2267

Не толькі пра вайну і вёску. Што пачытаць па-беларуску?

Сёння свет нашай сучаснай літаратуры для многіх жыхароў Беларусі - загадка. Чаму так адбываецца?

ирина чеснок

На гэтае пытанне «АіФ» адказала дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Ірына ЧАСНОК.

- З якімі праблемамі сутыкнулася беларуская літаратура сёння?

- Па-першае, мы жывем пад вялікім уплывам расійскай інфармацыйнай прасторы. І ў літаратуры склалася сітуацыя, што большасць чуе, чытае найперш пра іншых, а не сваіх, і па-руску. Па-другое, ідзе ўплыў глабалізацыі: зараз у літаратуры, дзякуючы Iнтэрнэту, з’явілася яшчэ больш канкурэнтаў у сферы змагання за ўвагу чытача. Па-трэцяе, некаторыя беларусы яшчэ не пазбавіліся ад стэрэатыпаў, што імпартнае лепшае за сваё.

- Чаму, на ваш погляд, беларусы рэдка чытаюць беларускую літаратуру?

- Пытанне мне падаецца абагульненым, бо беларусы розныя. Ёсць у нас людзі, якія цікавяцца сучаснай літаратурай. І хачу заўважыць: гэта не толькі філолагі. Доказам таму служыць тое, што з’яўляюцца модныя аўтары, на аўтограф-сесіі да якіх выстройваюцца чэргі. Не па прымусе, а па ўласным жаданні. Напрыклад, Андрусь Горват, які стрэліў з кнігай «Радзва «Прудок». Дзённік». Ці Віктар Марціновіч, якога асабіста я лічу прадстаўніком масавай літаратуры. Але ў нашым літаратурным працэсе, сапраўды, зараз існуе праблема: кола чытачоў абмежаванае.

- Можа, гэта з-за стэрэатыпу аб тым, што беларуская літаратура - толькі пра вайну і вёску?

- Сапраўды, чую пра "перакормленасць" дадзенымі тэмамі ў школе ад сваіх студэнтаў. Тут, канешне, важна паказаць вучням, што многае насамрэч найперш пра чалавека, пра маральныя каштоўнасці. Напрыклад, В. Быкаў. Вайна – гэта толькі фон, а сутнасць куды глыбей. Яго творы заўсёды будуць заставацца надзённымі, на мой погляд

ШКОЛЬНАЯ ПРАГРАМА

- Калі так, то што вы змянілі б у школьнай праграме?

- Акурат у гэтым годзе я ўвайшла ў склад аўтараў падручніка па беларускай літаратуры для 10-га класа. Пісала раздзел па творчасці Кузьмы Чорнага. Для вывучэння вынесены раман «Пошукі будучыні», а, на маю думку, у дадзенага пісьменніка ёсць нашмат больш удалыя творы: напрыклад, «Млечны шлях». А ўвогуле школьнікам у такім узросце больш блізкімі маглі б падацца яго імпрэсіяністычныя раннія апавяданні.

- А што яшчэ вы параілі бы ўключыць у спіс школьнай праграмы?

- Больш твораў на пазачасавыя тэмы. Напрыклад, творы М. Зарэцкага «Ой, ляцелі гусі», «Голы звер», якія, калі прачытаць, можна прыняць і за сучасныя. Разам з тым, уключыла бы ў школьную праграму п’есу Янкі Купалы «Тутэйшыя». Менавіта яна выключна важная для ўсведамлення важных падзей беларускай гісторыі і для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Многія творы С. Алексіевіч заслугоўваюць увагі. Лічу, што, калі б «Чарнобыльскую малітву» цалкам прачытаў кожны старшакласнік, гэта дапамагло б пазбегнуць магчымых катастрафічных памылак у будучым. А з паэзіі уключыла б В. Жыбуля, В. Рыжкова, Н. Кудасаву.

- Чаму такі выбар?

- Хацелася б, каб школьнікі бачылі, што беларуская літаратура розная. Яна можа быць і сур’ёзнай, і вясёлай. Кожны зможа знайсці ў ёй цікавае для сябе. І абавязкова трэба памятаць, што дзяцей, каб навучыць, важна зацікавіць. Напрыклад, каб чалавек палюбіў родную мову, часам больш прадуктыўна не загадаць яму вывучыць на памяць 10 вершаў пра яе, а закрануць па-беларуску чымсьці важным для пэўнага чалавека.

СУЧАСНАЕ

- Пра што сёння пішуць сучасныя аўтары?

- Сучасныя аўтары тасама пішуць і пра чалавека, і пра пачуцці, і пра нацыянальныя пытанні. Але ў сучасным кантэксце, з пункту гледжання чалавека, які жыве тут і зараз. Выкарыстоўваюцца самыя розныя жанры. Трохтомныя раманы ўжо становяцца не такімі папулярнымі праз тое, што тэмп жыцця стаў больш хуткім. Але ў беларускай літаратуры зараз можна знайсці і дэтэктыў, і эратычную навелу, і гістарычную аповесць, і фэнтэзі. Кожны знойдзе сваё.

- Як паказаць беларусам, што існуе такая, для некаторых, незвычайная беларуская літаратура?

- Лічу, што найперш бракуе рэкламы. У нас ёсць класныя фільмы паводле беларускіх літаратурных твораў, але далёка не ўсе пра іх нават чулі. І добра б больш твораў таксама адаптаваць для сцэны тэатра. У нас такое робіцца, канешне, але неабходна больш.

- Што было бы цікава з такога паглядзець?

- Я часта задаю сабе пытанне, чаму не маю магчымасці паглядзець у тэатры «Браму неўміручасці» К. Крапівы – п’есу актуальную і зараз. Важна памятаць, што нельга прымусіць любіць. Асабіста мне б хацелася таксама, каб у грамадства развіваўся літаратурны густ. Каб сучасныя чытачы шукалі не толькі лёгкасць і забаўляльнасць, але і глыбіню думкі, эстэтыку формы.

- Якія творы вы можаце параіць нашым чытачам?

- З класікі раю пазнаёміцца са «Скарбамі жыцця» М. Гарэцкага. Гэты твор надзвычай глыбокі, балючы, але тым і важны. Раю прачытаць «Ой, ляцелі гусі» М. Зарэцкага. Гэта не менш захапляльна за серыял, і дапаможа пазбавіцца ад стэрэатыпаў пра беларускую літаратуру. Варта прачытаць больш познія творы В. Быкава. Напрыклад, «Ваўчыную яму». З аднаго боку,  Быкаў застаецца Быкавым. А з іншага, тут ужо не вайна, і героі цікавыя, нестандартныя праз пэўную маргінальнасць: салдат-дызерцір, бомж, прастытутка. Наўрадці кагосьці пакіне абыякавым зборнік «Пан Лес» Анатоля Сыса. Вельмі цікавы пласт літаратуры – творы рэпрэсаваных аўтараў. А яшчэ вельмі цікавымі і пранікнёнымі мне, напрыклад, падаюцца вершы Ю. Таўбіна. Трэба чытаць і шукаць тое, што будзе блізка. А ў беларускай літаратуры ёсць шмат варыянтаў для такіх пошукаў.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно