Народны пісьменнік Іван Чыгрынаў упершыню ў беларускай літаратуры паказаў гераічны беларускі народ, які ганарова засведчыў сябе дзейсным суб’ектам сусветнай гісторыі ў час вайны. У сваіх раманах ён апісаў беларускую вайну і мір.
«Цемныя хмары тушаць светлыя мары»
Іван Чыгрынаў на вайне з маленства. Нарадзіўся пісьменнік 12 студзеня 1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Не паспеў хлапчук выбегацца каля прыгожай Бесядзі і надыхацца баравымі духмянасцямі, калі гэты цудоўны дзіцячы эрмітаж узарвала вайна. Вайна зруйнавала жыцце. Забрала бацьку на фронт. Закрыла школу, каб дзеці не вучыліся і Іван не стаў пісьменнікам. На вясковай вуліцы зніклі дзіцячыя забавы. Толькі сабакі брахалі на нямецкіх салдат і паліцэйскіх. Чыгрынаў прайшоў вайну ад пачатку і да вызвалення Беларусі. Пазней ўспамінаў, як быў партызанскім разведчыкам. Здаралася ў вайну, што ў беларускіх дзяцей быў недзіцячы ваенны абавязак. У пагрозлівую хвіліну яны былі «вачыма» партызан.
Так што Чыгрынаў «з дзяцінства застаўся на вайне». Нават калі прыйшла чаканая перамога, вайна для беларускага народа не закончылася. Дамоў не вярнуліся многія салдаты, не прыйшоў і бацька Івана. Але як божы дар засталася школа. Настаўнікі, кнігі адкрылі перад ім чароўны свет, напоўнілі думкі паэтычнымі вобразамі. Чыгрынаў у старэйшых класах піша вершы і друкуе іх у раённай газеце. Ён імкнецца пазнаць прыгажосць мастацкага слова, выкласці ў вершах свае мары. На шчасце, ваеннае ліха не зацямніла душу падлетка смяротнай жудасцю, а ўмацавала характар валявы, цверды, мужны. І да яго існасці слова «чыгрын» - чалавек моцны, разважлівы, мудры.
Пасляваенная рэчаіснасць адкрывала перад юнаком незвычайныя жыццёвыя дарогі і пасылала іншы раз шчаслівыя падарункі лёсу. Родную Саматэвіцкую школу, дзе вучыўся Чыгрынаў, наведваў таленавіты паэт А. Куляшоў. Адзін паэтычны ўрок, дзе Чыгрынаў чытаў свой верш на вачах у вядомага паэта, стаў вызначальным для вырашэння жыццевага шляху. На мастацкай дарозе сустрэліся народны паэт Аркадзь Куляшоў і будучы народны пісьменнік Іван Чыгрынаў.
У школе і ва ўніверсітэце, на аддзяленні журналістыкі БДУ, куды ён паступіў у 1952 г., «свет шчасліва перавярнуўся», і ўжо «светлыя мары патушылі цёмныя хмары». Ва ўніверсітэце ўзышла мастацкая зорка пісьменніка. Гэта было божае прызначэнне. Жыцце ў вайну вылучыла свайго таленавітага летапісца.
«Свабода - выбар народа»
Пасля заканчэння ўніверсітэта Іван Чыгрынаў зноў «пайшоў на вайну», толькі ўжо ў літаратуры. «Я праваяваў вайну. Я ў ёй жыву», - гаварыў Іван Гаўрылавіч у адным інтэрв'ю. Перажытая трагедыя не адпускала яго душу. «Жудасць вайны стаіць над маім лёсам», – гаварыў пісьменнік. У шматлікіх апавяданнях ён адкрываў непераадольныя вытокі народнага процістаяння іншаземнаму гвалту і крываваму разбою фашыстаў на нашай зямлі.
Пісьменнік рыхтаваў фундамент для стварэння эпахальнай карціны жыцця беларускага народа ў вайну. Не на вайне, а «у вайну». У вайну, якая нясе чалавеку смерць. У вайну, калі жыццё, насуперак злу, пераадольвае ўсе беды і прадаўжаецца. Гэты мастацкі вобраз – філасофская ідэя ўсёй пяцітомнай эпапеі Чыгрынава. Звышцяжкае жыццё беларускага народа ў вайну ўскалыхнулася пагрозлівай хваляй у рамане Чыгрынава «Плач перапёлкі», а затым расцяклося магутнай плынню па ўсёй творчасці пісьменніка. Унікальная, рэалістычная і ўражлівая праўдзівасцю мастацкая карціна жыцця народа ў вайну ўпершыню была так маштабна прадстаўлена ў беларускай літаратуры. Пісьменнік знайшоў адметную назву свайму раману - «Плач перапёлкі». У паданнях беларускай даўніны птушка-перапёлка - сімвал вернасці, мужнасці і гармоніі.
Вайна згвалтавала жыцце, плакала перапёлка, зняважыла беларускі народ, знішчыла мільёны людзей. Пагрозу пагібелі, як смяротную пятлю, павесілі фашысты над беларусамі. У гэты расстрэльны час зло і нянавісць к захопнікам узнялі людзей на барацьбу за жыццё, за свабоду. Пазней Чыгрынаў скажа, што беларусы ў вайну прыкладна здзівілі суседнія народы сваім подзвігам. Уся Беларусь была на вайне. Яна ваявала за лініяй фронта ў тыле ворага. Там было дзве аблогі супраць акупантаў. Партызанскі фронт у пушчанскіх прасторах і падпольныя групоўкі ў гарадах і вёсках. Беларусы ў вайну жылі, каб змагацца.
У раманах Чыгрынава лёсы людзей былі такія складаныя, як і сама вайна: адны змагаліся на фронце, другія спрабавалі прыстасавацца да акупацыйнай улады. Многія пайшлі ў партызанскія атрады, а некаторыя апранулі паліцэйскія мундзіры. Аднак вайна ўсім паказала, што яна прыйшла як смяротнік і яе наступствы – бясконцыя ахвяры на фронце і ў акупацыі, неапраўданае зладзейства фашыстаў супраць нас. Плач перапёлкі гучаў жалобна, гучна, прызыўна і паступова ўздымалася народная сіла супраць вайны.
Пад фашысцкім прыгнетам, вобразна вызначае Чыгрынаў, беларусы вырашылі яшчэ адну нацыянальную задачу – выратавалі сваіх дзяцей. Салдаты ваявалі на фронце, а дома засталіся іх сем’і. У Чыгрынавых было восем дзяцей. У маёй мамы нас пяцера. А ў суседаў праз вуліцу – дзесяць. Нашы мамы звыш мужна выстаялі фронт абароны сваіх дзяцей. Уздымем высока голас павагі святым беларускім жанчынам, якія захавалі будучыню беларускага народа.
«Наша сіла была ў нянавісці да акупантаў. Народ не мог не паўстаць супраць фашысцкага зверства. І народ паўстаў!» – яскрава, падрабязна, па-ваеннаму сурова піша Іван Чыгрынаў. У лагеры за калючым дротам, у аблозе фашысцкіх войск, пад паліцэйскім наглядам, там, дзе, здавалася, не заставалася паветра для ўздыху, – народ паўстаў, выстаяў і перамог! Беларусы не аддалі сваю зямлю ў каланіяльнае рабства. Прызыў перапёлкі, птушкі любові і вернасці, пачула ўся Беларусь. Беларусы ў вайну захавалі за сабой права на існаванне ў гісторыі. «Вайна – гэта не толькі наша боль і бяда, але і слава», – гаварыў народны пісьменнік.
«Ісціна не знікае – праўда перамагае»
Іван Чыгрынаў – адзін з яркіх інтэлектуалаў у справе фарміравання нацыянальнай мастацкай інтэлігенцыі. Значную частку свайго жыцця ён прысвяціў рэдактарскай працы ў часопісах «Полымя» і «Спадчына». Гэта быў каштоўны вопыт пазнання рэчаіснасці праз творы аўтараў, якія ён рэдагаваў, і магчымасць заўважыць малады талент. Тады мастацкая зорка абавязкова загарыцца. Творчы аўтарытэт Івана Чыгрынава ў 1976 г. вылучае яго на працу сакратаром праўлення Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Уплывовы і слынны грамадзянін у 1986 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пісьменнік быў таленавітым мастаком і аўтарытэтным дзяржаўным дзеячам. Гэты перыяд яго жыцця напоўнены «залатым дажджом мастацкіх твораў». Выходзяць з друку раманы «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», напісаны шматлікія апавяданні. У тэатрах паказваюць спектаклі па яго п’есах.
Творы Чыгрынава «пайшлі» у кіно. Рэжысер Ігар Дабралюбаў стварыў дзевяць серый фільма «Плач перапёлкі». У Беларусі кінаэпапея пра жыццё ў вайну стала выдатнай мастацкай з’явай, маштабным кінафестывалем аб змаганні беларускага народа за сваю свабоду. Прызнанне таленту пісьменніка ўшанавана ў мастацкіх пераводах яго твораў больш чым на дзесяць замежных моў. Гэта чыннасць для Чыгрынава – гонар і міжнароднае прызнанне мастацкай каштоўнасці беларускай літаратуры. «Раман – вышэйшая адзнака сталасці не толькі літаратуры, але і народа», – мудра зазначаў пісьменнік. Патрэбна яшчэ раз ганарова падкрэсліць, што барацьба беларусаў з фашысцкімі захопнікамі стала павучальным прыкладам ахвярнага гераізму для многіх народаў. Аўтарытэт і павага да беларусаў у міжнародным супольстве адзначана тым, што Беларусь пасля Вялікай Айчыннай вайны займела чыннасць быць адной з заснавальніц ААН.
Іван Чыгрынаў сваім жыццем і творчасцю сведчыў: ісціна заключаецца ў тым, што беларускі народ жыве па волі Бога на ўручанай яму на вечнае карыстанне зямлі як вышэйшай каштоўнасці яго быцця. Гэта з’яўляецца першаснай высновай для зберажэння і абароны гэтага нацыянальнага багацця. Па Чыгрынаву – такі бясконцы шлях Беларусі ў гісторыі. Праўда заўседы на баку народа, які бароніць свае права на існаванне, дараванае Богам. Гэта выпакутавана, адваёвана беларусамі і сцверджана ва ўсіх раманах пісьменніка. У змесце раманаў жыве беларускі народ, з боем выходзіць з цемры акупацыі і пачынае жыцце без вайны. Цяжка, пакутліва, але з надзеяй і ўпэўненасцю, што ў цябе больш не выстраляць. Творчасць пісьменніка з’яўляецца маральна-этычнай крыніцай, што можа выцякаць толькі з ахвярнасці, мужнасці і непераадольнага духа беларусаў. Ісціна твораў Чыгрынава ў тым, што беларускі народ не мог паступіцца сваёй свабодай, а праўда ў тым, што мужны народ немагчыма перамагчы.
У 1992 г. Чыгрынаву было прысвоена ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі». Мастак увайшоў у вышэйшы калегіум інтэлектуалаў рэспублікі. Народным ён быў па званні і сутнасці вызначэння ідэй перспектыўнага развіцця беларускай дзяржавы. Ідэалогія яго творчасці заснавана на неабходнасці згуртавання беларускага народа вакол ідэі свабоднага жыцця. Народ, які адзначыўся ў сусветнай гісторыі як волат мужнасці і пераможнай барацьбы за свае права прадаўжаць і развіваць цывілізацыю, заслужыў гэту жыццёвую ўзнагароду. Уладкоўваць свабодную і незалежную дзяржаву, лічыў Чыгрынаў, патрэбна на аснове нацыянальнай ідэі свабоднага жыцця і цывілізаванага развіцця грамадства.
Раманы Чыгрынава сталі адкрыццем нашага народа ў сусветнай гісторыі. Народа, які перамог у вайне, калі чалавек знаходзіцца пад варожым прыцэлам і мяжа паміж жыццем і смерцю вымяраецца імгненнем. У інфармацыйнай прасторы Чыгрынаў «пасяліў» вобраз беларускага народа – змагара супраць зла за свабоду, супраць смерці за жыццё.
Народны пісьменнік, чынны грамадзянін Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў адышоў на неба ў 1996 г. Вечным рэквіемам яго слаўнага жыцця гучыць эпапея «Плач перапёлкі». Беларускаму народу ён завяшчаў Мір.
Прафесар Алег Слука
Мининформ: книги на 25 языках мира изданы в Беларуси в 2025 году
Мининформ: в 2025 году в стране издали 149 книг на белорусском языке
Правила комментирования
Эти несложные правила помогут Вам получать удовольствие от общения на нашем сайте!
Для того, чтобы посещение нашего сайта и впредь оставалось для Вас приятным, просим неукоснительно соблюдать правила для комментариев:
Сообщение не должно содержать более 2500 знаков (с пробелами)
Языком общения на сайте АиФ является русский язык. В обсуждении Вы можете использовать другие языки, только если уверены, что читатели смогут Вас правильно понять.
В комментариях запрещаются выражения, содержащие ненормативную лексику, унижающие человеческое достоинство, разжигающие межнациональную рознь.
Запрещаются спам, а также реклама любых товаров и услуг, иных ресурсов, СМИ или событий, не относящихся к контексту обсуждения статьи.
Не приветствуются сообщения, не относящиеся к содержанию статьи или к контексту обсуждения.
Давайте будем уважать друг друга и сайт, на который Вы и другие читатели приходят пообщаться и высказать свои мысли. Администрация сайта оставляет за собой право удалять комментарии или часть комментариев, если они не соответствуют данным требованиям.
Редакция оставляет за собой право публикации отдельных комментариев в бумажной версии издания или в виде отдельной статьи на сайте www.aif.ru.
Если у Вас есть вопрос или предложение, отправьте сообщение для администрации сайта.
Закрыть