1748

Сёння - апошні дзень гастроляў Пекінскага тэатра народнага мастацтва ў Мінску

 

Пекінскі тэатр народнага мастацтва – адзін з найбуйнейшых тэатраў у Кітаі з 60-гадовай гісторыяй, скіраваны на пастаноўку твораў айчынных аўтараў. У 2014 годзе тэатр прымаў на сваёй сцэне артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы са спектаклямі “Вяселле” і “Не мой”. Цяпер упершыню ў Мінск прыехалі артысты Пекінскага тэатра народнага мастацтва, каб пазнаёміць беларускага гледача з традыцыйнай кітайскай культурай. У аснове пастаноўкі “Наш Цзын Кэ” – гісторыя легендарнага воіна Цзын Кэ, імя якога вядома кожнаму ў Паднябеснай яшчэ з часоў Старажытнага Кітаю.

Сюжэт драмы пабудаваны на рэальных гістарычных падзеях, што адбываліся ў 227 годзе да нашай эры, калі кітайская зямля была раздроблена на некалькі царстваў. Прынц царства Янь падаслаў Цзын Кэ забіць правіцеля наймацнейшага царства Цынь, але той загінуў. Імя Цзын Кэ на працягу стагоддзяў з’ўляецца  сімвалам мужнасці і гатоўнасці ахвяраваць уласным жыццём дзеля барацьбы з ворагам.

Рэжысёр спектакля – дырэктар Пекінскага тэатра народнага мастацтва, рэжысёр першай катэгорыі Кітайскай народнай рэспублікі Жэнь Мін. Аўтар п’есы – Мо Янь – ганаровы сцэнарыст Пекінскага тэатра народнага мастацтва, першы грамадзянін КНР, які стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 2012 годзе.

Спектакль будзе ісці на сцэне Купалаўскага тэатра на кітайскай мове з сінхронным перакладам на рускую. Працягласць – каля трох гадзін (з улікам аднаго антракту).

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно