8841

Раман ПАДАЛЯКА: Міцкевіч - гэта паэзія найвышэйшага гатунку

№ 6 от 5 февраля 2014 года 05/02/2014

Нядаўна ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася доўгачаканая прэм’ера спектакля «Пан Тадэвуш». Знакамітую паэму Адама Міцкевіча, напісаную ў Парыжы 180 год таму, на сцэне ўвасобіў рэжысёр Мікалай Пінігін.

Адну з галоўных роляў у спектаклі выканаў Раман ПАДАЛЯКА. Акцёр лічыць, што яму як творчай асобе вельмі пашанцавала: гэта ўжо другая пастаноўка паводле Міцкевіча, якая з’явілася на беларускай драматычнай сцэне за апошні час, і Раман заняты ў абодвух спектаклях.

- «Дзяды» (спектакль, які ўзнік дзякуючы «Тэатру Ч») і «Пан Тадэвуш» - вельмі розныя пастаноўкі - і па сцэнічнай версіі, і па сцэнічнай мове, і па падыходзе. Самі творы, зразумела, таксама розныя: «Дзяды» - больш міфічная гісторыя, «Пан Тадэвуш» - рэалістычная. У гэтай паэме ёсць адбіткі рамантызму таго часу, апавядаецца аб гістарычных падзеях, звязаных з гэтым кавалкам зямлі, гэтай тэрыторыяй. Наша гісторыя пачалася не сто год таму, а значна раней, і мы павінны яе ведаць. А таксама хацелася б, каб беларусы лічылі Адама Міцкевіча сваім, беларускім паэтам. Літоўцы лічаць Міцкевіча літоўцам, палякі - палякам, а мы - ці літоўцам, ці палякам, на жаль...

Што менавіта мне падабаецца ў творах Міцкевіча - гэта паэзія найвышэйшага гатунку. Нават Пушкін, з якім Міцкевіч сябраваў, захапляўся тым, як ён некалькі гадзін запар мог імправізаваць вершаванымі радкамі на любую тэму. Адам Міцкевіч казаў, што гэта на яго падае, «як вада з неба», і ён з гэтым нічога не можа рабіць...

Розныя ролi

- Ці чыталі вы шматтомны твор, знаёміліся з біяграфіяй Адама Міцкевіча?

- Калі мы рыхтаваліся да спектаклю «Дзяды», у нас адбыліся паездкі ў Навагрудак, у Завоссе. Таксама прайшла трохгадзінная кансультацыя па скайпу з супрацоўніцай музея ў Вільні, якая распавяла нам амаль усе падрабязнасці жыцця Міцкевіча. На жаль, у дзяржаўным тэатры такога не адбылося, хаця ў Мікалая Мікалаевіча Пінігіна была думка з’ездзіць на радзіму Міцкевіча разам з артыстамі… Але я баюся іншага: здаецца, што нават не ўсе занятыя ў пастаноўцы прачыталі паэму...

- У гэтых пастаноўках вы выконваеце абсалютна розныя ролі...

- Так, ролі, якія я выконваю ў гэтых спектаклях, - дыяметральна супрацьлеглыя. Густаў Конрад у «Дзядах» - змагар, рамантычны герой на межах існавання, які пакутуе за лёс Айчыны і мучыцца з-за няшчаснага кахання. Граф у спектаклі «Пан Тадэвуш» - герой характарны, вельмі манерны, «гламурны», прыехаў з-за мяжы - з Італіі, размаўляе з акцэнтам. Маёй звышзадачай было паказаць, што ўсё ж такі, можа, часам не трэба засвойваючы чужую культуру, забываюць аб сваёй? Крыўдна, калі некаторым людзям здаецца, што дзесьці там, на іншых землях, усё выдатна, рамантычна, існуе высокая культура, адукацыя, а тут - усё шэрае, сялянскае і г.д.

Розная рэжысура

- Чым прынцыпова адрозніваецца праца рэжысёраў - беларуса Пінігіна і Рамунэ Кудзманайтэ з Літвы, якая паставіла спектакль «Дзяды»?

- На купалаўскай сцэне паказаны ўсё ж такі пастановачны спектакль, калі рэжысер дакладна выставіў усе мізансцэны. Рамунэ ж спачатку знайшла з акцёрамі шчыльны кантакт. У тэатры, дзе кожны выконвае свае задачы, звычайна не адбываецца такога чалавечага збліжэння - па розных прычынах. Але гэта не сведчыць, што рэжысер не ведала, што рабіць. Яна патрабавала ад кожнага выканання нейкай часткі працы. Мне здаецца, што менавіта гэта спрацавала на вынік, нам усім удалося апраўдаць метафарычную, сімвалічную рэжысуру, але гэта і цікава, таму што часам за пастаноўкай губляюцца людзі.

- Густаў Конрад у «Дзядах» - вельмі моцны духам чалавек і вельмі эмацыянальны. На вашу думку, ці ёсць сярод сучасных беларусаў такія натуры?

- Час змяніўся, людзі змяніліся... Напэўна, калі сёння будзеш так эмацыянальна выказваць свае пачуцці, могуць і вар’ятам назваць. (Усміхаецца.) Але не гэта галоўнае. Мне падаецца, што ў розныя часы людзі прагнулі высокага, усё ж такі стараліся трошкі прыўзнімаць сябе, шукалі адказы на свае пытанні, імкнуліся знайсці дабрыню ў сваёй душы...

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно