Толькi 25 з паловай гадоў адпусціў лёс Максіму Багдановічу. З іх на любімай Беларусі паэт пражыў амаль пяць гадоў і шэсць месяцаў. Ён жыў нядоўга, але вельмі свядома. І ўсё гэта жыццё было адным доўгім вяртаннем дадому - сэрцам, думкамі, словам.
Біяграфію класіка распавяла загадчык філіяла «Беларуская хатка» ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» Ала ІВАШКЕВIЧ.
Дзяцінства і сям’я
Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся ў Мінску 9 снежня 1891 года. Раннія дзіцячыя гады паэта прайшлі ў Гродна, дзе сям’я пражыла больш за чатыры гады. Гэты час быў і шчаслівым, і трагічным… Калі Максіму не споўнілася і пяці, памерла ад сухотаў яго маці Марыя Апанасаўна Багдановіч (у дзявоцтве Мякота). Гэтая страта паўплывала i на светапогляд, i на творчасць паэта - ён сумаваў па маці ўсё сваё жыццё.
У сям’і Адама Ягоравіча Багдановіча і Марыі Апанасаўны было чацвёра дзяцей: сыны Вадзім, Максім, Леў і дачка Ніна. Вадзіма не стала ў 18 гадоў ад сухотаў. Леў, таленавіты матэматык, загінуў у 1918 годзе. А Ніначка памерла зусім немаўляткам…
Пасля ў Багдановіча-старэйшага было яшчэ два шлюбы.
Пераезд і хвароба
У лістападзе 1896 года Адам Ягоравіч з сынамі пакідае Беларусь і пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Там у 1902 годзе Максім Багдановіч паступіў у мужчынскую гімназію.
Ён самастойна вывучаў беларускую мову: па кнігах, слоўніках. А свае першыя вершы па-беларуску напісаў у 10-11 гадоў. Бацька паэта не вельмі разумеў захапленне сына беларускай мовай і літаратурай. Таксама Адам Ягоравiч не адпусціў сына вучыцца на філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Насамрэч гэтае рашэнне было разумным: пецярбургскі клімат не падыходзіў паэту. Чаму? У 1909 годзе Максіму быў пастаўлены дыягназ «сухоты». Бацька прыкладаў усе свае намаганні, каб падтрымаць здароўе сына. Аднак у самастойным жыцці паэт дрэнна клапаціўся пра сябе. Таму хвароба хутка развівалася…
Юнацкае каханне
Пазней з Ніжняга Ноўгарада сям’я пераехала ў Яраслаўль. У апошнія гімназічныя гады Максім пазнаёміўся з сям’ёй свайго аднакласніка Рафаіла Какуева і закахаўся ў яго сястру Ганну. Гэтая дзяўчына натхніла яго на напісанне шматлікіх твораў, сярод якіх «Раманс», што пачынаецца радкамі: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…». Ганна была піяністкай, паехала вучыцца ў Пецярбургскую кансерваторыю, а Максім застаўся ў Яраслаўлі, паступіў вучыцца на юрыста. Так іх шляхі разышліся. Нягледзячы на расстанне, Максім Багдановіч захаваў вобраз Ганны ў творчасці.
Ці памятала Какуева пра Максіма? Верагодна, так. Дакладна мы не ведаем, якія пачуцці перажывала Ганна, але, паводле ўспамінаў яе родных, вечары, праведзеныя на двары іх дома моладдзю, сярод якой быў і Багдановіч, жылі ў яе памяці і былі вельмі дарагія для яе.
«З iм было цёпла»
У 1916 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, Максім Адамавіч прыехаў у прыфрантавы Мінск. Паступіўшы на службу ў статыстычны аддзел мінскай губернскай управы, паэт актыўна ўключыўся ў дзейнасць Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны і клуба інтэлігенцыі «Беларуская хатка». Паэт шмат працаваў, а па вечарах і начах займаўся творчасцю.
У той час Максім Багдановіч жыў на кватэры Змітрака Бядулі. Так, два класіка беларускай літаратуры жылі пад адным дахам пяць з паловай месяцаў. Змітрок Бядуля з радасцю саступіў Максіму вялікі светлы пакой. Зараз у гэтым доме 1904 года знаходзіцца музей «Беларуская хатка». Назва музея нарадзілася ў памяць пра аднайменны клуб інтэлігенцыі, актыўным удзельнікам якога быў не толькі Максім Багдановіч, але і іншыя дзеячы беларускай літаратуры.
Калі Багдановіч прыехаў у Мінск, ён быў вельмі хворы. Але шмат працаваў на карысць іншых людзей. Пра яго засталося багата ўспамінаў. Паэтэса Зоська Верас, напрыклад, узгадвала, што Багдановіч, нягледзячы на сваю хваробу, быў заўсёды акуратным, падцягнутым. Сябры адзначалі, што з Максімам заўсёды цёпла, прыемна. Ён быццам замкнёны, але калі бліжэй знаёміўся з людзьмі – адкрываўся. Усе, хто яго ведаў, душою і сэрцам гарнуліся да яго, бо Максім Багдановiч заўсёды абыходзіўся з людзьмі вельмі далікатна, шчыра.
Паспеў шмат
Паэзія Максіма Багдановіча была нетрадыцыйнай для тагачаснай маладой беларускай літаратуры. Менавіта дзякуючы творчасці Максіма Багдановіча ў нашай літаратуры з’явіліся новыя цвёрдыя формы вершаў, уласцівыя еўрапейскай паэзіі. Тым самым наш паэт выразна паказаў: на беларускай мове можна рэалізаваць любую літаратурную форму. Яшчэ малады класiк паклаў пачатак урбаністычнай паэзіі ў беларускай літаратуры.
Творчасць Багдановіча натхняе сваёй вобразнасцю і глыбінёй. У яго вершах мы знаходзім сацыяльную тэматыку, патрыятычныя матывы, вобразы прыроды, лірыку кахання. Усяго дзесяць гадоў адпусціў лёс Максіму Багдановічу для працы ў беларускай літаратуры. Але за гэты кароткі тэрмін ён паспеў неверагодна шмат.
Максім Багдановіч быў і філосафам, і рэалістам, і рамантыкам. Нягледзячы на маладосць, быў вельмі мудрым чалавекам. Усё сваё жыццё ён працаваў, не шкадуючы сябе, каб паспець сказаць тое, што хвалявала яго. Так, у нашых сэрцах жыве творчасць Максіма Багдановіча, яго незабыўны «Вянок» (1913 г.) – адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў.
Хацелася б падкрэсліць: класiк пакінуў нам словы пра высокую красу і прыгажосць, пакінуў свой непаўторны свет, сваю філасофію, эстэтыку, свой шматгранны талент паэта, празаіка, перакладчыка, літаратурнага крытыка. Геніяльная творчасць Максіма Багдановіча – гэта прыклад глыбокага патрыятызму.
…У лютым 1917 года Максім Багдановіч адправіўся ў Ялту на лячэнне. Яму станавілася ўсё горш і горш, але сябры верылi, спадзяваліся на лепшае. Аднак 25 мая паэта не стала. На жаль, развітацца з iм не змаглі яго родныя i сябры.
Магчыма, паміраючы, Максім Багдановіч, як і раней, любіў жыццё ў яго шчымлівым харастве…
ТРЫ ШЛЮБЫ
А вы ведалi?
У другім шлюбе Адам Багдановіч быў жанаты на сястры жонкі пісьменніка Максіма Горкага.
На працягу жыцця Адама Багдановіча і Максіма Горкага звязвала цеснае сяброўства, а на пачатку 1899 года Адам Ягоравіч узяў шлюб з сястрой жонкі Максіма Горкага – Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай. На вялікі жаль, пры першых родах Аляксандра Паўлаўна памерла.
Пазней Адам Ягоравіч уступіў у трэці шлюб – з роднай сястрой сваёй першай жонкі. Аляксандра Апанасаўна нарадзіла Адаму Ягоравічу пяцёра дзяцей.


Правила комментирования
Эти несложные правила помогут Вам получать удовольствие от общения на нашем сайте!
Для того, чтобы посещение нашего сайта и впредь оставалось для Вас приятным, просим неукоснительно соблюдать правила для комментариев:
Сообщение не должно содержать более 2500 знаков (с пробелами)
Языком общения на сайте АиФ является русский язык. В обсуждении Вы можете использовать другие языки, только если уверены, что читатели смогут Вас правильно понять.
В комментариях запрещаются выражения, содержащие ненормативную лексику, унижающие человеческое достоинство, разжигающие межнациональную рознь.
Запрещаются спам, а также реклама любых товаров и услуг, иных ресурсов, СМИ или событий, не относящихся к контексту обсуждения статьи.
Не приветствуются сообщения, не относящиеся к содержанию статьи или к контексту обсуждения.
Давайте будем уважать друг друга и сайт, на который Вы и другие читатели приходят пообщаться и высказать свои мысли. Администрация сайта оставляет за собой право удалять комментарии или часть комментариев, если они не соответствуют данным требованиям.
Редакция оставляет за собой право публикации отдельных комментариев в бумажной версии издания или в виде отдельной статьи на сайте www.aif.ru.
Если у Вас есть вопрос или предложение, отправьте сообщение для администрации сайта.
Закрыть