3142

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ: «На нашай студыі можна сустрэць шмат славутых асоб»

"Аргументы и факты" в Беларуси № 15. АиФ - Сила мысли 14/04/2020
Навум Якаўлевіч ГАЛЬПЯРОВІЧ.
Навум Якаўлевіч ГАЛЬПЯРОВІЧ. / Фото из архива героя. / facebook.com

Усе аматары радыёстанцыі «Культура» пазнаюць яго голас з тысячы. Навум Якаўлевіч ГАЛЬПЯРОВІЧ - вядомы журналіст і паэт, які за жыццё спрабаваў сябе і ў друкаваных СМІ, і на тэлебачанні, і на радыё. Апошняе выклікае ў Навума Якаўлевіча асабліва цёплыя пачуцці. Зараз ён вядзе радыёпраграмы «Дыялогі пра культуру», «Паэзія XXI стагоддзя», «Кнігалюбу», «Запрашаем у кнігарню».

«АіФ» пагутарыў з адметнай персонай беларускага радыё пра нюансы прафесіі, цікавых гасцей і выкарыстанне беларускай мовы.

Інтарэс да культуры

- Чаму сярод іншых відаў дзейнасці вы абралі працу на радыё?

- Я з дзяцінства памятаю, што радыё ў нашай хаце ніколі не выключалася. Я глядзеў на вялікую чорную талерку і дзівіўся: як там хаваецца столькі галасоў і розных гукаў? Слухаў казкі і дзіцячыя пастаноўкі пра Міколку-паравоза, палескіх рабінзонаў. Потым адкрываў кніжку і голасам дыктара нібыта зачытваў казку слухачам. Нягледзячы на гэта, я не адразу прыйшоў працаваць на радыё. Можна сказаць, трапіў выпадкова. І радыё стала маім домам.

Раней прыёмнік быў у кожнай кватэры і зусім не выключаўся. Але і зараз радыё прыходзіць у дом як сябар. Яго можна слухаць у машыне, на кухні, на пляжы. Па аператыўнасці мы амаль не саступаем Інтэрнэту.

- Як вы рыхтуецеся да працы? Ці ёсць у вас прафесійныя сакрэты?

- Журналіст павінен ведаць пра свайго героя 90% інфармацыі, а у эфіры здолець раскрыць хаця б 40%. Я карпатліва рыхтуюся да кожнай праграмы, каб не ўзнік форс-мажор. У маёй галаве падчас эфіру ёсць пэўныя нарыхтоўкі, каб вывесці тэму размовы ў патрэбнае русла. Калі чалавек разгубіцца, я его дапоўню, задам пытанне. Трэба паказаць, што герой інтэрв’ю - самы дарагі госць. Чалавек гэта адчувае і раскрываецца. Бывала, што ў маім эфіры людзі ўпершыню дзяліліся цікавым фактам пра сябе. На радыё герой можа гаварыць тое, што думае. Калі я не згодзен з яго пунктам гледжання, уступлю ў дыскусію.

- Ці ёсць зваротная сувязь ад аўдыторыі?

- Так, ёсць слухачы, якія тэлефануюць мне пасля кожнай перадачы. І калі праграма перанеслася, яны заўважаць. Аўдыторыя канала «Культура» - гэта людзі, якія цікавяцца мастацтвам. Яны сталага ўзросту, маюць свой жыццёвы вопыт. Мяне часта пазнаюць па голасу на вуліцы ці ў транспарце. Незнаёмыя людзі могуць падысці і спытаць: «Вы Навум Гальпяровіч?».

Фото: facebook.com/ Фото из архива героя.

- А як вы выбіраеце госця праграмы?

- Мне важна прасоўваць беларускую мову і цікавых людзей нашай краіны. Героі маіх праграм - дастойныя людзі: славутыя вучоныя, дзеячы культуры, палітыкі... Люблю пагаварыць пра літаратуру, таму што сам пішу вершы і прозу. За свае жыццё паспеў узяць інтэрв’ю ў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна... Прыемна, што мая дзейнасць дазваляе мне дакранацца да свету таленавітых людзей.

Зараз у беларускай літаратуры таксама ёсць шмат прэтэндэнтаў на званне жывых класікаў. Яны з’яўляюцца ў нашых перадачах, у тым ліку папулярныя сярод моладзі творцы. На нашай студыі можна сустрэць практычна ўсіх славутых асоб Беларусі.

Радыё можа ўсё

- У сваіх праграмах вы размаўляеце на беларускай мове. Вы заўсёды ёй валодалі на станоўчым узроўні?

- Я і да працы на радыё добра гаварыў і пісаў на мове. У мяне была добрая настаўніца ў школе. Але цалкам зразумець мову, усвядоміць яе важнасць мне дапамаглі кнігі Караткевіча. На мяне паўплывалі неардынарная асоба пісьменніка, яго адукаванасць, інтэлігентнасць, выдатная беларуская мова. Я выкарыстоўваю нашу мову і дома, у штодзённым побыце. Каб пачаць размаўляць па-беларуску, трэба не баяцца зрабіць памылку і гаварыць на ёй штодня.

Дарэчы, ёсць такая паэтэса з Іспаніі - Анхела Эспіноса Руіс. Яна вывучыла беларускую мову дзякуючы створанай па маёй ініцыятыве праграме Таццяны Сівец на радыё «Беларусь». Нават пачала пісаць на ёй вершы.

- Як вы ставіцеся да таго, што радыёэфіры цяпер запісваюць на камеру і выкладаюць у Інтэрнэт?

- Так, радыё стала гібрідным: яго цяпер можна не толькі слухаць, але і глядзець. Раней вядучы мог гаворыць у мікрафон і нешта маляваць на паперы, а зараз усе яго рухі можна ўбачыць. Таму трэба кантраляваць сябе. Але добра, што радыё сумяшчае ўсе жанры - яно цяпер можа ўсё. Калі чалавек не паспеў паслухаць эфір, тады паглядзіць запіс на сайце.

- Як радыёжурналісты працуюць падчас каранавірусу?

- Як і заўсёды, вядома, з улікам цяперашняй сітуацыі. Радыё працавала і будзе працаваць. Яно нават у часы Вялікай Айчыннай вайны не спыняла свайго вяшчання. Радыё павінна заставацца з народам. Таму без працы журналісты не застануцца. Радыё - гэта той сродак масавай інфармацыі, які заўседы патрэбен людзям.

Оставить комментарий (0)