147

У дзень раўнадзенства. Як адзначаецца свята Саракі?

Традыцыйная страва на Саракі – печыва ў выглядзе птушак.
Традыцыйная страва на Саракі – печыва ў выглядзе птушак. Фото из открытых источников

22 сакавіка, у дзень вясновага раўнадзенства, адзначаецца свята Саракі (Соракі). Існуе некалькі павер’яў, адкуль яно ўзялося.

У народнай этымалогіі назва дня паходзіць ад 40 мучанікаў севастыйскіх, якія пакутвалі ў Севасційскім возеры. Драматычная гісторыя распавядае пра воінаў, якія адмовіліся прынесці ахвяру ідалам. За непаслушэнства іх пад аховай пакінулі на ноч на лёдзе Севасційскага возера. Пакутуючых ад холада людзей спакушалі тым, што на беразе растоплена лазня. Адзін з сарака воінаў не вытрымаў, пабег да лазні, але памёр на парозе. Доля іншых воінаў таксама склалася не лепшым чынам, усе яны назаўтра былі забітыя.

Па іншым павер’і, у нашых шыротах у гэты дзень прыляталі з-за мора 40 зграй птушак. Таму нашы продкі называлі Саракi птушыным святам. Лічылася, что на Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай, перад усходам сонца, хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак – калі гэта ўдасца, то ўлетку добра будуць знаходзіцца птушыныя гнёзды.

Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, сімвалізавалі сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду.

Да нас зноў яна прыйшла,
Доўгачаканая вясна.
І з сабою прынясла
Святло, сонца і цяпла!

***

Жывы жаўрук
Па полі лётае,
Зярняткі збірае,
Вясну заклікае!

Гаспадыні ў гэты дзень выпякалі з цеста 40 маленькіх печываў, або іншых падобных страў у выглядзе жаўрукоў. Печаныя фігуркі птушак раздавалі дзецям, сваякам, суседзям. Таксама было прынята падкідаць іх угару, сочачы за тым, каб «птушачка» падлятала як найвышэй. Лічылася, что чым вышэй птушка падляціць, тым здаравейшы будзеш на працягу года.

Надвор'е на Саракі таксама прыцягвала ўвагу продкаў. Калі ад Грамніц да Саракоў не ішлі дажджы і не псавалася дарога, то летам чакалася засуха. Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне снег будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр'я – асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап'ецца вол ад расталых ледзяшоў – значыць, будзе добрая вясна. А на Усходнім Палессі на Саракі дзяўчаты хадзілі ў гэты дзень гукаць вясну:

Жаваранак, ранняя птушачка,
Чаго так рана з выраю вылятаеш?
А там пры даліне там ляжаць крыгі,
А там пры дарозе снягі і марозы.
А я тыя крыгі крыламі разаб'ю,
А я тыя марозы нагамі растапчу.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно