1521

«Купалінка» - у караоке! Народныя песні вяртаюцца ў штодзённасць

"Аргументы и факты" в Беларуси № 46 15/11/2016

Нашы продкі спявалі з кожнай нагоды: на вяселлях і пахаваннях, у полі і за хатняй працай, над калыскай і за сталом. Водгук гэтай страчанай спадчыны сёння можна пачуць у караоке-клубах. Але ж гэта зусім іншы змест.

На думку этнографаў, народныя песні –  не проста вынаходніцтва продкаў, якое раскрывае летапіс развіцця народа і яго ментальнасць. Гэтая спадчына мае  канкрэтнае прыкладное значэнне: гэта  і псіхалагічная тэрапія - нездарма ж нашыя бабулі спявалі ў цяжкія моманты жыцця, і супраціў атруце пахабнасці.

Для папулярызацыі гэтай спадчыны шмат рабіў Уладзімір Мулявін, працягвае справу этна-трыа «Троіца», існуюць некалькі маладзёжных гуртоў, якія надаюць народным спевам  сучаснае гучанне, напрыклад,  «Shuma», «Vuraj».  Таксама развіваюцца новыя фарматы далучэння гараджан да песеннай культуры. Адзін з такіх паспяховых праектаў - «Спеўны сход», які распачалі журналіст Аляксей Чубат і музыкант Сяргей Доўгушаў.

Аляксей ЧУБАТ.
Аляксей ЧУБАТ. Фото: АиФ

Аляксей ЧУБАТ распавёў «АіФ», як гэта працуе.

Ідэя

- Мы дастаем спадчыну з этнаграфічных сховішчаў і надаем ёй новае жыццё ў асяроддзі сучаснікаў, у горадзе XXI стагоддзя. Місія праекта – каб беларусы зноў захацелі спяваць на святах, у важныя моманты жыцця, адрадзілі культуру супольных спеваў, якія яднаюць людзей, - тлумачыць Аляксей. - Мы размяшчаем аб’явы аб сходзе ў сацыяльных сетках і СМІ, збіраемся ў пэўным месцы і разам спяваем. Напрыклад, у 2015 годзе былі праведзены сем «Спеўных сходаў». Сярод іх «Барадулінскі», дзе мы развучвалі і спявалі народныя песні з Вушаччыны, якія збіраў Рыгор Барадулін. На «Веснавым сходзе» мы спявалі веснавыя песні, на «Застольным» - найбольш цікавыя ўзоры бяседных песень, а таксама слухалі самабытную беларускую музыку, якая выконвалася падчас застолляў. Мы прапануем удзельнікам знаёмства не толькі з народнай творчасцю, але і з малавядомай ці забытай аўтарскай спадчынай. Напрыклад, падчас спеўнай вандроўкі ў сядзібу славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе мы спявалі ягоныя творы. Адзін з іх - песня «Слёз тваіх больш не стрываю» - мае вельмі цікавую гісторыю. У 1794 годзе, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, адбылося вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам генерала Тадэвуша Касцюшкі. Маральны і патрыятычны дух жаўнераў і паўстанцаў Агінскі падымаў, ствараючы патрыятычныя песні і маршы. «Слёз тваіх больш не стрываю» быў напісаны спецыяльна для беларуска-літоўскіх патрыётаў. Кацярына II, пачуўшы яго, настолькі ўпадабала песню, што занатавала ў свой музычны альбом. Напэўна, яна не ведала ўсёй гісторыі яе стварэння.

Нам прыемна, што нашу ініцыятыву падтрымліваюць вядомыя людзі. Напрыклад, на нядаўнім «Спеўным схо-дзе», прысвечаным творчасці Манюшкі,  выступалі кампазітар Віктар Скарабагатаў, салістка Вялікага тэатра оперы  і балета Маргарыта Ляўчук.

У сярэднім «Спеўныя сходы» збіраюць па 100 чалавек. Да нас прыходзяць людзі, якія раней ніколі не спявалі.

Курсы, фэсты

Кантакты
https://www.facebook.com/speunyshod/ https://vk.com/speunyshod https://speunyshod.wordpress.com https://www.youtube.com/user/speunyshod
-У гэтым годзе мы адкрылі яшчэ «Спеўныя курсы», дзе на працягу двух тыдняў навучаем сталую групу слухачоў спяваць 5-10 народных песен, - працягвае Аляксей Чубат. - У любым месцы, напрыклад, за мяжой, яны змогуць іх праспяваць, перадаць гэтую спадчыну іншым. Такім чынам, вывучэнне і захаванне спадчыны адбываецца ўжо на трывалай падставе. 

У планах ініцыятараў – пашырэнне аўдыторыі.

- Мы б хацелі  ладзіць «Спеўныя сходы» з носьбітамі фальклору, каб гараджане спявалі песні разам з бабулямі і дзядулямі з вёсак. Для апошніх гэта таксама вельмі важна – адчуваць сябе патрэбнымі, незабытымі.

Ёсць задумкі ў арганізатараў зрабіць нацыянальны фэст «Спеўнага сходу», каб сабраць некалькі сот аматараў. Таксама яны плануюць выпусціць «Спеўнік» з беларускімі народнымі песнямі, думаюць і пра караоке-дыск.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно