1352

Белдзяржфілармонія запрашае на фестываль «Беларуская музычная восень»

Ён пройдзе з 11 па 27 лістапада 2021 года.

З 11 па 27 лістапада 2021 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”, які сёлета пройдзе ў сорак сёмы раз. Па традыцыі фестываль прызначаны адлюстраваць самыя розныя аспекты мастацкай творчасці – не толькі акадэмічную яе плыню, але і іншыя сферы. Менавіта таму ў гэтым годзе лістападаўскі музычны настрой будзе асабліва яскравым: у праграме форума прадугледжана шмат цікавостак для самага шырокага кола слухачоў.

У межах XLVII фестывалю “Беларуская музычная восень” адбудзецца 15 разнастайных  канцэртаў, у якіх выступяць вядучыя калектывы Белдзяржфілармоніі (Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам І.Іванова, Мінскі струнны квартэт), а таксама салісты – выдатныя выканаўцы з Беларусі і Расіі. Уся жанрава-стылявая палітра форума месціцца паміж двума палюсамі – акадэмічнай і папулярнай музыкай – з рознай ступенню прыцягнення да гэтых арыентыраў.

АКАДЭМІЧНЫ НАПРАМАК

Сфера акадэмічнай музыкі прадстаўлена як буйнымі канцэртамі ў Вялікай канцэртнай зале, так і сольнымі і ансамблевымі праграмамі ў Малой зале імя Р.Шырмы.

Распачне фестываль праграма Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра (галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў) з цыклу канцэртаў, назва якога ў кантэксце “музычнай восені” гучыць вельмі сімвалічна: “Класіка для ўсіх”. 11 лістапада ў Вялікай зале пад кіраўніцтвам Юрыя Караваева  прагучаць Чацвёртая (“Італьянская”) сімфонія Ф.Мендэльсона-Бартольдзі, сюіта з балета “Пульчынела” І.Стравінскага і Рапсодыя на тэму Паганіні С.Рахманінава для фартэпіяна з аркестрам. У гэтым творы будзе саліраваць беларускі піяніст, выпускнік Рэспубліканскага музычнага каледжа пры БДАМ і Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Іваноў.

14 лістапада ў Малой зале імя Р.Шырмы сваю новую праграму прэзентуе народны артыст Беларуси піяніст Ігар Алоўнікаў. Канцэрт – асаблівы для выканаўцы, гэта музычнае прынашэнне да яго маці, спявачкі, артысткі і педагога Ларысы Міхайлаўны Ілюкевіч. Ларыса Міхайлаўна ўласнай творчасцю і сумесным музіцыраваннем з дзяцінства прывіла сыну любоў да музыкі. У памяць аб ёй Ігар Алоўнікаў склаў канцэрт выключна з транскрыпцый вакальнай музыкі, прычым менавіта тых твораў, якія яны выконвалі разам.

Прыкметнай падзеяй стане канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра 18 лістапада (Вялікая зала). У праграме – два з найбольш запамінальных беларускіх твораў апошніх гадоў, абодва з якіх былі напісаны па замове мастацкага кіраўніка аркестра Яўгена Бушкова і сталі, бадай, найгучнейшымі філарманічнымі прэм’ерамі. Гэта дзве містэрыі, але ж  дыяметральна процілеглыя па стылю і зместу: найсучасны полімедыйны праект са спалучэннем музыкі, відэаінсталяцыі, светавога дзеяння і драмы “Сёстры з Раю” В.Воранава для голасу, камернага аркестра, фартэпіяна, аргана, ударных і электрагітары (прэм’ера адбылася ў верасні 2021 года) і паглыблены ў самыя карані беларускай ментальнасці і адначасова касмічны твор “Кросны Макошы” К.Яськова для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна.

У гэты ж дзень, 18 лістапада, у межах “Беларускай музычнай восені”, нібы спектакль у спектаклі, адкрыецца Міжнародны арфавы фестываль “Дзве сталіцы. Мінск – Масква” (Малая зала імя Р.Шырмы). Лепшыя арфісты Беларусі і Расіі выступяць у суправаджэнні ансамбля салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.

21 лістапада ў Вялікай зале адзначаць 100-годдзе Віктара Уладзіміравіча Роўды – выдатнага хормайстра, які заклаў уласныя традцыі, што беражліва захоўваюцца наступнымі пакаленнямі. У канцэрце “Хор як лёс”, аўтарам ідэі якога стала цяперашні кіраўнік студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Інэса Бадзяка, выступяць Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі (дырыжор – Андрэй Саўрыцкі), Студэнцкі хор БДАМ (дырыжор – Інэса Бадзяка), Хор хлопчыкаў і юнакоў імя І.А.Жураўленкі Рэспубліканскага музычнага каледжа пры БДАМ (дырыжор – Сямён Кліманаў). Сумесна з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава будуць выкананы творы беларускіх і рускіх кампазітараў, аснову праграмы складзе “рускі рэквіем” – лірыка-філасофская кантата Сяргея Танеева “Іаан Дамаскін”. У юбілейным канцэрце возьмуць удзел салісты Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая (сапрана), Аляксандр Міхнюк (тэнар) і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (барытон).

23 лістапада ў Вялікай зале будзе гучаць арган. Пецярбургскі выканаўца лаўрэат міжнародных конкурсаў Ягор Колесаў прэзентуе праграму “Музыка сабораў Парыжа”. Французская арганная культура – з’ява ў гісторыі музычнай культуры грандыёзная. Як вядома, нават сама пасада тытулярнага арганіста буйнейшага сабора – Нотр-Дам-дэ-Пары – лічыцца адной з найбольш прэстыжных у мастацкіх колах Францыі. Ягор Колесаў, вядомы беларускай публіцы не толькі віртуозным выканальніцтвам, але і інтэлектуальным падыходам да стварэння праграм, уключае ў свой канцэрт як творы парыжскіх арганных маэстра – Ш.-М.Відора, Л.В’ерна, М.Дзюпрэ, П.Кашаро, так і творы І.С.Баха і  В.А.Моцарта, якія натхнялі французскіх арганістаў.

У гэты ж дзень у Малой зале імя Р.Шырмы – канцэрт фартэпіяннай музыкі ў выкананні расійскіх піяністаў лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Мікалая Кузнецова і Яўгеніі Кудоі. Канцэрт адбудзецца ў рамках адкрыцця выставы “Сімфонія вялікага Космасу”, якая прадставіць работы пераможцаў і дыпламантаў Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Мы – дзеці Космасу”.

Палітру фартэпіянных фарбаў узбагаціць сольны канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Шумілінай. 25 лістапада ў Малой зале імя Р.Шырмы ў праграме “Чароўныя гукі раяля” знакамітая піяністка выканае творы рамантыкаў: п’есы М.Глінкі, “Даліну Абермана” Ф.Ліста, Экспромты ор.90 Ф.Шуберта і Фантазію ор.17 Р.Шумана.

26 лістапада ў Малую залу імя Р.Шырмы запрашае слухачоў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на працяг серыі вечароў у камерным фармаце. Публіку чакае сустрэча з маэстра Аляксандрам Анісімавым, артыстамі аркестра і сапрана Ірынай Крыкуновай. Салістка – уладальніца ганаровых узнагарод Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі і фестывалю “Залатая маска”, яна выступала на сцэнах Расіі, Германіі, Англіі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Амерыкі, краін Балтыі, і вось ужо больш за 15 гадоў супрацоўнічае з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Партыю фартэпіяна выканае Вольга Макарава. У праграме “Любоў-чараўніца” прагучаць творы М. дэ Фальі, Р.Шумана, Ф.Шуберта і Д.Шастаковіча.

Серыю акадэмічных канцэртаў завяршае аўтарскі вечар кампазітара Сяргея Бельцюкова, прымеркаваны да яго 65-годдзя. 27 лістапада ў Малой зале імя Р.Шырмы творы кампазітара выканаюць Мінскі струнны квартэт, салісты Філармоніі для дзяцей і юнацтва Ганна Янкоўская і Максім Абравец, салістка Вялікага тэатра Беларусі Іна Русіноўская, а таксама  інструменталісты Ксенія Бельцюкова (скрыпка), Дыяна Гантарэнка (флейта), Марына Рамейка, Вольга Макеева, Алена Кузьміч, Мікіта Бельцюкоў (фартэпіяна). Будуць выкананы вакальныя цыклы на вершы М.Багдановіча і Л.Дранько-Майсюка, кантата “Начны матылёк”, квартэт, трыа, камерныя п’есы. Чакаецца таксама і прэм’ера – фантазія “Мне шкада кветак” на вершы Бо Цзюй для голасу, скрыпкі і фартэпіяна.

НЕАКАДЭМІЧНЫ НАПРАМАК: фальклор і папулярная музыка

Першым сярод канцэртаў гэтага напрамку стане “Французскі бульвар” ад Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча (12 лістапада, Вялікая зала). Гэта не проста канцэртная праграма, а тэатралізаваная дзея (рэжысёр – Арцём Еўсіевіч), у якой пад гучанне залатых шлягераў французскай музыкі разгортваюцца гісторыі жыцця і кахання. Слухачы пачуюць любімыя песні Шарля Азнавура і Джо Дасена, Эдыт Піяф і Мірэй Мацье, Даліды і Лары Фабіян у выкананні аўтара ідэі – салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Вольгі Калеснікавай, а таксама салістаў Ігара Задарожнага, Аляксандра Саванца, Мікіты Касцюкевіча. У канцэрце бярэ ўдзел заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ала Проліч. “Прагуляйцеся разам з намі па “Французскім бульвары”! Адчуйце дыханне Манмартра і непаўторную атмасферу Елісейскіх палёў!” – заклікаюць стваральнікі канцэрта.

16 лістапада ў Малой зале імя Р.Шырмы – “Баян in Jazz, Folk, Composing”, праект маладога, але ўжо даволі вядомага баяніста Міхаіла Валчкова. Леташні выпускнік акадэміі музыкі, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, уладальнік ганаровых прэмій і стыпендый, ён вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, прымаючы ўдзел у розных фестывалях і творчых праектах. Назва новай праграмы гаворыць сама за сябе: у канцэрце (які адбудзецца пры ўдзеле Ансамбля народных інструментаў кафедры народна-інструментальнай музыкі БДУКіМ пад кіраўніцтвам Вікторыі Старыкавай, а таксама піяністкі Святланы Хаменка, ударніка Аляксандра Зубко і балалаечніка Міхаіла Маркава) Міхаіл прадставіць баян у самых розных амплуа.

Кульмінацыйным мерапрыемствам, прысвечаным папулярнай музыцы, абяцае стаць прэзентацыя маштабнай працы – новай кнігі Вольгі Брылон “Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент. Гісторыя эстрады Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1930–1980-я гады”. У кнізе ўпершыню падрабязна расказваецца аб зараджэнні і станаўленні Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў перадваенныя гады. З таго часу і амаль няспынна аж да свайго расфарміравання ў студзені 1990-га года эстрадны аддзел быў адным з яе падраздзяленняў. За некалькі дзесяцігоддзяў праз Белдзяржфілармонію прайшлі і ўславілі яе сотні эстрадных артыстаў. Імёны некаторых з іх на слыху, а многія несправядліва забытыя за даўнасцю гадоў. Аповяду пра гэтых выдатных людзей і прысвечана кніга. Сярод яе герояў – канферансье і акрабаты, спевакі і танцоўшчыкі, артысты арыгінальнага жанру і вакальна-інструментальныя ансамблі. У сваёй кнізе Вольга Брылон аднавіла летапіс беларускай эстрады, адкрыла ўнікальныя факты яе гісторыі. У выданне ўвайшлі сотні фатаграфій і архіўных дакументаў.

У канцэрце-прэзентацыі 17 лістапада (Вялікая зала) ў суправаджэнні аркестра выступяць славутыя беларускія артысты, якія сталі героямі кнігі: заснавальнік ВІА “Сябры” народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, легенды ВІА “Верасы” народная артыстка Беларусі Ядзвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, сузаснавальнік ВІА “Песняры” Уладзіміра Мулявіна заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч, артыст беларускай эстрады Віктар Сінайскі, паэт-песеннік Алег Жукаў, музыканты легендарнага рок-гурта “Сузор'е” Андрэй Казлоўскі, Андрэй Філатаў і Павел Харэвіч, а таксама “Чараўніцы” і салісты аркестра Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў і Анастасія Рачыцкая.

21 лістапада ў Вялікай зале адбудзецца канцэрт-святкаванне юбілея мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” Вячаслава Статкевіча. Вядомы беларускі артыст, актыўны прапагандыст нацыянальнага мастацтва сёлета адзначае свой 50-гадовы юбілей і 30-годдзе творчай дзейнасці і запрашае на яркую канцэртную праграму “Я сэрца аддам Беларусі”, дзе выступяць таксама Алена Ланская, Уладзімір Радзівілаў, шоў-балет “Феерыя”, група “Byсity” і арт-група “Беларусы”.

НА СТЫКЕ НАПРАМКАЎ

27 лістапада, у апошні дзень Міжнароднага фестываля мастацтваў “Беларуская музычная восень” у Вялікую залу на свой творчы вечар запрашае Ігар Іваноў – выдатны выканаўца, мастацкі кіраўнік Ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі, саліст-інструменталіст, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Ансамбль Ігара Іванова – квартэт выбітных выканаўцаў, якія сваім нетрадыцыйным складам (балалайка, домра, баян і бас-гітара) здольныя выконваць не толькі народны ці папулярны рэпертуар, але і класічныя творы, прычым робяць гэта з такой ступенню стылістычнай выверанасці і мастацкай дасканаласці, што іх выкананне можа быць заслужана прызнана ўзорам высокага стылю.

Склад удзельнікаў канцэрта “І балалайкі гук цудоўны” уражвае разнастайнасцю імёнаў: разам з народнымі калектывамі і музыкантамі (а гэта, апроч самога Ансамбля салістаў пад кіраўніцтвам І.Іванова, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, інструментальнае трыа “Барыня” Магілёўскай абласной філармоніі, Марына Ільіна, Сяргей Дубоўскі, балалайка), выступяць і вядомыя “акадэмічныя” салісты – Алег Подаў (скрыпка), Станіслаў Петчанка (віяланчэль), Яўген Грыдзюшка (гітара), Соф'я Іванова (клавесін). Вядучы – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно