672

«Венскі баль з А1 у Купалаўскім» упершыню пройдзе ў Мінску

"Аргументы и факты" в Беларуси № 41. Откройте, горгаз! 08/10/2019

14 снежня ў Мінску ўпершыню адбудзецца дабрачынны венскі баль у адпаведнасці з устаноўленымі ЮНЭСКА крытэрыямі. Арганізатарамі балю выступаюць кампанія А1 і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мерапрыемства пройдзе пад патранатам Пасольства Аўстрыі ў Беларусі.

Месцам правядзення балю стане Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Ён быў выбраны не выпадкова: будынак, дзе сёння размяшчаецца Купалаўскі тэатр, прымаў падобныя публічныя мерапрыемствы яшчэ 130 гадоў таму. Такім чынам, правядзенне «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» стане свайго кшталту адраджэннем бальных традыцый Мінска.

«Купалаўскі тэатр ганарыцца сваёй гісторыяй старэйшага тэатра Беларусі. У гэтым годзе мы адзначаем свой 100-ы сезон, і нам вельмі прыемна, што ў час святкавання свайго векавога юбілею мы можам не толькі згадваць даўнія традыцыі, але адну з іх вярнуць у родныя сцены”, – адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел ЛАТУШКА.

Дырэктар Купалаўскага тэатра таксама нагадаў, што гісторыя баляў у Беларусі шматвекавая: яшчэ Радзівілы праводзілі балі, у Мінску ў доме Манюшка таксама запрашалі гасцей на такія мерапрыемствы.

Традыцыі і сучаснасць

Традыцыя правядзення венскіх баляў існавала ўжо ў першай палове XIX стагоддзя, калі Вена была сталіцай Аўстрыйскай, а пасля Аўстра-Венгерскай імперыі і славілася балямі пры двары дынастыі Габсбургаў. У сучаснай гісторыі венскія балі на чале з Венскім оперным балем праводзяцца пачынаючы з 1956 года. ЮНЭСКА ўнесла іх у спіс Нематэрыяльнай спадчыны і зафіксавала крытэрыі, якім павінны адпавядаць баль, каб мець права называцца венскім.

«Беларусь і Аўстрыю звязвае працяглае і прадуктыўнае супрацоўніцтва ў палітыцы, эканоміцы і культуры. Прыемна, што гэта партнёрства існуе не толькі ў выглядзе сухіх лічбаў і статыстыкі, але і праяўляе сябе ў выглядзе такіх яскравых мерапрыемстваў, як надыходзячы баль. І беларусы, і аўстрыйцы падзяляюць любоў да вытанчанага танца. Бальныя традыцыі нашых краін уяўляюць сабой частку шырокай і разнастайнай пан-еўрапейскай культуры. Спадзяюся, «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» стане знакавай падзеяй у культурным календары Мінска. Баль аб'яднае Беларусь і Аўстрыю і запомніцца яго ўдзельнікам мноствам радасных момантаў. Бальны вечар  – гэта прыгожае супрацоўніцтва Беларусі і Аўстрыі пры дапамозе вытанчанасці і стылю. Мая задача як пасла Аўстрыі ў Мінску – даць гасцям свята магчымасць адчуць унікальную атмасферу венскага бальнага сезона», – аздначыла пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія ВЁРГЕТТЭР.

«Кампанія А1 заўсёды бачыла сваю місію ў тым, каб усталёўваць сувязь паміж людзьмі – на самых розных узроўнях і ў самых розных сэнсах: ад выключна тэхнічных аспектаў да актыўнай міжнароднай культурнай камунікацыі. Менавіта таму мы сумесна з нашымі партнёрамі вырашылі ў гэтым годзе пачаць традыцыю правядзення ў Мінску дабрачынных венскіх баляў. Гэта адзін з самых вядомых і самых прыгожых сімвалаў сталіцы Аўстрыі – краіны, якая мае асаблівае значэнне для нашай кампаніі як часткі еўрапейскага холдынгу А1 Telekom Austria Group», – дадаў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі A1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.

Для дэбютантаў

На балі чакаюць дэбютантаў. Каб атрымаць магчымасць патрапіць на гэтае свята, трэба адпавядаць наступным крытэрыям: узрост 16-23 гадоў для дзяўчын, 18-26 гадоў - для юнакоў. Сямейнае становішча адпаведна – не замужам і халастыя.

Арганізатары плануюць адабраць 20 дзяўчын і 20 юнакоў для ўдзелу ў балі. Для моладзі спецыяльна правядуць урокі танцаў.

Адметныя рысы

«Венскі баль з А1 у Купалаўскім» будзе праведзены ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі ЮНЭСКА: з дапамогай Пасольства Аўстрыі ў Беларусі да падрыхтоўкі мерапрыемтва прыцягнуты аўтарытэтныя аўстрыйскія эксперты. Яны акажуць кансультацыйную падтрымку і дапамогуць у рашэнні галоўнай задачы – вызначэнні і падрыхтоўцы дэбютантаў: юнакоў і дзяўчат, якім, згодна традыцыі венскіх баляў, належыць адкрыць праграму масавым выкананнем паланэзу.

Адной з адметных рыс венскіх баляў з'ўляецца дабрачынны характар гэтых мерапрыемстваў. Не стане выключэннем і «Венскі баль з А1 у Купалаўскім»: 50% сродкаў ад продажу білетаў на яго будуць накіраваны на дапамогу праекту «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь» і яго падапечным – дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў ці рызыкуюць страціць яе з-за неспрыяльных сацыяльных фактараў.

Квіткі на «Венскі баль з A1 у Купалаўскім» паступяць у продаж у пачатку лістапада.

ДЛЯ ДАВЕДКІ

Аб праекце «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь»

«SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь» – недзяржаўная дабрачынная арганізацыя, створаная ў 1991 годзе для рашэння сацыяльна значных пытанняў у сферы аховы дзяцінства. Член Міжнароднай арганізацыі SOS-Kinderdorf International, якая дзейнічае ў 135 краінах свету.

У Беларусі дзейнічаюць тры сацыяльна-педагагічныя ўстановы адукацыі «SOS-дзіцячыя вёскі» – у Бараўлянах, Мар’інай горцы і Магілёве. Першая з іх, «SOS-дзіцячая вёска Бараўляны», з’явілася ў 1995 годзе пры падтрымцы аўстрыйскіх інвестараў. У гэтых вёсках сіроты замест дзіцячых дамоў жывуць ва ўтульных катэджах і выхоўваюцца ў SOS-сем'ях па 5-7 чалавек пад наглядам SOS-мамы. Усяго ў Беларусі існуе каля 30 такіх сем’яў для амаль 300 дзяцей.

У рамках 100-га сезона Нацыянальны акадэмичны тэатр імя Янкі Купалы распачаў праект «Купалаўскі адкрывае сэрца». На дадзены момант каля 300 дзяцей з SOS-дзіцячых вёсак наведалі некалькі спектакляў Купалаўскага тэатра.

Оставить комментарий (0)
А1

Также вам может быть интересно