65

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень

Пастырскае пасланне на Вялікдзень.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Слаўце Яго ўсе народы і ўся зямля!

Анёлы ім сказалі: «Больш вам не трэба слёз,
Хрыстос, Збавіцель свету, З памерлых уваскрос!»
(з песні “Хрыстос уваскрос з памерлых“)

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Умілаваныя вернікі, дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Вітаю вас, мае дарагія, гэтымі словамі велікоднага закліку, які гучыць сёння ва ўсіх каталіцкіх і праваслаўных святынях свету, бо сёння ўсе хрысціяне з надзеяй святкуюць Пасху — Вялікі Дзень у гісторыі хрысціянства і ўсяго чалавецтва.

Уваскрасенне Езуса Хрыста — самы важны цуд у гісторыі чалавецтва, фундамент хрысціянскай веры. Езус уваскрос, Месія жыве! Без гэтай упэўненасці наша вера была б беспадстаўнай. Пустая магіла, дзе Езуса паклалі, пацвярджае ўсё, што Ён раней абвяшчаў і чыніў.

Пасля ўваскрасення Пана Езуса апосталы Пётр і Ян пабеглі да магілы, каб пераканацца, што жанчыны прынеслі ім праўдзівую вестку. Яны вельмі здзівіліся, калі ўбачылі адвалены камень. Яны нават не маглі падумаць, што Езус уваскрос з мёртвых, таму Марыя Магдалена сказала Сымону Пятру: «Узялі Пана, і не ведаем, дзе Яго паклалі». Гэтае сцвярджэнне стала трывожным сігналам для пошуку адказу на пытанне аб тым, што здарылася з целам Езуса Хрыста. Напачатку гэта не было “добрай навіной”, але, убачыўшы пакінутую плашчаніцу і хусту, апосталы паверылі, што Езус уваскрос і жыве. У той момант яны ўспомнілі, як Езус прадвяшчаў ім аб гэтай падзеі. Яны пераканаліся, што Ён можа зрабіць усё, што Ён выканаў тое, што абяцаў.

Радасць сённяшняга дня, радасць гэтых дзён, — гэта тая самая радасць, якую спазналі Апосталы і вучні, калі адкрылі неверагодную, з чалавечага пункту гледжання, рэчаіснасць, што Хрыстус, які ўкрыжаваны, Хрыстус, які сапраўды памёр, жывы; што магіла пустая. Такой была радасць Апосталаў, першых вучняў, а потым і першых хрысціянскіх супольнасцяў, першых пакаленняў. Рэчаіснасць, якая выклікае радасць, і радасць, якая вынікае з гэтай рэчаіснасці. Пасха ніколі не бывае маленькай, яна заўсёды вялікая: сёння, праз усю актаву, ва ўсім жыцці, ва ўсёй гісторыі. Яна вялікая! Яна мае Боскую веліч у гісторыі чалавецтва, у вымярэнні чалавечага існавання, чалавечага жыцця. Яна належыць нам, яна належыць чалавечай гісторыі, існаванню кожнага з нас і ўсіх пакаленняў.

Пан Езус усім, хто верыць у Яго, прынёс найлепшую навіну: Бог ёсць магутны. Бо Ён перамог нават смерць. А калі гэта так, то Езус таксама дае і нам надзею на нашу шчаслівую будучыню — калі мы будзем прытрымлівацца Яго вучэння, калі будзем захоўваць запаведзі, то будзем жыць вечна. Зямное жыццё, часта поўнае цяжкасцяў, хваробаў і цярпенняў, неўзабаве скончыцца, а неба адкрые перад намі перспектыву жыцця, поўнага шчасця, Божага шчасця, якога мы цяпер не можам нават уявіць. Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца святлом для нас і для ўсяго свету. Ён нясе нам надзею і спакой. Хрыстус прыносіць нам упэўненасць, што мы таксама аднойчы ўваскрэснем і будзем жыць з Ім. Але пакуль мы не паверым ва ўласнае ўваскрасенне, да таго часу ў нас не будзе сіл для ўзыходжання на неба.

Езус уваскрос з мёртвых тут і цяпер – у гэтым быў перакананы апостал Ян – не дзесьці ў будучыні, напрыканцы часоў, у неакрэсленай далечыні… Бог уваскрасіў Яго з душой і целам, і ў гэтым навізна хрысціянства. Смерць была пераможана, Езус адкупіў нас. Гэта вестка цудоўная, вялікая і праўдзівая. Падзякуем Яму за тое, што дае нам асаблівую моц і энергію, якая асвятляе цемру і дае цяпло, абуджае надзею і з’яўляецца крыніцай новага жыцця.

Няхай гэтая радасць напоўніць нашы сэрцы і заахвоціць нас, каб мы, нягледзячы на шматлікія перашкоды, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень, былі напоўнены пазітывам і надзеяй. Каб мы глядзелі ў будучыню з верай, надзеяй і любоўю. Папа Францішак кажа сённяшняму чалавеку: «Хрыстус жыве! І Ён хоча каб і ты жыў. Хрыстус з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету. Кожны, хто дазваляе Хрыстусу дакрануцца сябе праз Слова, Святую Камунію, становіцца маладым маладосцю Езуса».

Браты і сёстры. Уваскрасенне адбываецца не адзін толькі раз і не заўсёды на досвітку і зусім не тады, калі мы гэта плануем. Пан праходзіць праз зачыненыя дзверы нашых сэрцаў і выходзіць з натоўпу, з самага краю бездані, так, што ніхто не можа спыніць Яго (гл. Лк 4, 29-30). Гэта Той, хто ламае хлеб на скрыжаванні дарог, корміць нас і спакойна адыходзіць, а мы раптам адчуваем, што нашае сэрца пачынае палаць (гл. Лк 24, 13–35). Ён прамовіць нашае імя, і мы адкрыем у Яго голасе, што гэта Той, хто ведае нас, бо Езус ведае, што ёсць у чалавеку, Ён ведае ўсіх (Ян 2, 25; 20, 16).

Уваскрасенне Езуса — гэта таксама ўваскрасенне апосталаў і ўсіх тых, хто будуе на Ім свой свет. Каталіцкі і праваслаўны святы Ісаак Сірын пісаў, што адзіным сапраўдным грахом з'яўляецца абыякавасць да Уваскрослага Хрыста. Сённяшняе свята, якое ўспамінае найважнейшую падзею ў гісторыі свету, павінна дапамагчы нам пераадолець нашую абыякавасць, наш супраціў, увайсці, убачыць і, перш за ўсё, паверыць (пар. Ян 20, 29). Паверыць не дзякуючы нашай вернасці, шчыраму наследаванню Езуса (што важна і на што звяртае ўвагу св. Павел), але дзякуючы вернасці і любові Бога. «Бог можа толькі любіць», — з упэўненасцю сцвярджае святы Ісаак Сірын. Ён прыйшоў да такой высновы, на працягу многіх гадоў разважаючы над словамі Яна Багаслова: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8). Сёння надзвычай важна падкрэсліць гэта: цярпенні ніколі не паходзяць ад Бога, Бог не робіць нічога дрэннага, бо Ён — крыніца любові, крыніца жыцця і святла. Ён не хоча ні чалавечага гора, ні прыродных катаклізмаў, ні аварый, ні войнаў. Бог заўсёды з тымі, хто церпіць, з тымі, каму дрэнна, і Ён дае нам ласку суцяшаць тых, хто пакутуе.

Мае дарагія. Хрыстус не адмаўляе таго, што ёсць боль, што ёсць слёзы, што былі грэх і смерць, але ў той жа час Ён абвяшчае перамогу над злом праз любоў. Нам трэба перажыць Вялікую пятніцу, каб патрапіць на велікодную раніцу. Большасць вучняў не прысутнічалі, калі Настаўнік памёр, таму ў пустой магіле павінны адначасова саспець і смерць, і жыццё. Як Эўхарыстыя з’яўляецца ўспамінам смерці і ўваскрасення, так і кожны вучань з’яўляецца сведкам Укрыжаванага і Уваскрослага.

З гэтага часу няма больш ночы і цемры. Белы колер шатаў Уваскрослага Пана закрывае ўсю чарнату зла, якая назапасілася ў гісторыі чалавецтва. Гэтая незвычайная яснасць, якую нішто ўжо не зможа засланіць, абвяшчае будучыя часы, калі ўсе збаўленыя людзі, апранутыя ў белыя шаты, сядуць вакол трона пераможнага Ягняці і будуць валадарыць вечна з Хрыстом, паводле візіі Апакаліпсіса святога Яна. Таму ўрачыстасць Уваскрасення Пана з’яўляецца вялікім святам для ўсяго чалавецтва, бо як хрысціяне мы верым, што ўсе мы ўваскрэснем на падабенства Хрыста.

Аднак застаецца няўпэўненасць, ці будзе гэта радаснае ўваскрасенне, ці дасягнем мы таго стану, які сімвалізуюць белыя шаты збаўленых. Знаходжанне сярод святых з Хрыстом здаецца нам далёкім і нерэальным. Мы лічым, што святасць занадта патрабавальная, што святыя — гэта бездакорныя людзі, якія жывуць далёка ад нас, і мы не маем доступу да іх кола. Аднак, усё зусім наадварот. Вакол нас жыве мноства добрых, сціплых, мудрых людзей, глыбока веруючых, а таксама тых, што змагаюцца са сваёй грахоўнасцю, ад якой ніхто не вольны. Толькі гледзячы на іх замкнёнае жыццё, мы разумеем, што нехта асаблівы быў у нашай парафіі ці дыяцэзіі, і кожны дзень сведчыў, што варта змагацца за тое, каб быць добрым чалавекам. Мы павінны дзякаваць за сотні тысяч споведзяў, навяртанняў, перамяненняў і паяднанняў, якія адбыліся ў сакрамэнце пакаяння таксама і ў нашых сем’ях і супольнасцях. Яны з’яўляюцца знакам таго, што менавіта Бог нас падтрымлівае і дае нам сілы пераадольваць цяжкасці, выпрабаванні, пераносіць усе нашы жыццёвыя крыжы.

Ёсць яшчэ адно важнае пасланне, якое сімвалізуе пастава апосталаў. Калі вучань убачыў пустую магілу, ён паверыў, гэта значыць зразумеў вучэнне Езуса, бо, як піша св. Ян, «яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых» (Ян 20, 9). Вера прадугледжвае разуменне сэнсу паслання Добрай Навіны. Зямным жыццём не завяршаецца існаванне чалавека. Кожны чалавек пакліканы да жыцця вечнага. Таму ён абавязаны не толькі зразумець гэтую ісціну, але і жыць паводле яе. Адсюль заклік да клопату аб якасці нашай зямной пілігрымкі. Пасля велікоднай раніцы апосталы зноў паверылі і аддалі жыццё за Хрыста Уваскрослага. Пасхальная праўда зрабіла магчымым, каб яны захавалі гераічную вернасць Езусу. Сённяшняе свята павінна перамяніць таксама і нас. Кожны, хто святкуе ўваскрасенне Хрыста, павінен праверыць свае паводзіны. Пустая магіла становіцца заклікам: варта ахвяраваць усё дзеля Настаўніка з Назарэта, бо Ён з’яўляецца крыніцай, сэнсам і завяршэннем жыцця кожнага з нас!

Умілаваныя, сённяшняя нядзеля — гэта дар памятаць і нанова абвяшчаць праўду аб тым, што Хрыстус жывы. Ніхто не бачыў Яго ўваскрасення са смерці да жыцця, але Ён пакінуў нам плашчаніцу Касцёла, Эўхарыстыю і Евангелле. Гэта не кавалкі старога палатна, якія павінны быць проста рэшткамі падзеі 2000-гадовай даўніны. Супольнасць Божага народа, Цела і Кроў Хрыста, а таксама Добрая Навіна — гэта палотны, якія сёння дакранаюцца да Уваскрослага Пана. Каб толькі мы ўвайшлі ў гэтую таямніцу, каб убачылі гэтую плашчаніцу, каб мы паверылі і апрануліся ў яе, апрануліся ў Хрыста Уваскрослага, які дае нам новае і вечнае жыццё. Кожнаму, без выключэння, і без аніякіх заслугаў…

Сёння, калі мы ўсклікаем: «Хрыстус уваскрос», мы таксама слухаем адказ іншага чалавека, які з верай адкажа: «Сапраўды ўваскрос». Гэтыя велікодныя заклік і адказ набліжаюць нас адзін да аднаго, а таксама набліжаюць да мэты, дзеля якой мы былі вызвалены з адхлані смерці. Таямніца ўваскрасення Сына Божага ахоплівае і нашае ўваскрасенне. Хрыстус не ўваскрос адзін. Разам з Ім ажывае ўсё стварэнне з чалавекам на чале. Святы Павел піша да супольнасці Каласянаў: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Клс 3, 1-4).

Любыя вернікі! Ахвяра на крыжы, уваскрасенне і ўнебаўшэсце складаюць дасканалы план збаўлення кожнага чалавека. Толькі Бог можа прапанаваць чалавеку такі цудоўны і міласэрны шлях. Таму мы таксама ўваскрэснем «і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе» (Ап 21, 4). А да чаго мы ўваскрэснем? Мы ўваскрэснем насустрач усеабдымнай любові. «Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (Рым 14, 17). Ты верыш, што мы ўваскрэснем? Калі верыш, то падзяліся сваёй верай і надзеяй з іншымі.

Дарагія браты і сёстры! Няхай радаснае і ўзнёслае “Аллелюя” гучыць у нашых сэрцах.

Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.

Давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю:

у Імя Айца,+ і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно