2201

За кадрам. Як здымаюць «Калыханку»?

"Аргументы и факты" в Беларуси № 13. Курс и вирус. Симптомы и прогнозы 31/03/2020

На гадзінніку Белтэлерадыёкампаніі 10 раніцы. Атрымліваем часовы пропуск, падымаемся на трэці паверх і спяшаемся па доўгіх калідорах. Калі ведаць, куды ісці, можна знайсці невялікую студыю, з якой часта даносіцца смех. Менавіта там здымаюць любімую дзяцьмі беларускамоўную праграму «Калыханка».

Сямейная атмасфера

Калі мы глядзім «Калыханку» па тэлевізары, бачым толькі яркі фон, паверхню стала і герояў праграмы - акцёраў і лялек. Падчас здымак поле зроку значна шырэй: бачна акцёраў, якія пад сталом кіруюць лялькамі, лісты сцэнара на падлозе, тэхнічныя прылады і - самае галоўнае - людзей, адказных за прывабную карцінку.

Рэжысёр робіць паметкі ў сцэнарыі і бадзёра кіруе працэсам. Аператар кантралюе дзеянне ў кадры. Гукарэжысёр працуе за мікшэрскім пультам. Некалькі акцёраў стаяць за кадрам і чакаюць сваёй чаргі. Атмасфера ў студыі ўтульная, сямейная: у перапынках паміж здымкамі творчая каманда жартуе паміж сабой і абменьваецца навінамі.

Фота: АіФ

За час існавання праграмы змянілася мноства герояў: кот Марцін, Лесавічок, воўк Вова, Дзед Барадзед, Маляваныч... Зараз перадачу вядуць медзведзяня Топа (Уладзімір Варанкоў), лісічка Яна (Іна Ганчар), Фея сноў (Алена Бікранёва), падарожнік Нестар (Сяргей Жбанкоў), дзядуля Дабрадзей (Валянцін Салаўёў), няня Палінка (Таццяна Чардынцава), Буслік (Алена Гіронак) і яноцік Цёма (Эмілія Пранскутэ).

Працоўныя моманты

Сяргей Жбанкоў.

«АіФ» задаў некалькі пытанняў акцёру Сяргею ЖБАНКОВУ, які выконвае ролю падарожніка Нестара.

- Як даўно вы працуеце на «Калыханцы»?

- Амаль пяць гадоў. Мне лёгка гэта памятаць: мая дачушка нарадзілася ў той год, калі я прайшоў пробы ў «Калыханку». А на кастынг я прыехаў адразу пасля таго, як здаў на правы. Быў натхнёны, у добрым настроі. І праз 5-6 дзён пасля нараджэння маей дачкі мне патэлефанавалі і сказалі, что я прайшоў. Такі вось падарунак для маладога бацькі.

- Па якому графіку вы працуеце?

- Здымаем выпускі «Калыханкі» на месяц-паўтара наперад. Звычайна пішам чатыры перадачы ў дзень. Калі не паспяваем, здымаем больш.

Рэжысёры сочаць за кадрам, каб ляпаў не было. Заўсёды ёсць рызыка, што ў кадр вылезе галава ці рука. Працуем па панядзелках і пятніцах. У астатнія дні акцеры выступаюць у тэатрах.

- Раней персанажаў было менш…

- Так, але 35 год здымаць адных і тых жа герояў складана. «Калыханка» выходзіць кожны дзень - як сцэнарыстам прыдумляць новыя сюжэты? Памятаю, пасля свайго кастынгу я патэлефанаваў Аляксандру Віктаравічу Ждановічу, які гуляў Маляваныча. Мы з ім добра знаёмыя: абодва працуем у акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага. Я яму сказаў: «Выбачайце, я вас на «Калыханцы» падсядзеў». А ён: «Сярожа, нічога страшнага. Добра, што цябе ўзялі». Так я падхапіў эстафетную палачку. А каб дзеткі не пыталі, куды знік персанаж, Маляваныч расказаў пра свае прыгоды ў адным з эфіраў. Ён паехаў падарожнічаць і маляваць.

- Вам падабаецца працаваць на «Калыханцы»?

- Я з задавальненнем іду на праграму. У нас каманда класная: калі я толькі прыйшоў, мы адразу па-сяброўску «рэпятнулі». Заўсёды жартуем, атрымліваем асалоду адзін ад аднаго. Грэе, што праграма робіцца для дзетак. У нас добры рэйтынг на тэлебачанні. Калі людзі пазнаюць на вуліцы, звычайна гавораць: «Дзякуй, што ваша праграма на мове».

Фота: АіФ

Творчая ніша

Рэжысёр «Калыханкі» Аліна ЦЫТОВІЧ таксама атрымлівае асалоду ад сваёй працы.

- Я рэжысую дзіцячыя праграмы з 1995 года. Для мяне больш цікавага занятку на тэлебачанні няма. Праграмы для дзяцей - самая ўдзячная, патрэбная і творчая ніша. Твае магчымасці нічым не абмежаваныя, акрамя фантазіі. На кожных здымках мы вырашаем новыя задачы. Дзеці дасылаюць нам лісты, адказы на загадкі, атрымліваюць прызы.

Фота: АіФ

- Як выбіраюцца тэмы для выпускаў?

- Дзеці растуць, а тэмы застаюцца тыя ж. Мяняецца толькі падача. Лялькі сталі больш сучаснымі: яны карыстаюцца ноўтбукамі, планшэтамі, тэлефонамі. Сцэнарыстаў у нас некалькі, але кожны працуе над сваім матэрыялам. Адзін аўтар здае чатыры сцэнара ў месяц. Пасля гэтага шэф-рэдактар вычытвае ўсе тэксты, каб ідэі не паўтараліся. Часам сцэнарысты пішуць сюжэт быццам для «мульціка», і гэта немагчыма ўвасобіць лялькамі.

- А адкуль у вас столькі рэквізіта?

- Усё жыццё здымачнай каманды падпарадкавана таму, што з рэчаў можна выкарыстаць у «Калыханцы» ў якасці рэквізіту. Напрыклад, прынясе нехта флакончык духоў - і вось ужо імі карыстаецца модніца-лісічка.

Фота: АіФ

- Ці можна казаць аб тым, што беларуская мова - адна з галоўных «фішак» «Калыханкі»?

- Так, беларуская мова - гэта скарб праграмы. За моўнымі памылкамі ў нас сочаць рэдактары з сучаснымі слоўнікамі. Мы ўпэўнены, што для асваення мовы дастаткова акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе. Вось праграму «Дабраранак» дзеці вядуць на беларускай мове. І за час працы яны так ёю авалодалі, што могуць імправізаваць у кадры.

ДАВЕДКА

У першы раз праграма для дзяцей «Калыханка» выйшла ў эфір у студзені 1981 года. «Маці» «Калыханкі» лічыцца Ніна Шоба - галоўны рэдактар праграм для дзяцей і моладзі Беларускага тэлебачання. Менавіта яна прыдумала праграму і яе назву.

Пасля заканчэння перадачы гучыць песня «Доўгі дзень» на словы Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка. У розныя часы песню выконвалі спявачкі Ядвіга Паплаўская і Ліка Ялінская. Зараз яна гучыць у выкананні ансамбля «Верасы».

Фота: АіФ
Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно