«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях» (Лк 2, 10-12).
Дарагія браты і сёстры!
Час святкавання Божага Нараджэння – гэта час прыняцця любові Бога праз Яго надзвычайны падарунак чалавецтву: нараджэнне Езуса Хрыста, Божага Сына. Таму ва ўрачыстай літургіі Касцёл нагадвае нам пра вялікую праўду гэтай любові: сам Бог уцелавіўся і стаў Чалавекам. Ён стаў маленькім Дзіцяткам, каб мы не баяліся Яго, бо веліч Бога, нябачнага і ўсемагутнага, можа бянтэжыць і непакоіць нас. Таму Ён пажадаў прыйсці да нас Немаўляткам, каб мы маглі наблізіцца і прытуліцца да Яго: Ён стаў Эмануэлем – «Богам з намі».
Анёлы, якія прынеслі пастухам вестку аб нараджэнні Божага Дзіцятка, спевам праслаўлялі Бога і абвяшчалі спакой: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Яны абвяшчаюць нам, што Бог поўны хвалы, што Ён з’яўляецца Святлом, ззяннем Праўды і Любові: Deus caritas est – «Бог ёсць любоў».
СЭНС ЖЫЦЦЯ
Браты і сёстры! Несумненна, спакой сярод людзей тут, на зямлі, звязаны з нашым праслаўленнем Бога. Калі чалавек на зямлі славіць Бога, захоўвае Ягоныя запаведзі, чыніць дабро, то ён будуе «валадарства спакою і згоды». Звернем жа свае сэрцы і вочы да Бога-Дзіцяці. Шчыра памолімся за сябе і за тых, хто яшчэ не прыняў Бога ў сваё сэрца і не разумее, у чым сэнс жыцця, каб усе мы, дзеля каго Сын Божы прыйшоў на зямлю, сталі абаронцамі Яго дару спакою ў гэтым мітуслівым свеце, каб мы сталі вестунамі закліку Святога Айца Францішка да адкрытага братэрства: Fratelli tutti – «усе мы – браты».
Мае дарагія! Вялікая радасць Божага Нараджэння, абвешчаная анёламі, кранула сэрцы пастухоў і натхніла іх спяшацца з гэтай незвычайнай навінай у Бэтлеем. Спяшаймася ж таксама і мы ў наш «Бэтлеем», туды, дзе Бог аб’яўляецца нам. А Ён прыходзіць да нас у сакрамэнце Эўхарыстыі, праз які прагне ўвайсці ў кожнае чалавечае сэрца; у сакрамэнце пакаяння, дзе Езус Хрыстус дакранаецца да нашай душы сваім прабачэннем.
Наш «Бэтлеем» – гэта таксама і нашыя сем’і, калі мы праслаўляем Бога, застаючыся вернымі Яму і Яго запаведзям. У Вігілію Нараджэння Пана, дзелячыся аплаткай за святочным сталом і спяваючы калядныя песні, абвяшчайма адзін аднаму і свету: Pax in terra – «спакой на зямлі людзям добрай волі».
Благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння, радасці, спакою, аднаўлення духоўных і фізічных сілаў у надыходзячым новым, 2024 годзе!
Божае Дзіцятка Езус, благаславі нас і любую Беларусь!
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Пасланне на Урачыстасць Нараджэння Пана 2023 года
Et Verbum caro factum est — «Слова сталася целам» (Ян 1, 14)
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
«Хрыстус нарадзіўся — Бог аб’явіўся! Уславім Яго!» Гэтая радасная вестка гучыць сёння па ўсім свеце, а яе вестуном з’яўляецца Каталіцкі Касцёл, які вуснамі духавенства чыніць яе актуальнай у сэрцах вернікаў. Менавіта вестка аб нараджэнні Божага Сына з’яднала нас, прысутных сёння ў святынях нашай архідыяцэзіі, а таксама ўсіх тых, хто далучаецца да святкавання Божага Нараджэння. Дарагія вернікі, таму і я, ваш брат і біскуп, з радасцю абвяшчаю праўду аб Нараджэнні Пана: Бог стаў чалавекам, Ён прыйшоў, каб пасяліцца сярод нас. Бог не дзесьці далёка ад нас — Ён блізка! Імя «Эмануэль» азначае «Бог з намі». Ён не Хтосьці невядомы — у Яго ёсць бачнае аблічча, і гэта твар Езуса Хрыста.
Мае дарагія! Абвяшчэнне таямніцы Божага Нараджэння — заўсёды новае і актуальнае, заўсёды дзіўнае і радаснае, таму што яно пераўзыходзіць усе нашыя самыя смелыя спадзяванні. Перш за ўсё таму, што гэта не проста чутка, а сапраўдны факт, гэта падзея, аб якой распавялі нам вартыя даверу сведкі, што на свае вочы ўбачылі Езуса з Назарэта. Знаходзячыся побач з Ім, назіраючы за Яго сталеннем, Яго дзеяннямі і слухаючы Яго словы, сведкі Евангелля прызналі Езуса Хрыста Месіяй. Убачыўшы Яго ўваскрослым пасля ўкрыжавання, яны цалкам пераканаліся, што Хрыстус, сапраўдны Чалавек, які паходзіць ад Айца, поўны ласкі і праўды (пар. Ян 1, 14).
Браты і сёстры, «Слова сталася целам»! Слова і цела — гэта дзве супрацьлеглыя рэальнасці, таму слушна ў свой час папа Бэнэдыкт XVI задаў пытанне: «Як можа вечнае і ўсемагутнае Слова стаць слабым і смяротным чалавекам?» Адказ ёсць толькі адзін: так учыніла Любоў. Той, хто любіць, хоча ўсім дзяліцца са сваім любым, хоча быць у еднасці з ім. Таму ў Святым Пісанні паказваецца доўгая гісторыя любові Бога да свайго народа, любові, якая, па словах святога Яна Паўла II, «дасягнула сваёй вяршыні ў Езусе Хрысце».
«Слова сталася целам…» Святло гэтай праўды адкрываецца кожнаму, хто прымае яе з вераю, бо гэта вялікая таямніца любові. Святло Божага Нараджэння праліваецца на ўсіх, хто адкрыты на шчырую любоў. Так было ў бэтлеемскую ноч, так ёсць і сёння. Уцелаўленне Сына Божага — гэта падзея, якая адбылася ў канкрэтны момант гісторыі, але ў той жа час выходзіць па-за яе межы. Папа Францішак, разважаючы аб гэтай праўдзе, піша: «Сярод ночы гэтага свету запальваецца новае святло, бачнае простым позіркам веры, лагодным і пакорным сэрцам чалавека, які чакае Збаўцу». І гэта не проста факт, які адбываецца сам па сабе, незалежна ад нас: прыняцце гэтай Праўды патрабуе нашай веры — нашага «так», выказанага сэрцам.
Браты і сёстры, чаго сапраўды шукае нашае сэрца, як не Праўды? Яе шукае кожнае дзіця, задаючы бацькам і выхавацелям шматлікія пытанні; яе шукае малады чалавек, які жадае знайсці глыбокі сэнс жыцця; яе шукаюць усе мужчыны і жанчыны, імкнучыся спраўляцца са сваімі абавязкамі ў сям'і і на працы; яе шукае кожны пажылы чалавек, каб мець адчуванне паўнаты зямнога існавання.
«Слова сталася целам…» Штогадовае святкаванне ўрачыстасці Божага Нараджэння — гэта святло для народаў, для супольнага шляху чалавецтва. «Эмануэль» — Бог з намі — прыйшоў як Кароль справядлівасці і спакою. Як мы ведаем, Яго валадарства не з гэтага свету, але яно важнейшае за ўсе зямныя валадарствы. Гэта як «закваска» для чалавецтва: калі б яе не было, не было б той магутнай сілы, якая кіруе намі ў супрацоўніцтве дзеля агульнага дабра і ў самаахвярным служэнні бліжняму. Вера ў Бога, які пажадаў падзяліцца з намі сваёй любоўю, пастаянна заахвочвае нас да ўдзелу ў гэтай Божай гісторыі збаўлення. Давайце разам сузіраць гэтую вялікую таямніцу любові, няхай нашыя сэрцы будуць асветленыя святлом, якое ззяе ў Бэтлеемскай стаенцы. Няхай святло Божага Нараджэння зноў заяснее і натхніць нас да пошукаў справядлівага і мірнага суіснавання. Няхай абнадзейлівае пасланне прыйсця Эмануэля супакоіць усялякі боль і суцешыць кожнага з нас у цяжкіх выпрабаваннях, даючы сілы і надзею на будучыню ўсім людзям добрай волі.
Браты і сёстры. Святы Божага Нараджэння і наш актыўны ўдзел у іх, перыяд Калядаў можа стаць своеасаблівым «пятым Евангеллем», якое мы пішам жыццём веры ў сённяшнім свеце. Давайце рабіць гэта мужна, нават калі здараюцца памылкі! Давайце абвяшчаць свету Евангелле праз нашыя працягнутыя далоні ва ўчынках міласэрнасці, згодна з наказам Хрыста: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Божае Нараджэнне — гэта ўнікальная ўрачыстасць для сям’і. Гэта не свята прыбранай ялінкі ці зімовага сонцастаяння. Бог стаў Чалавекам, каб размаўляць з намі як Чалавек. Божае Нараджэнне — гэта найвялікшая падзея ў гісторыі чалавецтва, якой мы, вернікі, павінны быць заўсёды вернымі вестунамі. Мы павінны бараніць яе перад усялякімі спробамі секулярызацыі, бо хоць нараджэнне Месіі было вельмі чаканым, але яно поўнілася цяжкасцямі і выпрабаваннямі для Марыі і Юзафа: у Бэтлееме не было месца для Святой Сям’і, якая чакала нараджэння Езуса. Сын Божы, прыйсце якога прадвяшчалі старазапаветныя прарокі, не быў запрошаны ўвайсці ў гэты свет. Людзі не разпазналі знакаў часу, знакаў прыйсця Месіі, і таму не клапаціліся аб тым, каб падрыхтаваць Яму месца ў сваіх дамах і ў сэрцах. У шумным «заездзе» чалавечага жыцця ўсе былі занадта занятыя сваімі справамі, каб заўважыць прыйсце Божага Сына. Падзеі ў Бэтлееме ў святую ноч з’яўляюцца жывым і яскравым сведчаннем таго, што Пан Бог, якога людзі заўсёды ўспрымалі як «далёкага, пагружанага ў вечнасць на вышынях», увайшоў у гісторыю чалавецтва абсалютна незаўважаным. Месцам свайго нараджэння Ён выбраў убогі хлеў на ўскраіне чалавечага жыцця і паўсядзённых справаў. Таму Ён і сёння выбірае месцы далей ад людскога шуму, ад крыкаў і спрэчак аб тым, хто важнейшы і ў каго больш правоў. Бог выбраў месца, дзе пануе цішыня, дзе ніхто нікога не прыгнятае, дзе выразна чуваць Яго ціхі голас.
Мае дарагія вернікі, у жыцці кожнага з нас ёсць нешта ад таго бэтлеемскага «заезду». Каб зразумець і адчуць Бога, які прыходзіць да нас, мы павінны перажыць навяртанне, у нас павінна адбыцца духоўная перамена. Нам патрэбны новы погляд на ўласнае жыццё, неабходна адбудаваць і ўмацаваць асновы нашага жыцця, каб не разбурыўся дом нашага чалавечага існавання. Час абвяшчэння Добрай Навіны не можа скончыцца з завяршэннем нашага святкавання Божага Нараджэння. Несці ў свет Евангелле і практыкаваць яго неабходна кожны дзень: бацькі павінны рабіць гэта сваім адказным клопатам аб каталіцкім выхаванні дзяцей; моладзь і дзеці — вернасцю ў сяброўстве з Езусам і сумленным выкананнем сваіх абавязкаў; хворыя і церпячыя — ахвяраваннем сваіх цяжкасцяў Богу і яднаннем з Ім; урэшце, усе мы павінны старацца жыць згодна са сваім сумленнем і пакліканнем. Давайце пісаць нашае «пятае Евангелле» з мужнасцю, нават калі здараюцца памылкі. Бог і сёння прыходзіць да чалавека, хоць многія яшчэ не ведаюць пра гэта, як і ў Бэтлееме. Давайце прынясем гэты дар туды, дзе яго ніхто не чакае, на перыферыю чалавечага існавання, бо дзе б ні жыў чалавек, туды хоча прыйсці Бог, і Ён робіць гэта праз шлях нашага чалавечага сведчання веры.
Злітуйся, нябесны Сыне,
З нашай бацькаўшчыны мілай!
Хто жыве ў Тваёй краіне,
Ахіні святлом і сілай.
Абмінае хай навала
Нашы вёскі з гарадамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі!
(Францішак Карпіньскі, Песня пра Божае Нараджэнне)
Свае пажаданні на радаснае святкаванне Урачыстасці Нараджэння Пана і на ўвесць Новы 2024 год падмацоўваю пастырскім благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Трансляции рождественских богослужений покажет канал "Беларусь 1"
Как правильно ставить свечи в храме на Рождество?
Какие подарки можно подарить на Рождество?
Час асаблiвай радасцi. Пастырскае пасланне на свята Божага Нараджэння
Правила комментирования
Эти несложные правила помогут Вам получать удовольствие от общения на нашем сайте!
Для того, чтобы посещение нашего сайта и впредь оставалось для Вас приятным, просим неукоснительно соблюдать правила для комментариев:
Сообщение не должно содержать более 2500 знаков (с пробелами)
Языком общения на сайте АиФ является русский язык. В обсуждении Вы можете использовать другие языки, только если уверены, что читатели смогут Вас правильно понять.
В комментариях запрещаются выражения, содержащие ненормативную лексику, унижающие человеческое достоинство, разжигающие межнациональную рознь.
Запрещаются спам, а также реклама любых товаров и услуг, иных ресурсов, СМИ или событий, не относящихся к контексту обсуждения статьи.
Не приветствуются сообщения, не относящиеся к содержанию статьи или к контексту обсуждения.
Давайте будем уважать друг друга и сайт, на который Вы и другие читатели приходят пообщаться и высказать свои мысли. Администрация сайта оставляет за собой право удалять комментарии или часть комментариев, если они не соответствуют данным требованиям.
Редакция оставляет за собой право публикации отдельных комментариев в бумажной версии издания или в виде отдельной статьи на сайте www.aif.ru.
Если у Вас есть вопрос или предложение, отправьте сообщение для администрации сайта.
Закрыть