5934

Дзеці размаўляюць на роднай мове. Як сям’я мінчукоў стала беларускамоўнай?

Фота: Аляксандра Баярына. / АиФ

Знаёмцеся, гэта сям’я Буто з Мінска. Яна складаецца з Вадзіма, Кацярыны і трох дзяцей: 6-гадовага Францішка, 3-гадовага Вінцэнта і 10-месячнага Дамініка. Уся сям’я размаўляе на беларускай мове. Кацярына распавяла «АіФ» пра паступовы пераход да роднай мовы і асаблівасці выхавання дзяцей у рускамоўным асяроддзі.

Фота з архіву сям'і.

«Больш за ўсё важны прыклад»

Мінчукі Кацярына і Вадзім заўсёды прыязна ставіліся да беларускай мовы: слухалі беларускія музычныя гурты, цікавіліся гісторыяй і культурай роднай краіны. А калі Кацярына разам з камандай аднадумцаў стварала анлайн-часопіс для творчых людзей ALOVAK, то настаяла, каб матэрыялы выходзілі на дзвюх мовах.

Але калісьці спробы мінчукоў размаўляць па-беларуску не заходзілі далей за дамашнія размовы. Усё змянілася толькі з нараджэннем першага сына.

- Як толькі я прыехала з радзільні, мы без усялякіх трэніровак перайшлі на беларускую мову, - узгадвае Кацярына. - Спачатку дома, а паступова і ў зносінах з іншымі людзьмі. Мы адразу вырашылі, што мовай, якую нашы дзеці ўпершыню пачуюць і будуць ведаць з маленства, мусіць быць беларуская. Малаверагодна, што дзяржава ці хтосьці яшчэ, акрамя бацькоў, у стане прывіць дзецям любоў да роднай мовы.    

Фота з архіву сям'і.

Дзецям вельмі важны прыклад. Калі ты штодзённа размаўляеш па-руску, наўрад ці пачуеш беларускую мову ад дзяцей. Але і свайго прыкладу можа быць недастаткова, калі ў сямейных адносінах ёсць напружанне і непаразуменне.

- Дарэчы, як вы выбіралі імёны для вашых дзяцей?

- Калі я была цяжарная першы раз, мы даволі позна даведаліся, што чакаем хлопчыка. Але я адчувала, што будзе менавіта ён, і імя прыдумала загадзя. Заўсёды хацела назваць сына Франак і была вельмі рада, што муж падтрымаў мяне. Мы толькі сумняваліся, якое поўнае імя запісаць у дакументах – Франц ці Францішак. Тады звярнуліся да даведнікаў і высветлілі, што беларускі варыянт гэтага нямецкага па паходжанні імя – Францішак.

А імёны для другога і трэцяга сына мусілі адпавядаць першаму. Тут ужо было не так лёгка: мы вычытвалі слоўнікі беларускіх імёнаў, выпісвалі варыянты і сумесна вырашалі, як назваць.

Фота з архіву сям'і.

- Ці складана было перайсці на беларускую мову?

- Спачатку мы з Вадзімам размаўлялі на ёй толькі паміж сабой, потым пачалі з бацькамі. Далей наш досвед адрозніваецца. Вадзім хутка змог перайсці на беларускую мову амаль на 100% з усімі, акрамя замежнікаў. Мой шлях да беларускамоўнасці быў даўжэйшым. Я доўга не магла адужаць у сабе страх размаўляць па-беларуску ў грамадскіх месцах, з незнаёмцамі. Мяркую, тут паўплывала тое, што я з дзяцінства не любіла звяртаць на сябе ўвагу, быць «белай варонай». Практыка і час дапамаглі справіцца, але рускай мовай я ўсё яшчэ карыстаюся – у асноўным у стасунках з тымі, з кім камунікавала на ёй раней.

– Як на мову рэагуюць незнаёмцы?

- Калі іншыя людзі чуюць, як нашы дзеткі размаўляюць на роднай мове, шмат хто замілоўваецца, па-добраму дзівіцца. Увогуле, калі мы недзе гуляем на пляцоўцы, рускамоўныя дзеткі выдатна разумеюць маіх, і наадварот. Але бывала і такое, што старэйшыя дзеці пыталіся, з якой краіны мы прыехалі. Тут і смешна, і сумна адначасова.

Фота: Аляксандра Баярына.

Узгадваю такі выпадак: аднойчы каля каталіцкага касцёла, у якім набажэнствы праходзілі па-беларуску, я папрасіла дзяцей прыхаджан не таптаць кветкі. Яны не зразумелі і перапыталі, што такое кветкі… Мне страшна асэнсаваць, што такое вядомае слова можа быць незразумелым сучасным дзецям у Беларусі! Для мяне гэта дзіўна, бо я пайшла ў школу ў 90-х гадах, калі беларускай мовы было шмат на тэлебачанні, на радыё, у школах…

Ёсць і пазітыўныя моманты: за час бацькоўства мы пазнаёміліся з людзьмі, якія таксама гадуюць дзяцей па-беларуску. У гэтым дапамагла супольнасць беларускамоўных бацькоў «Дзеткі-кветкі». Мы з задавальненнем сустракаемся і камунікуем, пакуль дзеці гуляюць.

Фота: Сяргей Кот.

-  Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра гэтую супольнасць.

- У 2017 годзе беларускамоўная мама Алёна Спірыдон стварыла Viber-супольнасць «Дзеткі-кветкі». Я амаль адразу дадалася да яе. Там гуртуюцца як тыя бацькі, хто пастаянна размаўляе і выхоўвае дзяцей на роднай мове, так і тыя, хто імкнецца да гэтага. За гэтыя гады мы пасябравалі, зладзілі шмат супольных мерапрыемстваў і сустрэч. Зразумелі, што мы не адны такія «ўнікальныя», і гэта радуе. Мы дзелімся досведам, як перайсці на беларускую мову, як выхоўваць на ёй дзяцей, як знаходзіць садкі і школы з беларускай мовай навучання, што чытаць і што глядзець па-беларуску.

«Сын пытаецца, чаму не ўсе размаўляюць на беларускай мове»

- Ці ходзяць дзеці ў беларускамоўны садок? Складана знайсці такі ў Беларусі?

- У нас пакуль толькі старэйшы сын ходзіць у садок. Мы пераязджалі, таму змянілі тры садка. Усе групы, якія наведваў Францішак, былі беларускамоўнымі. У тую ж групу, у якую ён ходзіць, пойдзе і Вінцэнт – яна рознаўзроставая, была створана пасля шматлікіх зваротаў і петыцыі ў Міністэрства адукацыі. Мы вельмі задаволеныя групай і выхавацелямі, але ж быў час, калі прыходзілася вазіць дзіця ў садок праз увесь горад.

Сітуацыя з сапраўднымі беларускамоўнымі групамі ў Мінску крытычная, насамрэч. На паперы іх шмат, але ў рэальнасці там можа ніхто не размаўляць па-беларуску, акрамя як на занятках. Бо выхавацелькі лічаць, што дзеці іх не разумеюць. Я ведаю, пра што кажу - менавіта такой была самая першая група Франка. З другой нам пашанцавала, бо там працавала цудоўная беларускамоўная па жыцці выхавацелька. Але гэта выключэнне, нажаль.

Увогуле ў Мінску я ведаю толькі два дзяржаўныя садкі з рэальнымі беларускамоўнымі групамі. Яшчэ ёсць прыватны садок і садок пры хрысціянскім сацыяльным цэнтры.

- Вашы дзеці валодаюць аднолькава добра і беларускай, і рускай мовамі?

- Не, пакуль толькі беларускай. Рускую разумеюць, але не размаўляюць. Словы асобныя могуць уставіць. Мяркую, калі пойдуць у школу, навучацца і па-руску размаўляць, нікуды не дзенуцца.

Фота з архіву сям'і.

- Ці ёсць у вашай сям’і любімыя творы, фільмы, песні на беларускай мове?

- Іх безліч! У нашым доме амаль толькі такія і чытаем, слухаем, глядзім. Калі нарадзіўся наш першы сын, з беларускамоўнай літаратурай і мультфільмамі было напружана, іх вельмі бракавала. Але з кожным годам сітуацыя мяняецца ў лепшы бок. Ёсць прыватныя ініцыятывы – цудоўныя выдавецтвы, студыі агучкі, якія ствараюць добрыя і якасныя прадукты на роднай мове. Ім няпроста працаваць у нашых умовах, таму заўсёды стараемся падтрымліваць іх – набываем кнігі, удзельнічаем у краўдфандынгавых кампаніях.

- Дзеці калі-небудзь пыталі, чаму ў іх сям’і размаўляюць на беларускай, а не на рускай мове?

- Па ўзросту пакуль толькі Францішак задаецца моўнымі пытаннямі. Але ён хутчэй пытаецца, чаму не ўсе размаўляюць на беларускай мове, бо гэта для яго абсалютна натуральна. Прыходзіцца тлумачыць, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, і людзі часцей абіраюць рускую, як сродак камунікацыі. Сын хоць маленькі, але абураецца такой сітуацыяй. Увогуле мы не акцэнтуем увагу дзяцей на тое, што яны чымсьці адрозніваюцца ад іншых. Хутчэй кажам пра тое, што кожны адукаваны чалавек мусіць ведаць родную мову. 

Я бачу толькі перавагі ў беларускамоўнасці нашых дзяцей. Быццам гэта іх моцны бок – яны маленькія, а ўжо разумеюць дзве мовы. Бацькі часта хочуць, каб дзеці былі лепшымі за іх. Дык вось і мы так – нам важна, каб нашыя сыны не толькі разумелі родную мову, але і размаўлялі на ёй з дзяцінства.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно