1459

На канале «Беларусь 3» распачалася гісторыя новых праектаў пра кіно

№ 7 от 16 февраля 2016 года 16/02/2016

7 лютага выйшла праграма «Кіно і час», а 13 лютага - «Час кіно». Праекты маюць падобныя назвы, але істотна адрознiваюцца па сваім змесце.

Тэлеканал «Беларусь 3» імкнецца пазнаёміць гледачоў толькі з самымі цікавымі стужкамі. У праекце «Час кіно» вопытныя кіназнаўцы раскажуць, чаму той ці іншы фільм варты ўвагі, нават калі яго назва ці iмя рэжысёра падаюцца незнаёмымі. Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Iнстытута журналістыкі БДУ Наталля Сцяжко і праграмны дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лістапад» Ігар Сукманаў не толькі бліжэй пазнаёмяць гледачоў з канкрэтным фільмам, яго вартасцямі і недахопамі, але і абмяркуюць час, калі здымалася карціна, лёс яе стваральнікаў. Калі Наталля Сцяжко пераважна засяродзіцца на беларускіх кінастужках, то Ігар Сукманаў падрабязна спыніцца на фільмах постсавецкай прасторы і краін былога сацыялістычнага лагеру.

У кінапракаце Савецкага Саюза, ды і на тэлебачанні таго часу, можна было глядзець армянскія, грузінскія, эстонскія, казахскія стужкі, фільмы Малдовы, Літвы, Сербіі, Балгарыі, Польшчы. Сёння кінакарціны з гэтых краін у лепшым выпадку трапляюць да нас праз кінафестываль «Лістапад», таму канал «Беларусь 3» вырашыў запоўніць гэты прагал.

Пасля кожнага выпуску праграмы «Час кіно» можна будзе паглядзець у эфіры той фільм, пра які толькі што распавялі Наталля Сцяжко і Ігар Сукманаў.

Калі ў праекце «Час кіно» галоўным будзе кіно, то ў праграме «Кіно і час» - менавіта сам час. Другая праграма распавядзе пра вядомыя толькі з пункту гледжання падзеі не гісторыі, але і кінематографа. Пра многія гістарычныя падзеі мы ведаем, абапіраючыся на пэўныя кадры і на тое, што захавала кінаплёнка. Ці дакладна яны перадаюць рэчаіснасць? У студыі праграмы «Кіно і час» - гісторык і кіназнаўца, якія дапамогуць разабрацца.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно