1851

Сам сабе гаспадар. Як жыве беларуская глыбінка

"Аргументы и факты" в Беларуси № 45. Красный день календаря 06/11/2018

У верасні 2018 года рамесніцкай дзейнасцю на Глыбоччыне займаліся 130 жыхароў. Кавальскiя вырабы, гужавыя павозкі, дзіцячыя санкі і вуллі для пчол, валёнкі з воўны, царкоўныя свечкі, варанае мыла, тканыя дываны, дэкаратыўныя, вышываныя бісерам, упрыгожванні для дома - на ўсё гэта здатныя майстаравітыя рукі.

Трэба працаваць

Рамесніцтва - узаконеная дзяржавай дзейнасць. Яна дазваляе быць гаспадаром самому сабе ўсяго за 24 рублі 50 капеек - менавіта такая сума падатку на рамесніцкую дзейнасць у год. Самазанятасць не толькі дапамагае людзям падзарабляць, займаючыся ўлюбёнай справай, але i аўтаматычна зніжае колькасць беспрацоўных і садзейнічае адраджэнню забытых з часам відаў традыцыйнай народнай дзейнасці.

- Сёння хапае людзей, якія скардзяцца на беспрацоўе, на невялікую заработную плату, але пры гэтым ніякай уласнай ініцыятывы, каб змяніць становішча, не праяўляюць. Дарослыя людзі чакаюць, што нехта прыйдзе, возьме за руку, прывядзе на цёпленькае месца, дзе нічога не трэба будзе рабіць, а толькі грошы можна атрымліваць. Але нават дзеці ведаюць: каб атрымаць жаданае, трэба добра пастарацца, - пераканаўча гаворыць хутаранін Дзмітрый з глыбоцкай глыбінкі.

Лёс

Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы. Змалку прызвычаіўся да сялянскай працы і ніякай бруднай работы не баяўся. Пасля школы скончыў Глыбоцкае СПТВ-168, затым - Гарадоцкі тэхнікум. Атрымаўшы цэлыя тры, такія патрэбныя на сяле, прафесіі - трактарыста, вадзіцеля і механіка, - хлопец уцягнуўся ў працу. Праз нейкі час ажаніўся, працаваў у калгасе трактарыстам, сам дом будаваў, дачушку даглядаў і не думаў, што некалі стане сам сабе гаспадаром.

работа на селе
Фото из открытых источников

- Як у народзе кажуць, кропля камень тачыла-тачыла і прабіла выхад у iншую рэчаiснасць. Тэхніку мне, маладому, давалі такую, што я яе часцей рамантаваў, чым на ёй працаваў. Пра якія заробкі можна гаварыць? Падаўся ў леснікі. Пятнаццаць гадоў агульнага стажу вырабіў, а тады пайшоў на вольныя хлябы - разам са знаёмым паехалі на заробкі ў Расію. Працавалі сумленна, але без зарплаты. Гаспадар усё абяцанкамі карміў, а мы чакалі. Даходзіла да таго, што грыбы-ягады ў лесе збіралі і елі, бо не было за што купіць прадукты. Пагаравалі добра, але пасля і пашанцавала: нас запрасіў у Санкт-Пецярбург другі гаспадар. Ён купіў сваю пілараму і шукаў, з яго слоў, хлопцаў, такіх як мы - працавітых, адказных, сумленных і «без мух у носе». Дрэваапрацоўчая справа ішла добра, заробкі былі адчувальныя, выплачвалі іх своечасова. У выхадныя дні мы па максімуму рэалізоўвалі свае будаўнічыя навыкі: ставілі зрубы па заказах і мелі ў дадатак нядрэнную капейку. Я тады грузавік сабе купіў, - у голасе суразмоўцы адчуваюцца ноткі задавальнення.

Калі ў сям’і нарадзілася другая дачка, Дзмітрый пайшоў «у дэкрэт». І дзіця малое даглядаў, і бацьку свайго, які ўжо ў гадах і без дапамогі сына не мог абысціся. Але мужчыну не задавальняла толькі роля нянькі.

- Мяне выхоўвалі так, што мужчына - здабытчык, што ён павінен матэрыяльна забяспечваць сям’ю. На гектары зямлі саджу бульбу, зерневыя сею. Бяру на адкорм бычка, гадую яго паўтара года да 500-600 кілаграмаў і здаю на мяса. А каб яго зімой пракарміць, трэба сена накасіць, насушыць, звесці - так што сумаваць няма калі. Трымаю дзвюх свінаматак, прадаю парасят і гадую свіней на адкорм. Калі добра карміць парсючка, то, прадаўшы яго на мяса, можна мець 600-700 рублёў. Парачку парасят за 250 аддаю, калі ў пары двое парсючкоў, крыху даражэй, - гаворыць мужчына. - Зарабляць дапамагае і пчалярства - рамяство, якое атрымаў у спадчыну. Пчол мая бабуля трымала, затым - маці, я ім да памагаў з дзяцінства, падвучыўся. Летась у мяне было больш за дваццаць вулляў. Мёд і пяргу, якая таксама карыстаецца попытам у пакупнікоў, прадаваў і ў раёне, і ў Расіі, бо там нашмат даражэй. Акрамя гэтага, калі пачынаецца грыбны і ягадны сезон, я, як толькі ёсць якая вольная хвіліна, іду ў лес.

Работа ў лясніцтве дала свае плюсы - усе мясціны і сцежачкі Дзмітрый ведае. Калі год урадлівы, то і на ягадах можна нядрэнную капейку зарабіць.

Бывалі гады, калi на чарніцах ён за дзень сто долараў зарабляў, а за сезон на брусніцах і журавінах можна, калі пастарацца, мець у сярэднім па 1200-1600 рублёў. І гэта пры ўмове, што ягады збываў, як кажуць, па сабекошце прыватным нарыхтоўшчыкам, якія наровяць збіць цану, ці знаёмым пад заказ.

- Ведаю, што на рынку ў Глыбокім цэны амаль удвая большыя, але я ніколі на рынак не ездзіў. Летась, напрыклад, было многа пазёмак, але я іх толькі для сабе збіраў. Нялёгкі гэта хлеб, бо і мясціны трэба ведаць, і раненька ўстаць, і пешшу некалькі кіламетраў прайсці, і кожнай ягадзе пакланіцца, а ў дадатак - духата, камары… У мяне сусед беспрацоўны, і я яму прапаноўваў у ягады са мной хадзіць. Вечарам ён згаджаецца, а ранкам ужо адмаўляецца: рана ўставаць, кіламетры крочыць  не хоча, але ж рубель сам да ложка не прыйдзе, - кажа суразмоўца.

Фото из открытых источников

«Лясны чалавек»

Знаёмыя называюць Дзмітрыя «лясным чалавекам», але гавораць пра яго з павагай і адзначаюць, што працуе ён за траіх. Сям’я, са слоў мужчыны, не шыкуе, але два гады таму, падсабраўшы грошай, купілі на Мінскім трактарным заводзе трактар МТЗ-132 Н - цяпер значна лягчэй «соткі» апрацоўваць. Хай сабе і не новы, з канвеера, але і легкавы аўтамабіль маюць. Свая хата, у якой усё ёсць. Пад канец лета без праблем, не чакаючы дапамогі, збіраюць дзяцей у школу.

- Мая жонка - спецыяліст сельскай гаспадаркі: ад вясны і, лічыце, да замаразкаў днюе ў полі, а на мне і дом, і дзеці, і гаспадарка. Устаю ў 4.30, кладуся пад дванаццаць ночы, а летам бывае і пазней. Раблю есці бацьку, якому патрэбна дыета, свінням ежу на дзень вару, агароды палю, кашу, соткі ўбіраю, у ягады-грыбы бегаю, пчол даглядаю - не менш, чым на якой вытворчасці заняты. Але галоўнае рамяство, - лічыць Дзмітрый, - гэта жыццёвая спрактыкаванасць, якая выручае пры любых умовах.

«Хранічна стомлены», але вёрткі, рухавы мужчына - у выдатнай фізічнай форме і, галоўнае, з агеньчыкам у вачах, а значыць, шчаслівы, бо жыве на радзіме і працягвае справу бацькоў, да якой ляжыць душа. Ён  сам сабе гаспадар, наймальнік і начальнік. Працуе без усялякіх загадаў і прымусу, сам сябе матывуе рублём. Кажа, што не супраць і яшчэ падзарабіць - суткі ж не ўсе «да краёў» занятыя.

- Ведаю, ездзяць некаторыя на збор ягад за мяжу, зарабляюць нядрэнна. І ў Расію былы гаспадар запрашае, але тут зямля, гаспадарка, сям’я, на мне, як на сыне, абавязак даглядаць бацьку - пакуль я тут больш патрэбны, - упэўнены Дзмітрый.

І няхай у яго плечы не багатырскія, думаю, што жонка адчувае сябе за такім працавітым, прадпрымальным і ўніверсальным у прафесійным плане мужам як за каменнай сцяной: надзейна і ўпэўнена.

Галіна СУТУЛА

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно