2528

Новыя героі сезона. Сюрпрызы, якiя чакаюць маленькiх гледачоў

№ 38 от 15 сентября 2015 года 15/09/2015

Хто не ведае вядучых праграмы «Калыханка»? Такіх, пэўна, не знойдзецца сярод маленькіх гледачоў. Кожны вечар дзеці з нецярплівасцю чакаюць сустрэчы са сваімі любімымі героямі - Топам і Янай. А калыханачныя лялькі - вядомыя фантазёры і гарэзы. З імі не так лёгка справіцца! І таму на дапамогу Маляванычу і Феі Сноў прыходзяць падарожнік Нестар Пацехін, няня Палінка і дзядуля Дабрадзей.

Нестар - аматар падарожжаў і выдатны фотамастак. Вясёлы гаварун і выдатны весялун. Ён аб’ехаў амаль паўсвету і ў такія пераплёты ў сваіх вандроўках трапляў, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць! З ім не засумуеш!

У абаяльнай, пяшчотнай і шчырай дзяўчыны - няні Палінкі свой погляд на выхаванне дзяцей: ніякіх правілаў - будзь самім сабой! Ці знойдзе яна агульную мову з малымі гарэзамі «Калыханкі»?

Дзед Дабрадзей - «цвік» праграмы! Казачных спраў майстар, цудоўны апавядальнік і мовавед. Інтэлігентны, добры, мудры, здольны на выдумку дзядуля. Дый наогул ён пра ўсё на свеце ведае! Да яго можна звярнуцца па кожнай нагодзе: і з цікавым пытаннем, і з пабітым носам. Ён добра спявае і танцуе. Да таго ж разбіраецца ў камп’ютарных гульнях, нават у шашкі можа згуляць «анлайн»! Менавіта такога дзядулі і не хапала ў нашай «Калыханцы»!

Цікавыя сюрпрызы

Акрамя таго, «Калыханка» рыхтуе для гледачоў і іншыя цікавыя сюрпрызы - новыя мультфільмы, вясёлыя конкурсы, пацешныя гульні, незвычайныя прыгоды і нечаканыя адкрыцці!

Праграма з цёплай, светлай атмасферай не толькі зацікавіць малых, але і дазволіць сур'ёзным і стомленым ад клопатаў дарослым на імгненне вярнуцца ў дзяцінства і акунуцца ў даўно забытыя адчуванні. «Калыханка» аб’яднае і настроіць на прыемную вечаровую тэлехвалю ўсю сям'ю.

Далучайцеся да нашай кампаніі кожны вечар у 20.45 на тэлеканале «Беларусь 3»!

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно