71

Канец каляднага цыкла. Што робяць на Вадохрышча?

"Аргументы и факты" в Беларуси № 2. С места в карьеру 14/01/2025

Вадохрышча, якое адзначаюць 19 студзеня, у народзе лічыцца апошнім святам каляднага цыкла: «Святое Хрышчэнне – і Калядам прашчэнне». У гэты дзень, згодна з традыцыямі, святкавалася хрышчэнне Хрыста, асвячалася вада.

Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў яе пры розных бытавых выпадках і здарэннях: ваду давалі хвораму, ёю апырсквалі новую хату перад тым, як засяліцца ў яе, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы; хрышчэнскай вадою асвячалі поле перад сяўбою і труну, перш чым пакласці туды нябожчыка. Дзе-нідзе ў гэты дзень дазвалялася выконваць некаторыя сялянскія работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. Напрыклад, жанчыны маглі ўжо часаць да гладкасці лён, для таго каб і цяляты вадзіліся гладкія.

Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор'я. У народзе гаварылі: «На Вадохрышча вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача». Спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю: «На Вадохрышча дзень цёплы – будзе хлеб цёмны».

На Вадохрышча ў мінулыя часы звычайна прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі: «Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру», маўляў, большых маразоў ужо не будзе.

Улетку зіму я чакаю,
Яе вельмі паважаю.
А прыходзіць як зіма,
Ох, хутчэй бы ўжо цяпла!

***

Ах! Зіма, зіма, зіма!
Шмат ты снегу прынясла,
А цяпер кліча мароз,
Каб шчыпаў нам шчокі, нос!

Перад Вадохрышчам, у ноч  на 19 студзеня, звычайна гатавалі куццю. Але гэта была так званая «бедная», «галодная» або «вадзяная» куцця. Яна па сутнасці паўтарае першую, але у гэтым выпадку ўжо не згадваюць продкаў.

Куцця перад Вадохрышчам – дзень, калі варажылі дзяўчаты. Выбягалі на скрыжаванне і слухалі, у якім баку забрэша сабака. Лічылася, што адтуль і прыедуць сваты. Альбо бралі кавалачак куцці са святочнага стала, клалі пад падушку і загадвалі, каб сасніўся жаніх.

Дайце з горачкі спусціцца,
З ручайка вады папіць,
Дайце з міленькім злучыцца,
Пра любоў пагаварыць!

***

Я на ганачку стаяла,
Слёзы ажно коцюцца.
Усе дзеўкі выйшлі замуж,
Мне таксама хочацца!

***

Мяне мамачка будзіла,
Будзіла і плакала:
- Уставай, дачушка, родна,
Я цябе прасватала!

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно