173

Жыў з густам! Спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава

"Аргументы и факты" в Беларуси № 25. Сколько там "накапало"? 18/06/2024

Знакаміты пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласцi. Пасля вайны жыў у Гароднi, потым пераехаў у Мiнск. Пад Мінскам, у аграгарадку Ждановічы, захавалася дача знакамітага земляка, якая зараз з’яўляцца музеем.

Туды «АiФ» адправіўся на экскурсію, каб блiжэй пазнаёмiцца з жыццём i бытам пiсьменнiка.

У ружах I бярозах

 – Гэта не дом, у якiм жылi пастаянна, а лецішча,  – распавядае гiсторыю гэтага месца старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Iрына КНЯЗЕВА.  – Васiль Уладзiмiравiч пераехаў у Мiнск пад канец 1970-х гг. А вось гэты надзел ён узяў у 1982 годзе.

Тут нiчога не было, акрамя бярозак, якiя мы таксама захоўваем. У нашай экскурсійнай праграме гэтыя дрэвы  – каштоўны экспанат, бо Васіль Уладзіміравіч вельмі любіў iх. Калi будавалi лецiшча, пiсьменнiку раілі іх высечы. Але Васiль Быкаў адмовіўся ад такой прапановы. Казаў, што бярозы нагадваюць яму партызанскую Беларусь.

Дом будаваўся «з нуля». Выбралі невялікае месца, свабоднае ад дрэў, i паступова ўздымалі будынак.

Акрамя бяроз, раней тут было прыкладна 134 куста руж. Іх вырошчваў Васіль Быкаў разам з другой жонкай, Ірынай Міхайлаўнай. Былі тут кусты і фруктовыя дрэвы, а вось градак з бульбай i цыбуляй тут не вадзілася.

Характэрная рыса для лецiшча 1980-1990-х гг. - абіўка сцен гасцявога пакоя «вагонкай».
Характэрная рыса для лецiшча 1980-1990-х гг. - абіўка сцен гасцявога пакоя «вагонкай». Фото: АиФ

Не было часу пiсаць

Дом здалі ў эксплуатацыю ў 1985 годзе. Нельга сказаць, што Васіль Уладзіміравіч імкнуўся мець лецішча. Але гэта быў свайго роду прэстыжны «пакет» для кожнай асобы таго часу, асабліва для пісьменніка. Лічылася, што сярод прыгажосці прыроды творчы чалавек будзе не толькі адпачываць, але і шмат тварыць. Васiль Быкаў і сам спачатку думаў, што будзе пісаць у цесным куточку на другім паверсе, пад бярозамі… Але на дачы яму не пісалася. Нешта вечна перашкаджала. То дзіцячы смех на вуліцы мог адцягваць увагу, то госці прыйшлi (а iх тут было шмат), то трэба было нешта палiць, рамантаваць, дапамагаць Iрыне Міхайлаўне па гаспадарцы.

Таму мастацкіх твораў на лецiшчы напісана не было. Пісьменнік больш шпацэраваў, маляваў, думаў… Аднак у 80-я гады газеты прасілі Быкава як выдатную асобу выказвацца наконт тых ці іншых падзей для газетных артыкулаў. Такім чынам, тут Быкаў пісаў толькi дакументальную прозу.

Малюнкi для кухнi зрабiў сам пiсьменнiк.
Малюнкi для кухнi зрабiў сам пiсьменнiк. Фото: АиФ

Быкаўскiя фрэскi

Будынак лецiшча незвычайны для свайго часу. Менавiта з-за таго, што  ў праектаванні прымаў удзел сам пісьменнік, бачны нестандартны падыход: пакоі акуратна падзелены на розныя зоны, а архітэктура пабудовы зусім не падобная на звычайны сельскі домік. Характэрнай рысай для лецiшча 1980 –1990-х гг. з’яўляецца абіўка сцен гасцявога пакоя «вагонкай».

Першы паверх  – гасцёўня, кухня. Другі паверх  – балюстрада, кабінет Васіля Уладзіміравіча, пакой Ірыны Міхайлаўны і мансарда.

У гасцёўнi стаiць вялікі стол. Беларуска-курдскі пісьменнік Ганад Чарказян, які сябраваў з Быкавым, вельмі добра працаваў з дрэвам. Таму распрацаваў дызайн гэтага мэблевага гарнітура для 12 чалавек.

У гасцёўні шмат карцін аўтарства пісьменніка i яго сяброў. У куце  – прайгравальнік і вінілавыя пласцінкi. Побач стаiт тэлевiзар. А на паліцах, якія размясціліся на сценах дома,  – мноства сувеніраў. Іх Быкаву прывозілі сябры з розных краін.

Кухня тут маленькая. Дотык гаспадара памятаюць звычайны недарагi посуд, тэрмас з выявай алімпійскага мішкі, сіфоны... I, канешне, кідаецца ў вочы роспіс у верхняй частцы сцяны: кавуны, баклажаны, дыні, вінаград і іншыя дары прыроды. Гэтымi фрэскамi займаўся сам Васіль Уладзіміравіч.

Нiякай пампезнасцi

Пісаў Быкаў на лецiшчы мала, а вось маляваў у сваё задавальненне. Для гэтага майстэрню яму зрабiлi ў мансардзе. Дапамог зноў Ганад Чарказян. У гэтым пакоі сонечней i цяплей, чым у iншай частцы будынка. Усё вельмі сціпла. Нічога лішняга, ніякай пампезнасці. Але шмат кніг, часопісаў, карцін.

Цiкавы экспанат  – акварэль з выявай замка, якую прэзентаваў Уладзімір Караткевіч. На адваротным яе баку  – радок з верша Караткевіча: «Усё мінае  – гонар не мінае». А пасля смерці сябра Быкаў наклеіў сюды ж выразаны з газеты некралог Караткевiча. Вельмi сумаваў па свайму сябру.

Дух гаспадара

У 2012 годзе  Iрына Мiхайлаўна, удава пiсьменнiка, перадала дачу на баланс дзяржавы, каб тут зрабiлi музей. Стварэнне экспазiцыi заняло паўтара года.

І зараз тут адчуваецца моцны дух гаспадара дома. Кажуць, што тыя, хто доўга тут знаходзіцца, асабліва аматары творчасці Васіля Быкава, адчуваюць яго прысутнасць. У тым лiку калі падымаюцца на другі паверх і бачаць рабочы кабінет пісьменніка з пакінутым на крэсле пінжаком. Нібыта ён тут, але проста выйшаў на некалькі хвілін…

 

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно