6050

Залаты век для беларусаў яшчэ наперадзе

№ 11 от 13 марта 2013 года 13/03/2013

 

11_10_02- Калі б вы мелі магчымасць размяркоўваць дяржаўны бюджэт, на якія сферы б накіравалі больш за ўсё сродкаў?

-Перш за ўсё я перакананы, што большасць сутнасных пытанняў грамадства і краіны нельга вырашыць вылучэннем фінансавых сродкаў. Разам з тым размеркаванне бюджэту адлюстроўвае прыярытэты дзяржавы. Дзве найбольш паважаныя ў кожным здаровым грамадстве катэгорыі людзей – настаўнікі і дактары - у Беларусі атрымліваюць прынізліва маленькія заробкі, і гэта выклікае вельмі вялікае пытанне адносна правільнасці прыярытэтаў нашага грамадства. Думаю, што правільна было б, каб першыя пазіцыі займалі асвета і ахова здароўя. Бо адна сфера ў вялікай ступені вызначае тое, якой будзе нашая краіна заўтра, а другая - паказвае, што мы разумеем каштоўнасць чалавека і яго жыцця сёння.

- Якую мэту развіцця вы б вызначылі для Беларусі на бліжэйшыя сто год?

- На жаль, першая і крытычная мэта для Беларусі і беларускага народа на бліжэйшыя сто год - гэта захавацца і выжыць. Калі ж казаць пра нешта большае, то я веру, што кожны чалавек мае вялікі творчы патэнцыял. І беларусы - не выключэнне. Мая мара ў тым, каб беларускі народ пастараўся не капіраваць нешта, створанае іншымі, перастаў разрывацца паміж Усходам і Захадам, а засяродзіўся на сабе і прыклаў намаганні, каб самому ствараць штосьці сваё, унікальнае, што само магло б быць выкарыстана іншымі.

- Якога помніка недастае Беларусі, каб лепш засвойваць урокі гісторыі і рабіць правільныя высновы на будучыню?

- Напэўна, я прапанаваў бы трошкi незвычайны помнік - якасны пераклад Бібліі з арыгіналу на жывую, сучасную беларускую мову. На жаль, сёння наш народ не мае такога перакладу. Мне падаецца, што гэта стала б і цудоўным напамінам пра залатыя часы мінуўшчыны, калі нашыя продкі былі адным з першых народаў свету, якія атрымалi Слова Божае на роднай мове. Таксама гэта стала б сведчаннем таго, што як народ мы жывыя і сёння, бо адчуваем патрэбу і маем здольнасці ажыццявіць такую Справу. Ну а ісціны і каштоўнасці, закладзеныя ў Бібліі, калі б аднавіліся ў свядомасці нашага народа, далі б надзею на тое, што Залаты век Беларусі яшчэ наперадзе.

Камфортны канец

- Па якіх прычынах, на ваш погляд, можа надыйсці канец цывілізацыі?

- Асноўнае «дасягненне», якое можна прыпісаць нашай цывілізацыі, - гэта тое, што зло набыло прыстойны выгляд. Для прыкладу: сёння ў свеце блізка да мільярда чалавек галадаюць. Пры гэтым харчоў вырабляецца столькі, што павінна б хапіць на ўсіх. І ёсць нейкая маўклівая згода, што гэта нармальна, бо гэта той кошт, які мы павінны плаціць за прагрэс і камфорт. У імя прагрэсу робіцца столькі зла, што складаецца ўражанне - камфортны канец і ёсць мэта нашай сённяшняй цывілізацыі. У ранейшых цывілізацыях зло таксама было, але было больш відавочным і таму несла меншую небяспеку.

Мы ўсе імкнемся перакласці адказнасць і спадзяванне на нейкую сістэму - эканамічную, палітычную. Але, па праўдзе, гэта ўсё вельмі кволыя сістэмы, заснаваныя на несправядлівасці, страхах і слабасцях чалавека. І для таго каб усё гэта пачало развальвацца, патрэбны толькі невялічкі штуршок. Я маю мізэрную надзею, што мы здолеем спыніцца і зразумець, да чаго мы рухаемся, і выправіць тыя сутнасныя хібы, якія кіруюць нашую цывілізацыю да яе, як падаецца, непазбежнага канца.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно