1136

Духоўная ежа. Як у Беларусі праходзяць выставы пад адкрытым небам?

"Аргументы и факты" в Беларуси № 21. Наш велотрэш. Как ужиться пешеходам и велосипедистам 22/05/2018
Мастак ніколі не тлумачыў свае творы, ён даваў магчымасць зрабіць гэта гледачам.
Мастак ніколі не тлумачыў свае творы, ён даваў магчымасць зрабіць гэта гледачам. / Евгений Гончар / АиФ

Па розных прычынах людзі сталі рэдка наведваць музеі. Хтосьці адчувае ляноту, каб дабрацца да патрэбнага будынка, хтосьці не хоча марнаваць грошы на не самае неабходнае, на яго думку, бавенне, у кагосьці проста не хапае на гэта часу.

Але атрымаць духоўную ежу можна нават па дарозе на працу, не наведваючы музеі спецыяльна. «АіФ» даведаўся, як у Беларусі праходзяць выставы пад адкрытым небам і чым здзіўляюць арганізатары мерапрыемства «Мастак і горад» у гэтым годзе.

БЕЛАРУСКІ ДАЛІ

Урачыстае адкрыццё экспазіцыі «Мастак і горад» адбылося 17 мая ў Мінску, пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа. Гарадскі праект у гэтым годзе прадстаўляе працы знакамітага жывапісца Георгія Скрыпнічэнкі - знакавай постаці ў айчынным выяўленчым мастацтве. Маштабная выстава на працягу больш за пяць месяцаў бескаштоўна будзе адкрыта для жыхароў і гасцей Мінска.

Прыкметна, што ў гэтым годзе выстава не абмяжоўваецца толькі сталіцай. З 20 верасня яна ўпершыню працягне сваю працу ў Віцебску. Па словах загадчыка аддзела рэкламы і спецыяльных праектаў НЦСМ Захара ДУДЗІНСКАГА, калі гэты эксперымент будзе прызнаны ўдалым, то ў наступныя разы выстава можа з’явіцца ў іншых абласных гарадах і нават у райцэнтрах.

Георгій Скрыпнічэнка - беларускі мастак, які стаяў ля вытокаў айчыннага сюррэалізму. Яго працы адрознівае адмысловая манера выканання на мяжы фантазіі і рэчаіснасці.

«Задача праекта - не толькі знаёміць наведвальнікаў з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі, але і дарыць ім свята і трохі здзіўляць. Менавіта таму ў гэтым годзе выбар упаў на такую яркую постаць, як Георгій Скрыпнічэнка, якога часта і невыпадкова называюць «беларускім Сальвадорам Далі», - каментуе Захар Дудзінскі.

У сваіх карцінах мастак выкарыстоўвае вопыт вялікіх папярэднікаў, аднак ён адмовіўся ад залішняй эпатажнасці і пісаў свае сюррэалістычныя сюжэты, абапіраючыся на беларускую міфалогію і гістарычны кантэкст. Як паведамляе сын мастака Сяргей СКРЫПНІЧЭНКА, яго бацька ніколі не тлумачыў свае творы. Для яго было важным, каб карціны, поўныя метафар і алегорый, заставаліся для гледача фантастычным рэбусам.

У СЁМЫ РАЗ

Выставачны праект «Мастак і горад» рэалізуецца ўжо сем гадоў. У мінулыя часы ён быў прысвечаны творчасці такіх знакамітых мастакоў, як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук, Валянцін Губараў.

У мінулым годзе выставачны праект быў прадстаўлены працамі адразу 35 беларускіх жывапісцаў і прайшоў пад назвай «Залатая калекцыя беларускага жывапісу». Карціны, якія былі выстаўлены ў рамках праекта, належаць беларускім мастакам розных пакаленняў і творчых поглядаў. Сярод удзельнікаў выставы былі аўтары Леанід Хобатаў, Уладзімір Савіч, Анатоль Бараноўскі, Руслан Вашкевіч, Зоя Літвінава і іншыя.

У гэтым годзе традыцыйна рэпрадукцыі мастака Георгія Скрыпнічэнкі будуць суправаджацца біяграфіяй і тэкставым апісаннем на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай. Арганізатары спадзяюцца, што выстава таксама стане адным з месцаў прыцягнення замежных турыстаў. Раней ў раёне плошчы Якуба Коласа на выставе былі заўважаны арганізаваныя групы з Кітая, Венесуэлы, Расіі.

Акрамя таго, арганізатары ўлічылі памылкі мінулых гадоў. У прыватнасці, стэнды з рэпрадукцыямі надзейна замацуюць, каб буйны вецер не паваліў іх. Таксама наладжана супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі для процідзеяння вандалам.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно