82

На Кузьму-Дзям’яна. Што за свята адзначаецца 14 лістапада?

"Аргументы и факты" в Беларуси № 45. Остаются зимовать 11/11/2025

Дзень памяці святых Касьмы і Даміана (14 лістапада) у народнай свядомасці ператварыўся ў свята адной зборнай асобы – Кузьмы-Дзям’яна.

Згодна з народнымі ўяўленнямі, Кузьма і Дзям'ян – кавалі, якія здольныя не толькі ўпрыгожыць каванымі зоркамі неба, але і скаваць ледзяны ланцуг для зямлі. Казалі, што да Кузьмы зіма не здолее закаваць раку.

Кузьму і Дзям'яна нашы продкі таксама лічылі апекунамі земляробаў, рамеснікаў і лекараў. Каб мець плён у справах, дастаткова прамовіць перад працай: «Кузьма-Дзям'ян, маці, дапамажыце мне працаваці!» Таму невыпадкова, што з гэтым днём звязана шмат прыкмет, істотных для тых, хто апрацоўвае зямлю. Напрыклад, да 14 лістапада з дрэваў павінна было апасці лісце. Калі гэтага не адбывалася, на наступны год чакалі недарод. Шмат снегу ў дзень Кузьмы-Дзям’яна абяцала вясною вялікую паводку. Увогуле ж Каваль павінен быў «паставіць лёд на зямлі і вадзе», то бок у гэты дзень чакаліся першыя прымаразкі.

Яшчэ ў адным з паданняў Кузьма-Дзям’ян быццам бы дзякуючы сваёй вынаходлівасці перамог пачварнага змея, што жэр людзей. Агонь і жалеза лічыліся абярэгамі, сродкамі ад нячысцікаў, адсюль, мабыць, і легенда пра перамогу над змеям.

Кузьма і Дзям'ян лічыліся і апекунамі вяселля, заступнікамі шлюбу, сям'і і хатняга ачагу. Да Піліпавага посту заставаўся невялікі адрэзак часу, і дзяўчат яшчэ не пакідала надзея на замужжа. Таму дзяўчаты, якія хацелі б пайсці замуж да Калядаў, павінны былі актыўна звяртацца пра тое да Кузьмы і Дзям’яна з просьбаю скаваць даўгавечнае вяселле. Традыцыя ў тым ліку перадаецца ў песні «Кузьма»:

Скуй нам свадзебку,
Свадзебку крэпкую,
Даўгавечную,
На векі неразлучную...

Незамужняя дачка ў гэты час лічылася гаспадыняй у хаце, самастойна гатавала ежу, частуючы ўсю сям’ю. Свята звычайна адзначалася шырока, часам зацягвалася на некалькі дзён. Верагодна, не ў апошнюю чаргу для таго, каб на дзявочых вячорках-Кузьмінках змаглі «скавацца» новыя пары. Калі так адбывалася, казалі, што хітрая дзеўка «падкузьміла» хлопца.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно