48

Сцюдзёны месяц. Што гаворыцца пра студзень у народным календары

Сама назва першага месяца года, студзень, красамоўна сведчыць пра яго характар: студзень – значыць, сцюдзёны.

У гэты час на зямлю звычайна прыходзілі самыя моцныя халады («Студзень – году пачатак, зіме – сярэдзіна»), і кожны гаспадар мусіў загадзя падрыхтавацца да суровай пары, каб не выстуджваць хату і не мерзнуць самому. Згодна з народным календаром нярэдка па характару надвор’я першага месяца года меркавалі пра будучую вясну («Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік»), а таксама пра лета («Студзень мяце – ліпень залье»).

Па характару першага месяца года сяляне таксама стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі, з большай увагай ставіліся да забеспячэння хатніх жывёл неабходнай ежай. Асабліва ў гэтай сувязі ў народным календары выдзяляецца 31 студзеня – дзень Апанаса. У некаторых мясцінах ён лічыўся паловаю зімы ў дачыненні да назапашанага для хатняй скаціны корму. Калі яго ўжо выкарыстана палова, селяніну можна спакойна чакаць першага веснавога выпасу. Калі ж заставалася меней – трэба было карміць больш ашчадна, паколькі, згодна з назіраннем, для стану добра ўкормленай з восені і ў першую палову зімы жывёлы, калі і галоднай пад вясну, усё ж гэта будзе не так крытычна.

Дзе-нідзе Апанаса называлі абаронцам жывёлы і птушак ад маразоў. Напрыклад, у некаторых мясцінах Панассе называлі «гусіным святам» і з гэтага дня пачыналі карміць гусей зернем, каб у будучы сезон вывелася шмат гусянят. Прадказаць будучую колькасць птушанят маглі і па надвор’і гэтага дня: калі завіруха на Панаса – будзе шмат гусянят.

Па надвор'і 31 студзеня вылічвалі пачатак надыходу цяпла і палявога сезона: раз на Апанаса завіруха – трэба чакаць працяглай вясны, з-за якой усе запасы з пуняў павымятаеш. А чысты захад у гэта дзень прадвяшчаў доўгія маразы. З гэтым распаўсюджана і наступная народная прыказка, якая папярэджвала: «Хавай нос у апанасаўскі мароз!».

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно