276

Адразу дзве выставы адкрываюцца 16 чэрвеня ў «Палаце мастацтва»

16 чэрвеня 2022 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” ў 17.00  адкрываецца юбілейная выстава сябры секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў ІВАНА КОЗЕЛА. А ў 18.00 адкрыецца выстава грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” “Мне сняцца сны аб Беларусі…”, прысвечаная 140-годдзю двух народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

 

На выставе прадстаўлены жывапісныя працы Івана Козела 1996 – 2022 гадоў, прысвечаныя архітэктурным і прыродным ландшафтам Беларуci .

З артыкула кандытата мастацтвазнаўства Галіны Горавой:

 У выставе робiцца спроба злучыць прыкметы нацыянальнага прыроднага i архiтэктурнага асяроддзя, каб перадаць пазнавальны вобраз i каларыт беларускага ландшафта. У карцiнах злучаюцца явы прыроды i гiстарычныя архiтэктурныя збудаваннi.  Сутнасць раскрыцця пейзажнага вобразу – не толькi ў растварэннi душы мастака у любовi да прыроды, але таксама ў спасцiжэннi фiласофскай сутнасцi навакольнага свету, у выяўленнi асноў нацыянальнай ментальнасцi,у аднаўленнi гiстарычнай памяцi свайго народу…  

Стрыманасць палітры і праца з вялікімі колеравымі адносінамі складаюць аснову творчай манеры Івана Козела. Напэўна, дзякуючы гэтай індывідуальнай рысе надзвычай плённым было творчае судакрананне маладога жывапісца з асобай і метадалагічным прынцыпам М. Савіцкага – “пісаць не побыт, а быццё”, адбіраць і супастаўляць элементы мастацкай формы, ніколі слепа не пераймаць прыроду і не капіраваць натуру. Паводле гэтай жывапіснай прэамбулы, мінімізацыя сродкаў твора не даніна экспрэсіянізму, а метад дасягнення адпаведнасці формы зместу…

Сюжэтна-тэматычныя прыярытэты жывапісу Івана Козела вызначаны паэтыкай натуральнага шматаблічнага жыцця прыроды, вечнай ідэяй гарманічнага суіснавання чалавека і яго асяроддзя… Сціплыя, пазбаўленыя знешняй эфектнасці архітэктурна-ландшафтныя віды прасякнуты элегічнымі нотамі. Тут прыметы нацыянальнага прыроднага і архітэктурнага асяроддзя, а таксама пазнавальны, прыглушаны і стрыманы каларыт беларускага ландшафту далучаюць гледача да павольнага і шчырага аўтарскага маналогу…

Апора на пленэрную практыку дазваляе жывапісцу дакладна перадаваць танальныя адносіны натуры; шматлікія штудыі спрыяюць пераканаўчай характарыстыцы стану прыроды…

Нацыянальная мастацкая традыцыя настолькі адчувальная у пейзажах Івана Козела, што цяжка пераадолець спакусу разглядаць яго творчасць “як люстэрка” пейзажнага жывапісу Беларусі…”

Козел Iван Мiкалаевіч

  • Нарадзiўся 29.04.1962 у в. Нёўда Навагрудскага р-на, Гродзенскай вобласці.
  • 1996 – скончыў Беларускую  дзяржаўную акадэмiю мастацтваў, аддзяленне жывапiсу.
  • 1997 – 2000 – стажыраваўся ў Творчых акадэмiчных майстэрнях Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь.
  • Працуе ў розных жанрах станковага жывапiсу, пераважна ў пейзажы.
  • 1999 – сябра Беларускага саюза мастакоў.
  • З 2001 – выкладае ў гiмназii-каледжы мастацтваў  I.В.Ахрэмчыка

Творы знаходзяцца ў Музеі гісторыі горада Мінска, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, Доме-музеi А. Мiцкевiча ў Навагрудку, лiтаратурным музеi М.Багдановiча ў Мiнску, Дзятлаускiм гiсторыка-краязнаўчым музеi, Крычаўскiм гiстарычным музеi, прыватных зборах Беларусi, Расіі, ЗША, Перу.

Выстава працягнецца да 3 ліпеня 2022 года.


 

16 чэрвеня 2022 года ў 18.00 у залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адкрыецца выстава грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” “Мне сняцца сны аб Беларусі…”, прысвечаная 140-годдзю  двух народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Партнерамі правядзення выставы выступаюць Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Дзяржаўны літаратурны музея Янкі Купалы, Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

У кожнага народа ёсць паэты – прарокі, якія сілай свайго таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і акрэсліваюць нацыянальную ідэнтычнасць, даючы духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню. Менавіта Купала і Колас прынеслі славу і пашану свайму народу і з цягам часу сталі яго сімваламі. Беларусь захоўвае ўдзячную памяць пра сваіх песняроў і прарокаў. Так, у беларускім выяўленчым мастацтве было створана мноства работ на купалаўскую і коласаўскую тэмы яшчэ з 1920-х гадоў – гэта і партрэты, і ілюстрацыі да твораў, алегарычныя скульптурныя кампазіцыі, дэкаратыўныя пано і шмат што іншае.

Выстава “Мне сняцца сны аб Беларусі…” прадстаўляе як творы з фондаў музеяў – Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы – класічны раздзел экспазіцыі, так і творчасць нашых сучаснікаў.

У экспазіцыі будзе магчымасць пазнаёміцца з адным з першых прыжыццёвых патрэтаў Янкі Купалы – створаны ён быў у 1921 годзе з натуры рускім мастаком Дзмітрыем Полазавым, вучнем У. Макоўскага. Д. Полазаў у 1915 годзе пераехаў у Мінск, дзе выкладаў у настаўніцкім інстытуце. З ім Янку Купалу звязвала вялікае асабістае сяброўства, яны часта наведвалі адзін аднаго ў сваіх мінскіх дамах. Ужо з 1922 года Д. Полазаў жыў і працаваў у Петраградзе/Ленінградзе, але сваімі творамі прымаў удзел у першай мінскай мастацкай выстаўцы 1925 года, на якой былі прадстаўлены яго партрэты Янкі Купалы Якуба Коласа і іншых беларускіх пісьменнікаў. У сям’і Полазавых доўгі час захоўваліся прадметы і іншыя рэліквіі, звязаныя з народным паэтам Беларусі, якія потым былі перададзены музею Янкі Купалы ў Мінску дачкой мастака. Полазаўскія партрэты Купалы маюць неацэнную дакументальную і мастацкую каштоўнасць.

Працы даваеннага перыяду маюць асаблівую вартасць. Тым больш каштоўна, што ў экспазіцыі выставы прадстаўлена карціна П.Сергіевіча «Шляхам жыцця» (1934), натхнёная аднайменным зборнікам вершаў Янкі Купалы 1913 года.

Пасляваенны этап вельмі разнастайны, ён ахоплівае ўсё больш шырокія колы мастакоў. Сярод тых, хто адным з першых стаў ствараць жывапісныя партрэты Янкі Купалы пасля яго смерці, быў С. Андруховіч і В.Волкаў. Так, Андруховіч меў магчымасць абапірацца на асабістыя ўражанні: з Купалам ён быў знаёмы з 1938 года; часта гасціў у Мінскім доме па адрасе вул. Кастрычніцкая, 40; выканаў цэлы шэраг яго партрэтаў у розныя гады. Гэта быў час, калі ствараліся сюжэтныя карціны і партрэты змешанага жанру — партрэты-пейзажы, партрэты-мізансцэны і іншыя варыянты інтэрпрэтацыі мастакамі эпізодаў і фактаў біяграфіі песняроў.

Работы народных мастакоў М.Савіцкага, Л.Шчамялёва, Г.Паплаўскага, В.Шаранговіча, У.Тоўсціка, Л.Гумілеўскага, У.Слабодчыкава адлюстроўваюць розныя варыянты інтэрпрэтацый вобразаў Купалы і Коласа – ад класічнага да эмацыянальна-экспрэсіўнага. Іх жывапісныя, графічныя творы, скульптурныя кампазіцыі дазваляюць усебакова і разнастайна праілюстраваць, пракаментаваць і прадставіць у кантэксце часу паэтаў, культурных і грамадскіх дзеячаў.

Візуалізацыя герояў нацыянальнай культуры — заўжды складаны творчы працэс. Якім мы бачым Купалу і Коласа цяпер? Якімі бачым сябе ў іх? У адрозненне ад многіх сваіх равеснікаў, абодва паэты працягваюць быць актуальнымі, іх прачытваюць зноў і зноў, успрымаюць часам нават больш глыбока і нечакана. І гэта невыпадкова, бо менавіта яны найбольш яскрава раскрылі наш характар, менталітэт, нацыянальную самасвядомасць, духоўныя каштоўнасці і пачуцці.

Выстава “Мне сняцца сны аб Беларусі…” адказвае на пытанне, якой сёння ў ХХІ стагоддзі бачыцца мастакам творчасць Купалы і Коласа. Наколькі змяніўся характар твораў, якія сталі не столькі партрэтнымі, як алегарычнымі, асацыятыўнымі.

Але галоўнае, што засталося нязменным: сучасныя жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва апавядаюць аб той прыгожай, рамантьычнай, узнёслай Беларусі, аб якой з апантанасцю гаварылі Янка Купала і Якуб Колас у сваім паэтычным эпасе.

Выстава працягнецца да 3 ліпеня 2022 года.

 

Оставить комментарий (0)