2570

Аляксандра Ларчанка чытае ўрывак з твора Аркадзя Куляшова «Маці»

Аляксандра Ларчанка з сярэдняй школы №4 горада Рэчыцы.
Аляксандра Ларчанка з сярэдняй школы №4 горада Рэчыцы. Youtube.com

Аляксандра Ларчанка з сярэдняй школы №4 горада Рэчыцы выканала ўрывак з твора Аркадзя Куляшова «Маці». Мы ўпэўненыя, што чытанне гэтай дзяўчынкі не пакіне вас абыякавымі.

Урывак з твора «Мацi»

На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,
На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.
Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,
Сын прыйдзе з паходу,
Са славаю прыйдзе з паходу.

Дарэмна ўздыхала,
Чакала
І шчасця, і долі, -
Упалі зярняты
На камень шчарбаты
У полі.

Дарэмна здалёку
Паўнюткія вёдры цягала,
Той камень у спёку
Вадой і слязьмі палівала.

Да кроплі іх выпіў задымлены
Камень пякельны:
Два леты кіпелі на ім яны,
Як на патэльні.

Ля каменя ўпала
Цярплівая маці ў знямозе,
У роспачы скардзіцца стала
Знаёмай дарозе:
«Пачуй мае словы,
Улашчы свой камень суровы,
За гэта вярбою
Гатова я стаць над табою.
Твайго пешахода
Я ў засень ад спёкі б хавала,
У час непагоды
Ад бур і дажджоў засланяла;
Старымі рукамі
Твой дол падмятала б штодня я.
Улашчы свой камень,
Дарога мая палявая».

Сказала дарога ёй:
«Скардзішся, маці,
Дарма ты,
Не ўзыдуць зярняты,
Бо ўпалі на камень шчарбаты.
Не першая ты
Каля камня заходзішся з жалю,
Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.
На нашыя нівы
Яго закацілі чужынцы;
Чужы і маўклівы,
Даўно ён ляжыць пры гасцінцы».

Аркадзь Куляшоў

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно