2375

Сапраўдны сэнс жыцця. Рыскi да партрэта мастака Анатоля Александровіча

"Аргументы и факты" в Беларуси № 37. Яблоки некуда девать? 11/09/2018
Алена Атраховiч з мужам Анатолем Александровiчам.
Алена Атраховiч з мужам Анатолем Александровiчам. АиФ

Анатоль Александровіч нарадзіўся ў горадзе Дзяржынску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), працаваў у розных жанрах графічнага мастацтва. Яго творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, а таксама ў музеях і прыватных калекцыях краін блізкага і далёкага замежжа. Зараз працуе выстава ў родным Дзяржынску, арганiзаваная з дапамогай жонкi мастака Алены Атраховіч.

Алена Атраховіч, педагог, вучоны, дызайнер, мастак сумi-э (старажытная японская тэхніка малюнка) і дастойная  ўнучка свайго дзеда Кандрата Крапівы, - сама чалавек яркага таленту.  Яна першай у нашай краіне стала вывучаць гісторыю беларускага плаката 1960-1980 гадоў. Была ў ліку тых, хто стварыў у Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў кафедру касцюма і тэкстылю. Яна сустрэла чалавека ўпоравень. У вышэйшай ступені таленавітага i інтэлігентнага. Алена Ігараўна і Анатоль Вячаслававіч пражылі ў шлюбе 40 гадоў i пранеслi каханне праз усё жыццё.

Позiрк унутр сябе

- Упершыню я ўбачыла Анатоля на ўступных экзаменах у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Паступалі разам. На экзамене малявалі галаву натуршчыка.  Прыгожы, ветлівы хлопец, паглядзеўшы на мой малюнак, пачаў даваць рады, як палепшыць выяву. Я і ўявіць сабе не магла, што перада мной таленавіты графік, які ўпіша сваю старонку ў гісторыю беларускага графічнага мастацтва і на чыіх творах будзе навучацца не адно пакаленне студэнтаў. Ён сам пра гэта не ведаў, - распавядае ўдава мастака. - На другі дзень экзаменаў ён зрабіў алоўкавы малюнак -  лёгкім тонам і па-майстэрску вольнай лініяй. Гэта лінія гэтак і засталася яго аўтарскай.  Даволі рана сфарміраваўся яго непаўторны творчы почырк. У творчасці Анатоль быў не толькі індывідуальнасцю, але і індывідуалістам. Ніколі не ўключаўся ў дзейнасць разнастайных суполак, ішоў сваім, толькі яму аднаму вядомым шляхам.

Анатоль Александровiч
Анатоль Александровiч Фото: АиФ

Неяк разважаючы пра місію мастака Анатоль адзначыў: «Для кожнага чалавека існуе сцэнарый уласнага жыцця і варта толькі гэта зразумець, як жыццё напоўніцца сапраўдным сэнсам, прыйдзе натхненне». Калі я спытала, як жа зразумець сваю місію, ён адказаў: «Вельмі проста – трэба толькі накіраваць позірк унутр самога сябе».  Мне здаецца, што ў Анатоля гэта атрымалася.

Натхнёны прыродай

Анатоль Вячаслававіч быў шаноўны ў асяроддзі мастакоў і крытыкаў, аматараў мастацтва. Але для шырокай вядомасці патрэбен элемент інтрыгі,  нават драмы...

 - Адбыцца як мастак і быць знакамітым – гэта розныя рэчы. Анатоль не любіў публічнасці. Не імкнуўся да славы. Яго графiчныя працы насычаны глыбокім драматызмам i напружанай эмоцыяй. У жыцці ён быў чалавекам легкім, надзвычай дабразычлівым. І вельмі сціплым.

Яго прываблівала цішыня майстэрні, прырода. У нас было сямейнае захапленне – на працягу доўгага часу мы падарожнічалі па беларускіх лясах і азёрах на веласіпедах. Анатоль казаў, што хараство нашай прыроды будуецца на нюансах. Прырода падказвала вобразы. Аднойчы на беразе ляснога возера мы ўбачылі старую, зарослую імхом лодку, праз якую прарасло ўжо высокае дрэва. «Гэта нейкае рэха мінулага», - сказаў Анатоль. Гэты эпізод даў пачатак цэлай серыі гістарычных накідаў.  

Аднойчы мы апынуліся ўвечары ў лясным гушчары Налібокскай пушчы.  Пачало змяркацца. І раптам - нейкі містычны гук, быццам бы стогне нячыстая  сіла. Нездарма беларусы спакон вякоў верылі ва ўсялякіх лясных істот. Сама прырода, мусіць, гэтаму спрыяла. Спалохана і шумна ўзляцеў аднекуль з перапляцення галля чорны крумкач. Зрабілася некамфортна. Прыслухаліся, у хуткім часе стала ясна, што гэта заскрыпела векавое дрэва. Толькі і ўсяго. Але вобраз такога леса і гэтую містычную атмасферу Анатоль пасля ўвасобіў у сваёй графіцы паводле твораў Адама Міцкевіча.

40 гадоў шчасця

- Першая персанальная выстава адбылася толькi ў лютым-сакавіку гэтага года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, хаця магчымасць такая была i раней. Чаму?

ілюстрацыя Анатоля Александровiча да кнігі Якуба Коласа
ілюстрацыя Анатоля Александровiча да кнігі Якуба Коласа "Песні жальбы", 1984 афорт. Фото: АиФ

-  Так, пры жыцці Анатоль не рабіў персанальных выстаў, відаць, быў перакананы, што галоўныя творы яшчэ наперадзе. У апошнія гады ён знаходзіўся ў стане роздуму аб прызначэнні мастака ў сучасным жыцці, пераасэнсоўваў свае творчыя пазіцыі. Меў намер зноў вярнуцца да стварэння маштабных графічных аркушаў. Збіраў матэрыял. Было жаданне – распавядаць пра ўражанні і падзеі ўласнага жыцця выяўленчай мовай. Меркаваў стварыць серыю аркушаў пра свае падарожжа на бераг Белага мора, куды некалі ў змрочныя трыццатыя гады мінулага стагоддзя  была саслана сям’я яго дзеда Івана Жыдовіча. Планаваў зрабiць шэраг твораў на гістарычную тэматыку. Казаў, што ў сталым узросце прыходзіць мудрасць і таму многае ў жыцці бачыцца глыбей і выразней. Рабіў накіды дзеля новай серыі прац, замалеўкі, нават дошкі для афортаў падрыхтаваў. Не паспеў…

Трымаць спiну

- Можа скласціся ўражанне, што Анатоль быў занадта  вытанчаным, пагружаным у сябе чалавекам…

- У жыцці гэта быў надзвычай крэпкі чалавек, як фізічна, так і маральна. Трывала стаяў на нагах, падтрымліваючы сям’ю, сяброў, родных. Нездарма адным з яго захапленняў была верхавая язда. Умеў трымаць спіну і заўседы быць на кані. Але калі мы ўважліва паглядзім на графіку Анатоля, то убачым там перапляценне вытанчаных штрыхоў, тонкія лініі, якія праяўляюцца нібы скрозь ранішні водар…  Так, ён быў розным. Калі вы паглядзіце на яго адзіную жывапісную працу - лёгкі i рамантычны нацюрморт «Лета», то ўбачыце  вялікую радасць жыцця. Гэта пра Анатоля. Менавіта такім быў i ён сам. «Мастак павінен любіць людзей, любіць жыццё» - гэта было яго галоўнае жыццёвае крэда.

- Кажуць, што таленавітым людзям цяжка жыць разам…

- Гады нашага шлюбу - гэта гады шчасця, асаблівага цяпла і даверных адносін. Я справілася з сыходам мужа толькі таму, што з гадамі стала разумець, што мы не вечныя. І нягледзячы ні на што, трэба «трымаць спіну».

Падрыхтавала  Марына ЛУНЕВА

 

 

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно