65

Развiтанне з летам. Якое тлумачэнне ў народным фальклоры атрымала Узвіжанне

"Аргументы и факты" в Беларуси № 36. Скорина такого не печатал 09/09/2025

Шматлікія народныя святы верасня звязаны з канчатковым развітаннем з летам. Адно з такіх – Узвіжанне (Здзвіжанне), якое атрымала сваё асаблівае тлумачэнне ў народным фальклоры.

«Да Здзвіжання ўсё павінна быць здзвінута». Гэта значыць, што ўсе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля. Песня раіла на Узвіжанне «з поля збіраць, бульбу капаць, сцяліць лянок».

Чым далей гартаецца народны каляндар, тым часцей згадваецца пра надыход халадоў: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы». Гэта, па ўсім прыкметам, апошняе свята, якое сiмвалiзуе канчатковае развітанне з летам. А ключы ад лета – у шызай галачкі, і яна, адлятаючы ў цёплыя краі, замыкае яго і забірае з сабою ключы, лічылі ў народзе.

У бязмежным небе роўненькім шнурочкам
Жураўлі ў вырай мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак, у паднеб’і тае.
Вось ледзь-ледзь чарнее, міг – і прападае.

Значнай з'явай дня быў для народнага ўяўлення яшчэ адзін рух («здзвіжанне») у прыродзе – выпаўзалі ўсе змеі і збіраліся разам, каб адправіцца на зімовы сон да вясны: «Ва Узвіжання пару гадзюкі і вужакі хаваюцца ў нару». Першы вясновы і апошні восеньскі змяіныя ўкусы лічыліся самымі небяспечнымі, таму на Узвіжанне пабойваліся хадзіць у лес, асабліва ж наказвалі тое дзецям.

Легенды пра сыход змей на Узвіжанне пашыраны ў беларускім фальклоры. У іх часта малюецца на чале змяінага шэсця Цар-змей з залатой каронай (ці рожкамі). Следам за ім – незлічоныя падданыя-паўзуны. Цар вылучаецца сярод усіх сваёй велічынёю і лускою з серабрыстым адлівам.

Шэсце рухаецца па непраходных для чалавека мясцінах, і калі раптам камусьці здаралася сустрэцца са змяіным «выраем», то варта было разаслаць перад царом абрус з хлебам-соллю і пакланіцца да зямлі, як той, прапаўзаючы праз абрус, у падзяку скідаў з кароны залаты ражок. Па легендзе, уладальнік такога ражка нібыта набываў незвычайную мудрасць і праніклівасць, а таксама ўменне выходзіць з самых цяжкіх абставін.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно