43

Заступнiк земляробаў. Чым адметна святкаванне Міколы вясновага

"Аргументы и факты" в Беларуси № 19. Вечно молодой - вечно с мамой! 12/05/2026
Нашыя продкі спадзяваліся ад гэтага дня выключна на цёплае надвор’е.
Нашыя продкі спадзяваліся ад гэтага дня выключна на цёплае надвор’е. Фото из открытых источников

Мікола вясновы, які адзначаецца 22 мая, як і Мікола зімовы (19 снежня), – адзін з самых шанаваных у народзе святаў. «Да Міколы няма дабра ніколі»,  казалі нашыя продкі і спадзяваліся ад гэтага дня выключна на цёплае надвор’е. Таму і зваўся Мікола яшчэ летнім ці цёплым.

Паводле народных вераванняў, Мікола выступае заступнікам земляробаў, клапоціцца пра ўраджай. Ён ходзіць па лясах, аглядае пасевы, папраўляе іх пасля зімы. Не забывалася і народная песня пра Міколу:

Святы Мікола па межах ходзіць,
Жыта раўнуець...
Дзе вымакла –  там падсушыць,
Дзе высахла – там падмочыць.

***

Мікола – стары сявец,
Ячмень сеець...
З левай ручкі засяваець,
Кінець рэдка – расцець метка.

На веснавога Міколу ўпершыню пасля зімы звычайна выводзілі коней на начлег, а пастухам-начлежнікам належала ўсю ноч не спаць і пільнаваць, каб злыя сілы не ўчынілі коням якой-небудзь шкоды. Лічылася, калі на Міколу жывёла наесца ў полі дасыта, то травы хопіць ёй і на ўсё лета: «Мей сена да Міколы і не бойся зімы ніколі». Каб засцерагчы коней ад свавольства ведзьмаў, пастухі абкурвалі коней прыхаванымі купальскімі зёлкамі.

З Міколінага дня трэба таксама паспяшацца пастрыгчы авечак, пакуль яны не пачалі ліняць. У народзе казалі: «Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі». З гэтым святам звязвалі і з'яўленне камароў і мошак: «Прыйдзе Мікола, высыпле мошак з прыпола».

Акрамя таго, Мікола лічыўся ахоўнікам усіх нямоглых, бедных, выратавальнікам, апекуном вандроўнікаў па вадзе: «Няма за мужыка паборніка большага за Міколу»; «Мікола на моры ратуе, Мікола мужыку воз падымае»; «Калі ніхто не дапаможа, то апошняя надзея на Міколу». А каб пазбегнуць бед і нястачаў на працягу года, трэба было ў гэты дзень наладзіць святочны абед у гонар Мікалая і накарміць бедных і юродзівых. «Як не накорміш у Міколін дзень галоднага, дык сам увесь год галодны будзеш». Потым стол накрывалі ўжо для сям’і. Лічылася, што ў гэты дзень сядаць за стол трэба не менш чатырох разоў.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно