132

Падрыхтоўка да жніва. Якія традыцыі на Пятроў дзень у народным календары

"Аргументы и факты" в Беларуси № 30. На зарядку становись! 28/07/2026

Паводле народнага календара, 12 ліпеня адзначаецца «Пятроў дзень» ці «Пятрок» ‒ старажытнае земляробчае свята, якое сімвалізуе максімальны росквіт прыроды і падрыхтоўку да жніва.

Дзень лічыўся своеасаблівай мяжой: пасля яго пачыналі актыўную падрыхтоўку да жніва, тачылі сярпы і косы. Валачобныя песні, згадваючы Пятра, называюць шэраг разнастайных сялянскіх заняткаў, а таксама ўказваюць на стан збажыны:

Святы Пётра ў косы звоніць,
Святы Паўла граблі робіць.

Пад звоны косаў «святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць». Ён жа і «папар барануець, поле раўнуець, грунт гатуець». А ў спрыяльнае лета некоторыя гаспадыні нават спрабавалі рабіць першы зажон і частавалі плёнам сваёй працы сям'ю – адсюль і прыказка: «На Пятра крышку хлеба напякла».

У гэты дзень, па некоторых павер’ях, трэба было заканчваць нарыхтоўку венікаў для лазні. Бо «прыйшоў Пятрок – апаў лісток». Лічылася, што пасля Пятра лета хілілася на восень, лісце ўжо рыхтуецца зляцець з галінак у асеннім лістападзе, і венік не будзе трывалым. Таксама ў Пятроўку было прынята «ліпы драць на лыка», бо пазней ужо кара прысыхае.

У некаторых рэгіёнах у гэты дзень быў звычай кумавацца. Дзяўчаты збіраліся на ўскрайку лесу і абменьваліся са сваёй сяброўкай нейкай рэччу (хустка, пярсцёнак, завушніцы). Ад гэтага моманту да наступнага Пятрова дня сяброўкі лічыліся кумамі і не мелі права сварыцца, а мусілі падтрымліваць адна адну і дапамагаць адна адной. А дзе-нідзе на Пятра спраўлялі вяселлі:

Пятрова ночка маленька,
Не выспалася паненка.
Бел кужаль прала – драмала,
Красёнцы ткала – заснула,
Ехаў Іванька – не чула.
Махнуў платочкам – не ўстаець,
Кінуў калечка – не бярэць.
– Чаму, Манечка, не ўстаеш,
Майго калечка не бярэш,
За мяне замуж не ідзеш?

Пра вяселлі згадвалася і ў прыказках: «Да Пятра дзеўка хітра, а па Пятры хоць твар ёю падатры». Гэта значыць, што да Пятрова дня дзяўчаты стараюцца спадабацца хлопцу і выйсці замуж, а калі ж намаганні здарыліся марнымі, яны мусяць чакаць наступнай пары вяселляў.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно