53

На «шчаслівую бабулю». Што ў народным календары называюць «Бабіным летам»

"Аргументы и факты" в Беларуси № 40. Съел. А выжил? 06/10/2026

У народным календары цёплая пара ў канцы верасня – пачатку кастрычніка звычайна мела назву «Бабіна лета». Але ў некаторых мясцінах так называлі і тыдзень з 7 па 14 кастрычніка, калі варажылі на «шчаслівую бабулю» (бабку-павітуху).

Сутнасць у наступным: цяжарныя жанчыны кожнаму дню гэтага тыдня надавалі імя адной з вядомых у акрузе «бабуль», якія прымалі роды. Напрыклад, панядзелак – Тэклі, аўторак – Юстыні, серада – Марцэлі і г. д. Калі дзень выдаваўся сонечны, ціхі, вясёлы, гэта значыла, што рука ў «прызначанай» на гэтыя суткі «бабулі» лёгкая, шчаслівая, роды з ёй адпаведна пройдуць лёгка, а дзіця будзе мець вялікае шчасце. Звычайна ў гэтыя дні ўсталёўваецца апошняе цёплае, сонечнае і прыгожае надвор'е перад надыходам сапраўдных халадоў, таму надвор'е асобных дзён увасабляе такім чынам шчасце «бабуль».

Дарэчы, «бабкі-пупарэзніцы», ці павітухі, якія прымалі дзяцей у вёсцы, карысталіся вялікай пашанай. Прынятыя павітухай дзеці, якіх умоўна называлі «ўнукамі», адносіліся да яе з асаблівай цеплынёй і павагай. Па святах бабцы-павітусе насілі гасцінцы ад бацькоў і атрымлівалі ад яе самой невялікія пачастункі – так званыя аддаркі. Нават калі дзеці вырасталі, яны не забываліся ўшаноўваць жанчын, якія дапамаглі з’явіцца ім на свет.

А вось тыдзень пасля «бабінага лета» дзе-нідзе называўся «дзявоцкім летам». Усе дні гэтага тыдня размяркоўвалі між тымі, каго прынялі «ў дзеўкі», і варажылі пра добры характар будучых маладух. Калі дні стаялі пагодныя, сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць людскі, ласкавы. Згодна з народным календаром далікатныя абмеркаванні і размовы змушалі дзяўчат удумліва глянуць на сябе і на свой нораў.

Таксама ў гэтую пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест. А ў некаторых мясцінах была традыцыя: незамужнія дзяўчаты набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу – куды вецер панясе, туды і замуж ісці.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно