36039

Зорнае неба Беларусі. Як у народзе ў даўнiну называлi нябесныя свяцiлы

№ 17 от 23 апреля 2014 года 23/04/2014

avilin

Цімафей АВІЛІН, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук і даследчык этнаастраноміі, ужо 11 гадоў шукае ў літаратурных крыніцах і ў экспедыцыях па беларускіх вёсках традыцыйныя назвы сузор’яў. Пра беларускае зорнае неба ён распавёў у рамках праекта «Дакраніся да вытокаў», што ладзіцца грамадскім агенцтвам «Арт Сядзіба».

Вялікая Мядзведзіца.

Беларусы ў гэтым сузор’і бачылі Воз, ці Калясніцу (чатырохкутнік - гэта воз, а тры зоркі ў лініі - гэта коні). Па адным са старажытных павер’яў, гэта магла быць калясніца Перуна, бога агню. Калі да нас прыйшло хрысціянства, вобраз Перуна часткова замясціў святы Ілля. Калі святы ездзіў на калясніцы па небе, ён перунамі разганяў перад сабой чарцей, ад чаго, лічылася, і адбывалася навальніца. Па іншай версіі, на гэтым возе Люцыфер ехаў змагацца з Богам, але арханёл Міхаіл скінуў яго, таму дышаль паламаны. Адам Міцкевіч называў сузор’е Возам Давіда. Іншыя назвы - Коўш, Чарпак.

Арыён.

У нас яго называлі Касцы. Увосень і ўвесну, калі добра бачныя зоркі, нібыта пасля iх узыходу пачыналіся палявыя працы. У розных рэгіёнах гэтае сузор’е называлі ці Каромысел: тры зоркі ў поясе сузор’я - гэта дзяўчына, якая нясе праз плечы каромысел. На Браслаўшчыне пояс Арыёна называлі Тры каралі, то бок тры валхвы. Ёсць яшчэ легенда, што гэта Тры сястры, да якіх ніхто не мог пасватацца. Вырашылі, што яны вядзьмаркі, якіх нават змей не мог пераадолець. Але аднойчы хата раптоўна сама загарэлася, і тры сястры ператварыліся ў зоркі.

Плеяды.

Гэтая купка зорак нагадвае дзіркі ў сіце, таму шмат дзе зафіксавана назва сузор’я Сіта, праз якое Бог прасеяў першыя зярняты жыта. На Палессі ў гэтым сузор’і бачылі кур. Увогуле назва Курачкі, Куркі - агульнаеўрапейская. Па адной з легенд, калі свет толькі ствараўся, месяц мог апускацца на Зямлю. У гэты час куры пачыналі бегаць па месяцы і кляваць зоркі. Каб яны не склявалі ўсе зоркі, месяц і Зямлю раздзялілі, і куры больш не могуць дацягнуцца да зорак. Сустракаюцца таксама назвы Стажар’е, што значыць насціл пад стог ці сам стог сена, Валасажар, Кучкі, Купкі, Сем мальцаў.

Млечны шлях.

Часцей за ўсё гэта скопішча зорак называлі Птушыная дарога. Бог стварыў гэтую дарогу, каб птушкі ведалі ўвосень, якiм шляхам ім адлятаць у вырай, а ўвесну - як вяртацца дадому. Такія легенды характэрныя для Беларусі, Літвы, Эстоніі. На Палессі, як в Украіне, Млечны шлях называлi Чумацкім шляхам: гэтымі зоркамі чумакі ўзімку кіраваліся на Адэсу. Ёсць назвы Дарога ў Кіеў, Дарога ў Іерусалім. Часта кажуць, што па Млечным шляху ходзяць святыя, анёлы, душы памерлых людзей ці што гэта душы ў выглядзе птушак адлятаюць на той свет.

Венера.

Яе называлі ці Ранішняя зорка, ці Вячэрняя зорка. Часам называлi Заранка. На Палессі зафiксавана назва Воўчая зорка. Там лічылі: калі гэтую зорку бачна ўвечары, у гэты час прачынаюцца ведзьмы, выпаўзаюць чэрці і выходзяць ваўкі. Запісана паданне, што гэта Віфлеемская зорка, якая нібыта паказвала шлях тром валхвам. Яшчэ адна назва Венеры - Дзянніца. Быццам бы калі Бог скінуў Люцыфера, той ператварыўся ў зорку. Іншае паданне кажа, што Дзянніца - гэта воз, у якім ездзяць чэрці, і напрыканцы свету яны будуць зводзіць са свету ці то праведных, ці то грэшных.

Палярная зорка.

Асабліваць гэтай зоркі ў тым, што яна заўжды стаіць на адным месцы. Гэтае пастаянства і адбілася ў назвах. Адна з іх - Зорны кол. Але гэтая назва лічыцца запазычаннем з цюркскай мовы. У беларусаў жа вядома назва Паўночная зорка. Даволі часта ў традыцыйных запісах разам з гэтай назвай фігуруюць і іншыя: Паўночна гвязда, Паўднёвая зорка. У беларускай казцы сустракаецца вобраз Палярнай зоркі - гваздзя (цвіка), які ўбіты ў неба. Палярная зорка - пачатак Малой Мядзведзіцы, якую суадносна з Вялікай называлі ў нас Малым возам, Малымі калёсамі.

Падаючыя зоркі.

Галоўным ўяўленнем пра зоркі было тое, што кожная зорка - гэта душа чалавека. Колькі зорак на небе, столькі людзей на Зямлі. Калі чалавек нараджаецца, з’яўляецца ягоная зорка, калі памірае, ягоная зорка згарае і падае. Таму падаючыя зоркі - гэта душы людзей, якія ці то нараджаюцца, ці то паміраюць. Ёсць меркаванне, што гэта душы няхрышчаных дзяцей. Таму, калі бачылі зорку, трэба было перахрысціцца і даць імя дзіцяці: «Калі пан - будзеш Ян, калі пані - будзеш Яня». Некаторыя лічылі, што гэта ведзьмы ці чараўнікі лётаюць. Ёсць вераванне, што падаючая зорка - гэта анёл.

Лебедзь.

Гэтае сузор’е выглядае як крыж, адсюль і народныя назвы, звязаныя з вобразам крыжа. Часам яго называлi Пятрова палка, Цароў крэст, Чэсны крэст. Асноўныя легенды маюць хрысціянскія карані. У прыватнасці апавядаецца пра тое, што пасля распяцця Хрыста на крыжы на Зямлі засталіся часткі гэтага крыжа, цвікоў, вопраткі Хрыста. І нібыта ў сузор’і акурат і ёсць частка крыжа - хрысціянскай рэліквіі, на якой быў распяты Хрыстос.

Капэла.

Гэта самая яркая зорка ў сузор’і Возніка. На латыні назва Капэла азначае «маленькая каза», паколькі ў старажытнарымскай міфалогіі зорка сімвалізавала казу Амалфею, якая выкарміла Юпіцера. На Беларусі ж са з’яўленнем гэтай зоркі на небе ў калядны вечар пачыналі есці куццю. Мажліва, вобраз казы як святочнага персанажа калядных дзеяў з’яўляецца зямным увасабленнем нябеснай казы-зоркі.

Дракон.

Беларускі і польскі фалькларыст і этнограф Міхал Федароўскі зафіксаваў на Палессі такое вераванне, што нібыта вакол Паўночнай зоркі вісіць змей, якога мы называем Дракон. Яго закалоў святы Юрый, а потым таго змея прыбіў разам з дзідай да неба. Адсюль назва Дракон, у нас - Змей.

Наша астралогія

Калі ў Беларусі ёсць свае назвы зорак, звязаныя з імі паданні, ці была ў нас свая астралогія? Па словах Цімафея Авіліна, знакі задыяку ў традыцыйнай культуры невядомыя. Але вядома, што па зорках беларусы ўсё ж такі стараліся прадказаць будучыню. У народным календары маюцца прыкметы, звязаныя акурат са з’яўленнем тых ці іншых зорак у пэўны час. Напрыклад, калі бачылі яркую зорку каля месяца, гэта значыла, што нехта памрэ. Вызначыць, ці жывы чалавек, можна было, палічыўшы зоркі ў пэўным сузор’і. Калі лічба была парная - жывы, няпарная - мёртвы.

Па Курачках, Плеядах, вызначалі надвор’е на вясну.

P.S.:Калі вы ведаеце мясцовыя назвы зорак і легенды аб іх паходжанні, дасылайце свае лісты ў рэдакцыю.

Дарэчы:

Віктар Малышчыц, фатограф і выкладчык астраноміі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, выклаў летась у сеціве відэаролік, зроблены з ягоных уласных фотаздымкаў у фармаце таймлапс. На відэа - зорнае неба над славутымі беларускімі мясцінамі:

Каментар

- Усе народы маюць уласныя назвы сузор’яў, якія ў той ці іншай ступені супадаюць з назвамі ў суседніх ім народаў, - кажа Цімафей Авілін. - Наколькі мне вядома, афіцыйна, калі казаць пра прафесійных астраномаў, традыцыйныя назвы не выкарыстоўваюцца - у астраноміі прынятыя  грэчаскія і лацінскія назвы. Але ў рознага кшталту энцыклапедычных слоўніках падаюцца поруч з прынятымі назвамі і традыцыйныя.

Да Тэмы

Лекцыя пра беларускае зорнае неба праходзіла ў межах культурна-асветніцкага праекту «Дакраніся да вытокаў».

- Галоўная мэта нашага праекту - абудзіць інтарэс моладзі і наогул грамадства да традыцыйнай беларускай культуры, - распавяла «АіФ» каардынатарка праекту Карына САЛАВЕЙ. - На нашых сустрэчах мы хочам паказаць, якая цікавая і адметная беларуская культура.

У папярэдніх лекцыях «Дакраніся да вытокаў» ужо распавядалася пра беларускія святы і народны каляндар, зорнае неба і ўяўленні нашых продкаў пра нябесныя свяцілы і традыцыйныя стравы беларускай кухні.

 

 

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно