы на што-небудзь цёплае, напрыклад на калена, бо ад моцнага трэння і цяпла знізу тлушч растане і лепш усмокчацца ў вату.

Можна таксама пасыпаць пляму мелам, накрыць прамакальнай паперай і па ёй вадзіць гарачым прасам, часта зменьваючы паперу, каб рэч пад ёй не загарэлася.

Шкіпінарны алей выводзіць тлушч, але трэба толькі сачыць за тым, каб ён не разышоўся за межы плямы і не забрудзіў тканіну.

Найлепш, калі нешта тлустае трапіла на шаўковую ці шарсцяную тканіну, адразу выпаласкаць яе халоднай вадой. Пры гэтым рэч трымаюць вертыкальна і толькі паліваюць вадой, нічым не выціраючы, а пасля, моцна страпянуўшы, даюць прасохнуць. Рэшткі тлушчу выдаляюць ватай. Калі вада сцякла добра, дык пэўна ніякіх плям не будзе.

Льга яшчэ густа развесці пшанічны крухмал халоднай вадой, нанесці яго злёгку на плямы, накрыць зверху прамакальнай паперай і прасаваць, часта зменьваючы яе на іншую.

Альбо можна палажыць на плямы жаўток сырога яйка, высушыць каля агню, потым жаўток выкрышыць. Так паўтарыць некалькі разоў.

Як выдаляць плямы ад тлушчу на падлозе.

Расцёртую гліну разводзяць з вадой, як кашу, і намазваюць ёю на ноч плямы перад мыццём падлогі. Назаўтра мыюць і шаруюць з гарачым попелам і варам. Калі адразу не дапаможа, паўтараюць яшчэ колькі разоў.

Па матэрыялах кнігі «Літоўская гаспадыня»

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно