823

Беларускія прыпеўкі. Чым адметны наш варыянт частушак?

У багатай скарбніцы беларускай народнай песнятворчасці адметнае месца займае прыпеўка. У нашы дні яна па-ранейшаму любімы ў народзе фальклорны жанр. Змястоўная і па-мастацку дасканалая прыпеўка чуйна рэагуе на многія падзеі, што адбываюцца ў грамадстве і жыцці людзей.

Тэрмін «частушка», якім часта карыстаюнца даследчыкі, запазычаны з рускай літаратуры і ўпершыню ў навуковы ўжытак беларускай фалькларыстыкі ўведзены ў пачатку XX стагоддзя.

Мой мілёначак харош,

Хоць за пазуху палож.

Палажыла б за душу,

Ды баюся – задушу.

***

Ой, у садзе грушкі-дзічкі,

А жаніх мой певялічкі.

Буду грушкі збіраць,

Кавалера гадаваць.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове тэрміны «прыпеўка» і «частушка» ўжываюцца як сінанімічныя, раўназначныя, што і замацавана нарматыўнымі слоўнікамі акадэмічных выданняў апошняга часу. У народзе прыпеўкі называюцца па-рознаму: прыпевы, папеўкі, падскокі, тарадайкі, брандушкі, забаўкі, скакухі, плясухі, круцёлкі, акалюшкі, вытанкі, вытанні, вытушкі, выдрыганцы.

А рабіць не хачу

І жаць не сагнуся,

А як пайду танцаваць,

Вось дзе пакажуся.

***

Ці я ў мужа не жана,

Ці не гаспадыня?

Тры дні хаты не мяла,

Печы не тапіла.

Чым жа выклікана шматлікасць назваў прыпеўкі? Тлумачыцца гэта, відаць, функцыянальнымі і рэгіянальнымі асаблівасцямі жанру, якія народам строга дыферэнцыраваліся. У народным уяўленні прыпеўка ніколі не была аднастайнай. Мнагастайнасць назваў якраз і адлюстроўвала жанравыя асаблівасці прыпевак, якія адрозніваюцца паміж сабой і мелодыяй, і рытмікай, і характарам, і манерай спеваў, бо яны выконваюцца сола, дуэтам, хорам, салістам і хорам, як прыпеў да танца, да музыкі (такія прыпеўкі адрозніваюцца залежнасцю ад найгрышу і музычнага інструмента – скрыпкі, балалайкі, гармоніка і інш.), жанчынамі або мужчынамі, пры пэўных абставінах – у полі, на лузе, на вясковай вуліцы, у памяшканні, пры пэўных гульнях, ігрышчах. І, безумоўна, рэгіянальная прыпеўка, як правіла, мела сваю назву.

Піша, піша, мой радзіцель,

Піша бацька родны мой,

Піша бацюхна радной:

«Прыязджай, сынок, дамой».

***

Не ўсё горачка паплачаш,

Не ўсё горачка тужыць.

Замяту гора пад лаўку

Няхай гора паляжыць.

***

Ой, пайду я ў лавачку,

Куплю мёду баначку.

Няхай мілы мажацца

І к другім не вяжацца.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно