49

Вечны Настаўнік. Да 100-годдзя Барыса Стральцова

Стагоддзе з дня нараджэння доктара філалагічных навук, прафесара Барыса Васільевіча Стральцова (1926-2009) Беларусь адзначыла 1 сакавіка 2026 года.
Стагоддзе з дня нараджэння доктара філалагічных навук, прафесара Барыса Васільевіча Стральцова (1926-2009) Беларусь адзначыла 1 сакавіка 2026 года. Из личного архива

Прапануем погляд на настаўніцкую місію Б. В. Стральцова ў адпаведнасці з  векавой вышынёй яго асобаснага ўнёску ў журналістыку Беларусі і вышэйшую адукацыю спецыялістаў медыясферы краіны.

Вечны настаўнік… Гэтае словазлучэнне дастаткова шматграннае і не мае дакладна акрэсленых вызначэнняў. Яно трактуецца ў рэлігіязнаўстве, філасофіі, педагогіцы, культуралогіі. У жыцці гэтае паняцце хутчэй асацыіруецца з вобразам і постаццю чалавека, які ўвасабляў святло прафесійных і асобасных талентаў, характэрных рысаў, здзяйсненняў. Са святлом ажыццёўленых мараў і спраў звяраюць крокі, учынкі, памкненні пакаленні выпускнікоў журфака.

Прыцягальным інтэлектуалам застаўся назаўсёды ў летапісе факультэта журналістыкі Барыс Васільевіч Стральцоў. Творца па жыцці, ён загартаваў прафесійныя кампетэнцыі журналіста ў газетным горне раённай і маладзёжнай газет, «Звязды». Кандыдацкая дысертацыя ў манаграфічным аздабленні «Газета і мараль» падштурхнула Б. В. Стральцова да настаўніцтва. З 1968 года ён выбіраецца спачатку дацэнтам, затым загадчыкам кафедры. Сейбіт разумнага, добрага, вечнага на чатыры дзесяцігоддзі звязаў свае жыццё з БДУ. Маральныя каштоўнасці, што абараняў Б. В. Стральцоў у журналістыцы і студэнцкім асяроддзі, не выцвілі ад часу ў шматлікіх вучэбных дапаможніках і навуковых артыкулах. Рэфрэнам праз яго навуковую, педагагічную і публіцыстычную дзейнасць праходзіць думка «Журналістыка – гэта лад жыцця». Сучаснасць пацвердзіла трываласць меркавання і для сённяшняга моманту: толькі ў суладдзі з жыццём журналістыка валодае стваральным патэнцыялам.

Ён спаўна рэалізаваў сваю творчую ўвішнасць у доктарскім даследаванні праблем мадыфікацыі прадмета і функцый журналістыкі ў жанравых формах. Стральцоўская сістэма інфармацыйных, аналітычных і мастацка-публіцыстычных жанраў запатрабавана ў акадэмічных колах, сярод журналістаў-практыкаў. Даследаванне на дзесяцігоддзі перажыло Вучонага.

Засталася памяць пра цудоўнага чалавека. Асобу. Прафесіянала. Творцу. Журналіста. Даследчыка. Вучонага. Доктара філалагічных навук. Прафесара. Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. Асэнсоўваючы гэтыя і іншыя праявы характару таленавітага і руплівага інтэлектуала беларускай зямлі, прыходзіш да ўпэўненага пераканання: стрыжнем Б. В. Стральцова была і застаецца місія Настаўніка.

Нажмите для увеличения.
Нажмите для увеличения. Фото: Из личного архива

Настаўнік журналістаў

У пацвярджэнне гэтага тэзісу паўтару радкі загалоўкаў з газет часу восені 2009 г. «Бывайце, Настаўнік», – напісалі «звяздоўцы». «Рэспубліканцы» ўшанавалі высакародным «Бывайце, Майстар!». Журналісты «Народнай газеты» смуткавалі: «Развітанне з Настаўнікам». «У жалобе схіляем галовы...» – заявіла «Настаўніцкая газета». «СБ. Беларусь сегодня» за подпісам «вучні» абвясціла з жыццесцвярджальнай перакананасцю: «Быў, ёсць, будзе».

Маніторынгавы зрэз красамоўна сведчыць пра сардэчнае стаўленне выхаванцаў да неардынарнай асобы. Усе, каго жыццёвыя пуцявіны зводзілі з Б. В. Стральцовым, памятаюць Настаўніка і пасля заканчэння яго зямнога шляху. Праз сорак дзён журналісты газеты «Рэспубліка» паведамілі ў заметцы «Аўдыторыя імя Мэтра» пра адкрыццё на факультэце журналістыкі імянной аўдыторыі знакамітага прафесара. «СБ. Беларусь сегодня» ўшанавала «сарачыны» Настаўніка паведамленнем «Іх імёнамі названы...».

Праз год пасля развітання выйшла-прагучала ў гонар Майстра малітва-рэквіем «Пах месяцовага святла», апублікаваная на старонках «СБ. Беларусь сегодня» Леанідам Екелем. У 2011 г. «Звязда» звярнулася да аўдыторыі з нататкай «Настаўніку было б 85». Летам 2013 г. «СБ. Беларусь сегодня» сімвалічна нагадвае чытачам «У Хутара доўгая памяць» пра адкрыццё мемарыяльнага барэльефа Б. В. Стральцова на будынку раённай бібліятэкі г. Быхава.

Тэматычна-персанальны агляд друку паказвае веліч постаці педагога і раскрывае духоўныя стасункі вучняў і настаўніка. Напамінае пра аксіёму: каб бруіліся празрыстыя крыніцы памяці, вучні мусяць праяўляць сутнаснае чалавекалюбства. Невыпадкова і нездарма ў 2003 г. на старонках «Рэспублікі» ў класічным абразку «Жывыя крыніцы» Барыс Васільевіч па-філасофску заўважыў: «Угледзьцеся ў неба – яго бяздоннасць і бяскрайнасць даюць адчуванне вечнасці. Божухна, якой нікчэмнасцю выглядаюць нашы мітрэнгі і скрухі перад ёю…».

Выпускнікі журфака розных пакаленняў не шкадуюць цёплых слоў, не скупяцца на эмацыянальныя ўспаміны, не абмяжоўваюцца ў слушных развагах рэтраспектыўным «быў». Часцей у настальгічных меркаваннях націскаюць на аптымістычнае «ёсць» – у журналісцкай творчасці кожнага паасобку і рэдакцыйных калектываў. Трывала акцэнтуюць увагу на верагоднасці прымнажэння яго плёну. У шчырых дыскусіях падкрэсліваюць неабходнасць прырашчэння педагагічнага палетку працамі яго вучняў.

Заканамерна, што скарбонка памяці папаўняецца, прырастае з гадамі. Але гады не дыстанцыруюць, а наадварот – на адлегласці часу даюць мажлівасць рэльефнага бачання плёну самаадданага служэння Настаўніка журналістыцы і журналістам Беларусі. Хада часу выключна праілюстравала старадаўняе выслоўе, што вялікі той настаўнік, які прасякнуты справай, якой вучыць!

Нажмите для увеличения.
Нажмите для увеличения. Фото: Из личного архива

Настаўнік даследчыкаў журналістыкі

Даследчыцкая спадчына Б. В. Стральцова багатая і разнастайная па накірунках і праблематыцы. Шматаспектнасць навукова-даследчых інтарэсаў прафесара абумоўлена яго прафесійным крэда: 1) журналістыка – гэта лад жыцця; 2) журналістыку як прафесію магчыма зразумець і набыць адпаведныя кампетэнцыі толькі на штодзённым інфармацыйным канвееры; 3) навучыць журналіста-пачаткоўца кваліфікавана працаваць здольныя толькі журналісты-прафесіяналы; 4) журналістыка – прыкладная навука, яе мэтазгоднасць вызначаецца пошукам новага, эфектыўнага інструментарыя, абгрунтаваннем функцыянальнай дзеяздольнасці СМІ, распрацоўкай «сотавай сувязі» паміж прадметам пазнання рэчаіснасці, метадамі аналізу і адлюстравання, укараненнем у журналісцкую дзейнасць запатрабаваных форм творчага звароту да чытача, гледача, слухача.

Аналізуючы інтэграваную канцэпцыю Б. В. Стральцова да адказнай ролі даследчыка, адкрываеш невычэрпную любоў да прафесіі, яго запаветную і ажыццёўленую мару «журналістам звацца бясконца».

Спрычыненасць навукова-даследчага крэда дзеянняў Б. В. Стральцова да жыццёва-прафесійнага сталення асоб яго паслядоўнікаў не выклікае сумненняў.

Увага Настаўніка да працэсу развіцця здольных студэнтаў, падбор, замацаванне іх у даследчай майстэрні грунтаваліся на светапоглядным прынцыпе – наяўнасць абавязковага практычнага журналісцкага вопыту. Пад яго кіраўніцтвам былі абароненыя шматлікія кандыдацкія дысертацыі. Яны прысвечаны тыпалогіі і творчым метадам функцыянавання студэнцкай прэсы (Васіль Вараб’ёў), спецыфіцы спартыўнай журналістыкі (Анатоль Мяснікоў), прэса-фарміруючаму фактару аграэканамічнага мыслення асобы (Людміла Белякова), эсэісцкаму адлюстраванню рэчаіснасці (Алена Маськова), эстэтычным функцыям афармлення выданняў (Аляксандр Свораб), выхаваўчай ролі малых журналісцкіх формаў (Наталля Фядотава). Шырыня дыяпазону тэм і напрамкаў даследавання поліфункцыянальнай прыроды журналістыкі аб’яднаны асобай кіраўніка. Яго бачанне перспектыў развіцця сродкаў масавай інфармацыі і практыка-арыентаваная мэтазгоднасць навуковага асэнсавання дыктавалі падбор вопытных практыкаў з розных выданняў і фарміраванне беларускай даследчай школы журналістыкі. Пяцёра аспірантаў-замежнікаў, што абаранілі навуковыя працы пад крылом Б. В. Стральцова, характарызуюцца гэтай жа даследчай і функцыянальнай адметнасцю.

Настаўнік жыцця і лёсу

У 1997 годзе Барыс Васільевіч Стральцоў даў згоду і ўзначаліў спецыялізаваны Савет па абароне доктарскіх дысертацый у галіне журналістыкі. Упершыню ў гісторыі журфака з’явілася мажлівасць калектыўнай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Гэтую магчымасць Б. В. Стральцоў бліскуча рэалізаваў на карысць журфака і журналісцкай навукі Беларусі. Чатыры дактары і дваццаць адзін кандыдат навук, выпеставаныя з рэдактарска-кансультатыўным удзелам Барыса Васільевіча, і сёння вызначаюць даследчы патэнцыял інфармацыйнай галіны ведаў Беларусі.

Каб быць паходняй, трэба свяціць. Ад дадзенага прынцыпу ён не адступаўся ў жыцці ніколі. Гэтым друкаваным зваротам ён заклікаў журналістаў да прафесійнага, кваліфікаванага, творчага ўдасканалення інфармацыйнай прасторы Беларусі. Сваім газетным прыкладам паказваў узоры публіцыстычнага асэнсавання рэчаіснасці, а празаічнымі творамі пракладваў шляхі для дасягнення жаданага майстэрства і маральнага суладдзя з жыццём. Раман «Між крутых берагоў», зборнікі нарысаў і апавяданняў «Дружная рунь», «Наследнік», «Сходзяцца бальшакі і прасёлкі», «Вячэрняя планета», «Метраном памяці», кніга абразкоў «Капуснік, або Лад жыцця» – гэтыя творы сваімі назвамі раскрываюць невычэрпную настаўніцкую місію Барыса Васільевіча. У сукупнасці яны ўвасабляюць глыбокі сінкрэтычны сэнс чалавечага гучання. Пры выбары маральных альтэрнатыў можна застацца годным і сумленным, звяраючы праўду жыцця з метраномам памяці.

Паходняй на будзень і свята раяць нам быць прарочыя радкі Барыса Васільевіча: «Я перакананы, што над родам чалавечым раскінута разумная субстанцыя, імя якой – Вышэйшая Справядлівасць.

Вечны Настаўнік застаецца верным сваёй місіі і ў апошнім радку… Векапомны Настаўнік!

Васіль Пятровіч Вараб’еў,  прафесар кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ

Оставить комментарий (0)