464

Палац мастацтва запрашае на персанальную выставу Уладзіміра Сакалоўскага

2 верасня (18-00) у прасторы ZAL #2 ( Палац мастацтва) будзе адчынена персанальная выстава Уладзіміра Сакалоўскага  «Equilibrium».

Equilibrium – з лацінскай мовы перакладаецца як аequus – “роўны” + libra “весы: раўнавага”. Эквілібрыўм – асаблівая форма раўнавагі, праз якую чалавек здольны спасцігнуць сутнасць фарміравання Сусвету. Гэта форма ўзаемадзеяння чалавека з навакольным асяроддзем, раўнавага яго саціяльнага існавання, што ўтварае сваеасаблівы баланс успрымання соцыума.

Фото: Фото автора

Уладзімір Сакалоўскі фарміруе прастору пустэчы праз геаметрычныя плоскасці, якія ўвасабляюцца і паўтараюцца аднатыповымі дамамі, прадметамі мэблі, прамысловымі прадпрыемствамі і пустэльнымі ландшафтамі. Гэта Зямля, дзе нікога няма, дзе адсутнасць мае большае значэнне, чым прысутнасць. І гэтая пустэча толькі павялічваецца і памнажаецца. Адначасова такі свет з’яўляецца і аховай ад знешняй небяспекі. Мастак невыпадкова ў сваёй пластычнай сістэме ўвасабляе вобраз сям’і, якая пажыццёва выкарыстоўвае, напрыклад, працівагаз як сродак абароны і дадатковых межаў.

Сусвет Уладзіміра Сакалоўскага не адкідвае ценяў і пры гэтым мае эстэтычнае значэнне, таму што эфект адсутнасці – гэта форма абмежаванага існавання, дзе людзі пасля паглыблення ў віртуальную прастору раптам убачылі абязлічанае наваколле. У. Сакалоўскі стварыў прататып свету постінфармацыйнай эпохі. Чалавек у партрэтах У. Сакалоўскага выглядае напалоханым і збянтэжаным, але мастак пакідае надзею на фарміраванне адноўленага грамадства, таму што рэальны сусвет нікуды не знікае, а новаму чалавеку належыць знайсці і адкрыць яго зноў.

Выстава працуе па 13 верасня ўключна.

 

 

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно