19940

Як студэнты вяртаюць народныя традыцыі

№ 13 от 26 марта 2014 года 26/03/2014

Бацькі забылі - мы адновім

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства ўтварылася ў 1998 годзе ў Мінску. Маладыя людзі пастанавілі: стаць пераемнікамі традыцыйнай культуры. Паколькі бацькі большасці маладзёнаў ад вёскі даўно адракліся і традыцыйнай культурай не цікавяцца, шукаць свае карані давялося з дапамогай бабуль і дзядуль.

- Вяскоўцы адміраюць, а дзеці гэтых людзей з большага гарадскія. Таму людзі 40-50 гадоў, якія, можа, і нарадзіліся ў вёсках, - страчанае пакаленне. У нас жа няма комплексу вясковасці. Фактычна зараз горад аддае даніну вёсцы.

Па словах Яўгена, Беларусь адрозніваецца ад іншых краін Еўропы тым, што ў нас захавалася шмат фактычнага фальклору, рамёстваў - традыцыйнай культуры ў прынцыпе. Дагэтуль у экспедыцыях можна запісаць песні, якія каранямі сягаюць у сівое Сярэднявечча і нават ранейшыя часы. Ніхто не вызначыў час узнікнення гэтых песень. Яны маглі існаваць тысячагоддзямі. Таму ў адрозненне ад нашых суседзяў, якія вымушаны займацца рэканструкцыяй і аднаўленнем культурнай спадчыны, у беларусаў ёсць магчымасць навучыцца традыцыйным рамёствам, песням і танцам ад жывых людзей.

- Навучыцца, прыняць для сябе і пусціць праз сябе, - тлумачыць Яўген. - Пачаць з гэтым жыць і ў гэтым жыць. Толькі тады мы можам казаць, што традыцыя будзе існаваць. Адзіныя, на каго мы можам разлічваць, - гэта мы самі. Калі яно застанецца жыць у нас, ясна, што будзе трошкі іншае, трошкі змененае, але будзе працягам традыцыі.

Позняя ўрбанізацыя

Чаму ў Беларусі ўсё гэта захавалася? Прычына ў позняй урбанізацыі. Яшчэ да 1960-х гадоў, калі сяляне, якім не выдавалі пашпартоў, былі фактычна прывязаны да сваіх вёсак, краіна заставалася аграрнай. Гэта спрыяла захаванню ўсведамлення чалавекам сябе як часткі прыроды, імкнення каардынаваць сваё жыццё з каляндарнымі зменамі ў прыродзе. Але ўжо з 1960-х гадоў пачаўся масавы адток людзей у гарады. Вось чаму дагэтуль можна збіраць фальклорны матэрыял ад першакрыніц.

- І калі мяне пытаюць, чым беларускім я ганаруся, я адказваю: 40 тамамі этнаграфічнага зборніка «Беларуская народная творчасць».

Фальклор у Беларусі захаваўся таксама і дзякуючы нашай тутэйшасці - замкнёнасці і насцярожанасці да чужакоў.

- З начальствам людзі размаўлялі па-руску ці па-польску, а рэчы, якія ім перадавалі бабуля і матуля, яны захоўвалі ў сябе.

Але ў той час, калі ў старых вясковых хатах можна знайсці старадаўнія рушнікі, многія людзі, не ведаючы іх каштоўнасці, выкарыстоўваюць іх як прыкладку для тлустых патэльняў ці проста выкідаюць на сметнік.

- Колькі разоў даводзілася чуць: бабка памерла - прыехалі сваякі і спалілі ўсе, што было: рушнікі, кашулі, - кажа Яўген. - Гараджане ў першым пакаленні, тыя, хто не шануе гэтую вёску ніяк.

Архіў вялікі, але не апублікаваны

Штогод сябры СЭТ адпраўляюцца ў экспедыцыі па розных раёнах Беларусі. Зрабіўшы базу ў адной са старых хат (пра гэта дамаўляюцца з мясцовымі ўладамі), удзельнікі экспедыцыі малымі групамі штодня абыходзяць розныя вёскі, распытваючы мясцовых жыхароў пра старыя спевы і танцы. Пры гэтым даследчыкі не дыстантуюцца ад мясцовых, таму што намагаюцца не столькі зафіксаваць, колькі пераняць традыцыю.

- Шмат людзей спяваюць традыцыйныя песні. І яны ездзяць у экспедыцыі таксама і для таго, каб пасядзець і паспяваць разам з бабулямі. Гэта вельмі каштоўны досвед.

І хоць у зборніку «Беларуская народная творчасць» запісаны шмат якія абрады і песні, экспедыцыі даюць уяўленне пра іх распаўсюджанне і мясцовыя вырыяцыі. І такіх аўдыёзапісаў назапашана ўжо не на адно выданне. Але праз недахоп фінансавых сродкаў гэтыя матэрыялы пакуль захоўваюцца ў архівах СЭТ і нідзе не выдаюцца.

- Мы прапаноўвалі Міністэрству культуры апублікаваць наш архіў па раёнах. Мы хочам, каб запісы, якія мы сабралі, патрапілі ў першую чаргу ў той раён, дзе матэрыял быў запісаны. Каб у рэгіянальных гуртках спявалі свае песні. Для нас вельмі важна, каб кожны раён, кожны рэгіён захоўваў сваю адметнасць.

Песні і танцы вучым для сябе

Пасля шматлікіх экспедыцый сябры СЭТ сабралі сваю калекцыю побытавых прадметаў: рушнікоў, кашуль, музычных інструментаў. Але здаваць гэтыя рэчы ў музей СЭТ не збіраецца ні ў якім разе. Яўген тлумачыць, што ў музеях рэчы экспануюцца як муміі, але не жывуць. У сваю чаргу СЭТ імкнецца не музеефікаваць рэчы, а выкарыстоўваць іх у сваіх гуртках. Дзяўчаты, што вучацца ткаць, могуць узяць сапраўдныя рушнікі ці кашулі і паглядзець, як яны мусяць выглядаць. Памацаць рукамі, пабачыць усе дэталі на свае вочы, а не на малюнках у энцыклапедыі. Каб узяць тую ж кашулю ў музеі, трэба атрымаць дазвол.

- Мы хочам, каб гэтыя рэчы жылі далей.

Тое самае тычыцца песень і танцаў. У адрозненне ад многіх этнаграфічных калектываў, якія спяваюць традыцыйныя песні на канцэртах, СЭТ не ездзіць па краіне з выступамі. Сябры арганізацыі вучаць песні і абрады не для выступу, але для сябе.

- У адрозненне ад сучасных святкаванняў, у традыцыйнай культуры няма гледачоў. Там усе ўдзельнікі. Гэта сёння спевы абавязкова прадугледжваюць відовішча. Гэта абсалютна спажывецкі падыход.

Таму на святах, якія арганізуе СЭТ, намагаюцца ўцягваць усіх людзей. На некаторыя ж святы староннія людзі ўвогуле не запрашаюцца. Іх праводзяць для сваіх, калі людзі, якія ведаюць абрад, маглі перажыць яго.

- Ёсць людзі, якія гэтым жывуць. Нам хацелася б узяць усё лепшае з нашай традыцыйнай культуры: каб нашыя карані дапамаглі выбраць шлях у будучыню, каб рухацца далей, трэба ведаць, адкуль ты.

Дасье

Рэспубліканская маладзёжная грамадская арганізацыя «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» заснаваная ў жніўні 1998 г. Займаецца захаваннем, развіццём і забеспячэннем пераемнасці беларускай аўтэнтычнай культурнай традыцыі, а таксама захаваннем і аднаўленнем натуральнага асяроддзя існавання традыцыйнай этнічнай культуры. Арганізацыя акрэдытаваная пры ЮНЭСКА ў якасці эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне.

Філіялы СЭТ дзейнічаюць у Гродне, Віцебску, Магілёве і Мінску. Пры арганізацыі працуюць гурткі па вырабе народнага строю, спеўныя мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя гурткі, ладзяцца тэматычныя заняткі па рамёствах і лекцыі. Ахвочыя і старанныя могуць адшукаць неабходную інфармацыю ў бібліятэцы СЭТ, дапамагаць апрацоўваць бяздонны архіў аўдыё- і відэазапісаў. Калі нехта падзяляе адчуванне адказнасці за будучыню беларускіх традыцый альбо проста шчыра імі захапляецца, але не мае часу актыўна дзейнічаць, ён можа далучыцца да партнёрскай праграмы “Наша традыцыя". Дэталі можна даведацца, даслаўшы свае пытанні на адрас partner@ethno.by.

У тэму

Гуканне вясны ў дахрысціянскія часы выпадала на пачатак года, а ў сучасным календары яно адзначаецца 21-22 сакавіка. Аднак раней пэўнай даты гэтага абраду не было, і яго пачыналі адзначаць, калі раставаў снег і пачыналася вясна. Рытуалы, звязаныя з Гуканнем вясны, працягваліся, пакуль земляробы не выходзілі на поле падрыхтоўваць глебу пад вясновыя пасевы. 22 сакавіка ў вёсцы Вязынка (Маладзечанскі раён) а 13-й гадзіне. СЭТ распачне традыцыйнае Гуканне вясны.

 

 

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно