94356

Цукар для пацукоў. Дачныя парады з XIX стагоддзя

№ 18 от 30 апреля 2014 года 30/04/2014

 

Як пазбавіцца ад молі, што гняздзіцца ў матрацах

Ніяк іначай зрабіць тое нельга, акрамя як высушыць лямец на сонцы, выбіць яго, а потым выварыць у вадзе, дадаўшы солі і горкага палыну. Пасля неабходна зноў прасушыць лямец найлепшым чынам.

Першае пакрыццё, менавіта насыпкі для матрацаў, робяць з грубага палатна, вымытага ў добра пасоленым адвары горкага палыну. Тканіну моцна націраюць воскам і злёгку праводзяць па ёй гарачым прасам. Моль ужо не затрымаецца ў так апрацаваных матрацах, бо соль і палын будуць яе адганяць.

Як пазбавіцца ад насякомых у свіране

У ніжнія часткі засекаў кідаюць свежыя галінкі белага аптэкарскага бэзу і, насыпаючы зерне, перакладваюць яго праз кожныя два футы слаямі тых жа галінак няшчыльна. Гэта неабходна рабіць па магчымасці ў апошняй фазе месяца.

І хмель адганяе насякомых, таму варта класці яго ў свіране.

Сцены памяшкання мыюць адварам з альховых лістоў і тытуню, потым бе-ляць вапнай, а ўсе шчыліны замазваюць дзёгцем. Праветрываюць будынкі, адчыняючы на доўгі час супрацьлеглыя вокны і дзверы. Засекі мыюць тым жа адварам.

Як атручваць пацукоў

Першы спосаб. Адзін фунт1 мыш’яку дробна таўкуць і прасейваюць праз сіта, закрываючы яго палатном, каб пыл не далятаў да таго, хто прасейвае, дабаўля-
юць тры чвэрці фунта патоўчанага цукру, паўтара фунта пшанічнай мукі і перамешваюць. Частку сумесі сыплюць ва ўсе вуглы і шчыліны, а з рэшткаў робяць галачкі, папярэдне дадаўшы масла, каб утварылася аднародная маса. Галачкі раскладваюць асцярожна - каб іх не знайшлі сабакі ці куры, а таксама каб самі пацукі не зацягнулі ў нейкія прадукты, што стаяць нізка ненакрытыя.

Другі спосаб. Чатыры лоты2 цукру, адзін лот пшанічнай мукі, два лоты насення сабадылы3 змяшаць са сланечнікавым алеем ці каровіным маслам і, заляпаўшы галачкі, раскідаць іх у розных месцах.

Трэці спосаб. Разрэзаную на кавалкі цяляціну добра смажаць на тлушчы з цыбуляй, пасыпаюць свежай кучалябай і, старанна размяшаўшы, кладуць кучкамі там, дзе больш за ўсё ходзяць пацукі.

Чацвёрты спосаб. Адзін лот фосфару скрабуць у цёплай вадзе, трымаючы ў ёй увесь час пальцы, аднак каб іх не апячы. У гэтай жа вадзе разводзяць дзве кварты4 ці трохі больш пшанічнай мукі, дадаўшы чвэрць фунта цукру і столькі ж растопленага свінога тлушчу. Атрыманай масай абмазваюць паперу і заклейваюць ёю норы пацукоў. Атрута будзе дзейсная, пакуль не скісне, таму яе захоўваюць у холадзе.

Яшчэ пацукоў выганяюць з хаты, накідаўшы касталому5, назбіранага ў пачатку лета. Жывёліны не пераносяць гэтага паху і ўцякаюць з хаты, але тады пераходзяць у бліжэйшыя будынкі. Таму ўсюды неабходна падрыхтавацца да іх з’яўлення. Багуну6 яны таксама баяцца.

Пяты спосаб. Паўфунта пшанічнай мукі, столькі ж свінога тлушчу і адну неразрэзаную цыбуліну вараць у тыглі7. Калі астыне, дабаўляюць тры восьмыя часткі фунта нягашанай вапны і чвэрць фунта працёртых каранёў чорнай чамярыцы, два лоты цукру, чатыры лоты патоўчанага ў парашок шкла, адзін лот свежай, таксама здробленай у парашок кучалябы8 і зноў столькі, як і раней, свінога тлушчу. Няхай усё гатуецца на маленькім агні, а калі маса астыне, з яе робяць галачкі і раскідаюць іх, дзе патрэбна.

Як знішчыць палявых мышэй

Гэты звярок выкопвае сабе норы над каранямі дрэў, паядае гародніну, пасаджаную на насенне, і ўсялякае зерне, чым прыносіць значную шкоду садам і агародам. Пазбаўляюцца ад мышэй пры дапамозе пастак ці атручваюць наступным чынам. Жоўтую моркву, парэзаную на кавалкі, складваюць слаямі на трывалай паперы, перасыпаючы дробным парашком мыш’яку, закручваюць, абвязваюць вяроўкай і зверху моцна топчуць, каб морква насыцілася атрутай, а потым кладуць яе па тры ці чатыры кавалкі ў норы.

Як знішчаюць кратоў

Першы спосаб. Лягчэй за ўсё вылоўліваць іх пасткамі, знарок дзеля таго зробленымі. Альбо так. Злёгку націскваючы нагой на свежую кратовую кучку, стаць супраць ветру. Заўважыўшы, што звярок узяўся яе папраўляць і зямля рухаецца, неабходна раптам падрэзаць яго рыдлёўкай і выкінуць разам з глебай.

Другі спосаб. Вараных ракаў кладуць як мага глыбей у норы. Іх смурод надоўга прагоніць кратоў. У гэтым я сама ўпэўнілася.

Трэці спосаб. Нашы сяляне абтыкаюць зрэзанымі галінкамі рабіны тыя месцы, адкуль маюць намер выгнаць кратоў.

Чацвёрты спосаб. У кратовыя дзіркі насыпаюць па лыжцы нягашанай вапны, пакрываюць зямлёй і трамбуюць. Калі звярок пачне рыць, вапна трапляе яму ў нос ці горла і атручвае яго. Рабіць гэта належыць толькі ў ясны дзень, каб вільгасць не пагасіла вапну.

Пяты спосаб. Разраза-
юць уздоўж земляных глістоў і перасыпаюць іх у гаршку свежай кучалябай. Дваццаць чатыры гадзіны трымаюць, перамешваючы, а потым па некалькі чарвякоў закопва-
юць у кратовыя ямы.

Шосты спосаб. Італьянскія арэхі без шалупіння вараць разам са жменяй зелля цыкуты паўтары гадзіны, а потым кладуць ў кратовыя дзіркі.

Сёмы спосаб. У кожную нару змяшчаюць камфару памерам з боб.

Як звесці блох

Пасыпаюць ложак персідскім парашком9 ці высцілаюць падлогу горкім палыном, які штодзённа вымятаюць і насцілаюць свежы.

Як знішчыць прусакоў і тараканаў

Першы спосаб. Паўфунта патоўчанага і прасеянага мыш’яку, чвэрць фунта цукру, таксама прасеянага, паўфунта пшанічнай мукі змяшаць і гэтым парашком пасыпаць тыя месцы, дзе насякомыя часцей за ўсё збіраюцца, менавіта ў печах, комінах і г.д.

Другі спосаб. Карані белага вадзянога гарлачыка, высушаныя і патоўчаныя, дабаўляюць у гарачае малако з цукрам і ставяць на плоскіх талерках на печы, вокнах і г.д. Ці сыплюць парашок кольбату на канцы нажа ў малако з цукрам.

Трэці спосаб. Зварыць у мяккай вадзе гарох, раз-мяць яго, дадаць падсмажаную саланіну і з ёю яшчэ раз расцерці. Калі ўсё астыне, прамяшаць ртуць і церці так доўга, пакуль жывога срэбра не будзе бачна. Тады разлажыць масу ў плазаватыя міскі і паставіць, дзе патрэбна.

Згаданыя спосабы знішчаюць насякомых, але самы дзейсны і надзейны - першы. Толькі неабходна атручаных насякомых спальваць, а не высыпаць туды, дзе іх можа з’есці птушка, бо не сумленна і яна атруціцца.

Як труціць мух

Першы спосаб. Кавалак горкага дрэва Lignum quasia кіпяцяць у вадзе, потым усыпаюць туды трохі цукру. Ставяць адвар на вокнах і печах. Льга быць упэўненым, што ўсе мухі паздыхаюць.

Другі спосаб. Англійскі перац, звараны ў малацэ і асалоджаны, добра атручвае насякомых.

Трэці спосаб. Адварыць разам лісты бэзу, кміну і чабору і тым адварам апырскаць падлогу і сцены. Мухі пачнуць не толькі мерці, але і вылятаць з хаты.

Ніколі не адчыняйце вокны, не заставіўшы іх рамамі з нацягнутым цюлем ці рэдкім муслінам. Нельга таксама ўносіць ежу ў пакоі, якія пажадана захаваць ад мух.

 

Да Тэмы

Кніга «Літоўская гаспадыня, ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні скаціны, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам, найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым» была выдадзена ў 1848 годзе ў Вільні. У кнізе змешчаныя 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў, інгрэдыенты да якіх можна было знайсці ў беларускай вёсцы ці на кірмашы. Кніга была надзвычай папулярнай, але аўтар - Ганна Цюндзявіцкая - пажадала застацца ананімнай.

Слоўнік гаспадыні

1Фунт - 374,82 г

2Лот - 11,71 г

3Сабадыла - паўднёва-амерыканская расліна, насенне якой выкарыстоўваецца ў фармацэўтыцы і медыцыне.

4Кварта - 0,7 л

5Касталом (бел.) - чернокорень.

6Багун (бел.) - багульник.

7Тыгель - посуд для высушвання, спальвання ці плаўлення матэрыялаў.

8Кучаляба (бел.) - вороний глаз

9Персідскі парашок - парашок для звядзення блох.

 

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно