1039

Адкрыем сэрцы. Пастырскае пасланне чытачам «АiФ» на Божае Нараджэнне-2020

"Аргументы и факты" в Беларуси № 51. Чего ждать от 2021-го? 22/12/2020
Фото: / catholic.by

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Раства Хрыстова. Евангелле вядзе нас у Бэтлеем, у места нараджэння доўгачаканага Збаўцы свету. Рымскі Імператар Аўгуст выдаў загад правесці перапіс насельніцтва. Мы добра ведаем, што гэта такое. Час ад часу ў нас таксама адбываецца перапіс. Апошні раз такая падзея мела месца ў 2019 г.

Паводле загаду Імператара жыхары Рымскай Імперыі павінны былі запісацца ў месцы свайго паходжання. Абраннік Марыі, Юзаф, паходзіў з каралеўскага роду Давіда, і таму запіс павінен быў адбыцца ў каралеўскім горадзе Бэтлеем. Марыя была цяжарнай і чакала нараджэння Збаўцы. Так сталася, што час нараджэння супаў з прышэсцем Марыі і Юзафа ў Бэтлеем на перапіс. Трэба было знайсці месца, дзе Марыя магла б нарадзіць. Юзаф шукае, ён стукае ў дзверы розных дамоў і гасцініц. Хаця жыхары Блізкага Усходу адзначаюцца гасціннасцю, тым не менш ніхто не хацеў прыняць у свой дом цяжарнай Марыі. У гасцініцы не было месца, як чытаем у Евангеллі ад Лукі (пар. Лк 2, 1-7).

Марыя з Юзафам перажываюць холодную ноч не толькі з фізічнага пункту гледжання, бо сапраўды ў гэты час у Святой Зямлі холадна. Яшчэ большы маральны холад веяў з сэрцаў абыякавых людзей, якія не хацелі прыняць іх у свае дамы.

У тую халодную ноч знайшлося толькі адно цёплае месца ў Бэтлееме – сярод хатніх жывёлаў. Сапраўды, гэта была вялікая таямніца. Не чалавек, якога збавіць прышоў Езус, але жывёлы першымі Яго ўбачылі і прынялі.

Часам кажуць, што чалавек можа быць брутальным, але рэчаіснасць такая, што мы можам быць горшымі за жывёлаў, робячы сабе і адзін аднаму тое, чаго нават жывёлы не робяць. Нездарма лацінскае выслоў’е кажа: «Homo homini lupus est» – «Чалавек чалавеку воўк».

Яшчэ прарок Ісая казаў, што вол і асёл ведаюць свайго гаспадара, але Ізраіль не пазнаў прышэсце Бога ў гэты свет (пар. Іс 1, 3-4). Св. апостал Ян вельмі суровымі словамі сцвярджае гэтую праўду. Менавіта, што Збаўца прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11).

Падчас Бэтлеемскай ночы раздаўся стук, які разбудзіў увесь свет, бо нарадзіўся Збаўца. Гэтым стукам быў голас анёла, які абвясціў нараджэнне Збаўцы, і спеў анёльскіх хораў, якія праслаўлялі Бога (пар. Лк 2, 8-14).

Адначасова з радасцю гэтай благаслаўлёнай Бэтлеемскай ночы трэба адзначыць і яе трагедыю. Яна ў тым, што жывёлы прынялі Збаўцу і Яго сагрэлі, але Выбраны Народ не прыняў.

Тым не менш, нягледзчы на гэта, у гэтай паўночнай і халоднай цемры заззяла святло і цяпло Божай любові. Вельмі добра аб гэтым кажа прарок Ісая: «Народ, які жыў у цемры, убачыў святло вялікае: для жыхароў у краіне цемры заззяла святло» (Іс 9, 1).

ТРЭБА МОЦНА СХIЛIЦЦА

Таямніца Богаўцелаўлення вядзе нас да праўды аб тым, што Бог у сваёй пакоры прыйшоў у гэты свет. Ён схіліўся вельмі нізка, каб з вышыні светлага неба прыйсці ў наш, разбураны нянавісцю, несправядлівасцю, збройным актамі, гвалтам і іншымі паталогіямі, цёмны і халодны свет.

Калі Бог схіляецца, то схіляецца вельмі нізка, бо нараджаецца не ў палацы, але ў яслях. Гэтым самым Бог сваёй пакорай перамагае ганарлівасць злога духа. Каб знайсці Яго ў гэтую лёсавызначальную ноч Божага Нараджэння, таксама неабходна нахіліцца.

Гэты нахіл Бога добра ілюструе сама тапаграфія Бэтлеема і яго ваколіц. Гарады Святой Зямлі пабудаваны на вяршынях пагоркаў, там, дзе скалістая парода. Так робіцца з мэтай пакінуць ураджайныя даліны для сельскай гаспадаркі. Бэтлеем узвышаўся над пашамі, якія акружалі яго. Вуліцы Віфлеема былі стромымі і збудаваны ў форме ярусаў. Такім чынам, задняя частка будынкаў крута апускалася ўніз і выкарыстоўвалася як склад і месца для жывёлаў.

У халодную і цёмную ноч Божага Нараджэння такое месца прытуліла Марыю з Юзафам, каб у ім нарадзіўся Збаўца свету. Бог схіліўся над сваім народам, каб нарадзіцца сярод жывёл і сельскагаспадарчых прылад, у сырой пячоры.

Нават у наш час, калі мы наведваем Бэтлеем і хочам адведаць месца прышэсця Збаўцы ў наш свет у базыліцы Божага Нараджэння, то найперш трэба прайсці ў яе праз так званыя «дзверы пакоры». У даўнія часы ў мэтах бяспекі яны былі пабудаваны вельмі нізкімі. Трэба моцна схіліцца, каб увайсці ў храм.

Само ж месца нараджэння Езуса знаходзіцца на другім канцы базылікі, пад алтаром. Тут ізноў неабходна моцна нахіліцца. Па стромай вузкай лесвіцы, праз нізкія і вузкія дзверы ўваходзіцца ў пячору Нараджэння. Каб дакрануцца да месца Нараджэння Езуса, дзе знаходзіцца надпіс: «Тут Слова сталася Целам», трэба стаць на калені і моцна сагнуцца.

Наш Бог схіляецца, каб прыйсці да нас. Каб знайсці Яго і быць з Ім, мы таксама павінны схіліцца. Бог не ўспрымае ганарлівасці, бо яна дэмаралізуе чалавека. Бог прыходзіць, каб пакорай перамагчы ганарлівасць. Цемра не можа перамагчы цемру; толькі святло можа зрабіць гэта. Нянавісць не можа перамагчы нянавісць; толькі любоў можа зрабіць гэта. Ганарлівасць не можа перамагчы ганарлівасць; толькі пакора можа гэта ўчыніць. Менавіта таму Бог прыходзіць у гэты свет у атмасферы пакорлівасці.

Бог мог прыйсці ў наш свет з нябёсаў, як маланка, і ашаламіць нас. Замест гэтага Ён прыйшоў у пакоры, ціха, не гвалтоўна, без пагрозы, як немаўля. Такім нязвыклым спосабам Ён і сёння звяртаецца да нас. Шукае нас з такой жа пакорай, як гэта ўчыніў 2000 гадоў таму ў таямніцы Уцелаўлення.

Ізноў у наш час, ужо ў ХХІ стагоддзі, Ён стукаецца ў нашыя сэрцы. Езус кажа: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Апк 3,20). Ці мы спяшаемся іх адчыніць? Ці не нам адрасаваны словы старажытнай рэлігійнай песні: «Бог стукаецца ў твае дзверы! А ты чаму ты не адчыняеш?»

МЕСЦА ДЛЯ ЕЗУСА

Калі завяршыцца зямная гісторыя кожнага чалавека і ўсяго свету і будуць напісаны апошнія кнігі, то адзін з самых сумных сказаў будзе наступны: «У гасцініцы чалавечага сэрца не было месца для Езуса». Нажаль, так часта ёсць у нашым жыцці. І таму вельмі дзіўна і сумна, што Бог проста не пасуе сучаснаму свету і не ўпісваецца ў яго. Ён не адпавядае нашаму парадку дня, нашым графікам, нашым прыярытэтам.

Св. апостал Ян кажа, што Бог прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі, а тыя, хто Яго прыняў, сталі дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 11-12). Ці можа быць большая трагедыя, ніж адмова ад гэтага дару, дзякуючы якому мы становімся дзецьмі Божымі? Таму, сапраўды, самым сумным сказам, які напісала чалавецтва, ёсць тое, што на свеце няма месца для Бога.

А што з намі? Ці ёсць месца Езусу ў «гасцініцы» нашых сэрцаў? Калі ёсць, то атрымаем ад Яго шмат дароў. Услухаемся добра. Ці чуем у нашай духоўнай ночы стук у дзверы нашых сэрцаў? Гэта Езус. Ці адказваем на яго і ці спяшаемся адчыніць іх Яму?

Штогод выбіраецца слова года. Сёлета, у часы пандэміі каронавірусу, лідарам стала ангельскае слова «lockdown», што азначае «каранцін». Менавіта, ізаляцыя. Яна патрэбна, каб вылечыцца і захаваць фізічнае здароў’е. Аднак у той самы час мы не можам ізалявацца ад Хрыста і Яго Евангелля. Таму нам нельга дапусціць духоўнага «каранціну», гэта азначае ізаляцыі ад Хрыста, Які праз паслугу Касцёла нараджаецца ў нашых сэрцах.

Мы павінны зрабіць месца для Езуса. Ён прыходзіць у Святым Пісанні, Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах і стукае. Нізка схіляецца і просіць нас дазволіць Яму ўвайсці ў найбольш амаральна месцы гэтага свету і нашага жыцця. Што не дазваляе Яму ўвайсці ў яго? Што перашкаджае нам распазнаць Езуса і шырока адчыняць Яму дзверы? Сёння мы павінны даць адказ на гэтыя і падобныя пытанні.

А калі мы падчас Адвэнту ўжо адчынілі Яму дзверы нашых сэрцаў, то праславім Яго і папросім дапамагчы іх адчыніць яшчэ шырэй. А можа, мы не далі Яму найлепшае месца, магчыма, прагналі з канапы на падлогу, бо з’яўляемся аморфнымі і самалюбнымі хрысціянамі?

Зробім Яму месца ў нашых душах, каб быць дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 12). Калі мы прымем гэты дар Нараджэння Божага Сына і зробім яму больш месца ў нашых сэрцах, то Ён пераменіць нас і праз нас гэты грэшны свет.

Свята Божага Нараджэння – гэта свята Божага дару быць дзецьмі Божымі, які мы атрымліваем ад пакорнага Бога. Ці ёсць Яму месца ў «гасцініцы» нашага сэрца? Ад гэтага адказу будзе залежыць наша сучаснасць і вечнасць. Езус стукае, адчынім Яму.

Гэта вельмі важна цяпер у нашай Бацькаўшчыне Беларусі, якая перажывае нябачаны ў сваёй гісторыі грамадска-палітычны крызіс, які прадаўжаецца ўжо шмат месяцаў і ніяк не можа завяршыцца. Сярод шматлікіх адказаў, якія прапануюць палітыкі, эканамісты і грамадскія дзеячы, неабходна звярнуць увагу на тое, што галоўнай прычынай крызісу з’яўляецца адсутнасць у нашых сэрцах Езуса з Яго законам любіць Бога і бліжняга (пар. Мк 12, 28-31), прабачаць, нават сваім ворагам (пар. Лк 23, 34), быць справядлівымі (пар. Мц 5, 6). Мы павінны будаваць нашу Бацькаўшчыну як цывілізацыю жыцця і любові. Не зможам учыніць гэтага нянавісцю і гвалтам, але ўзаемнай любоў’ю, бо не можам злоўжываць самі сабой.

СЛОВЫ ВIНШАВАННЯ

Дарагія браты і сёстры! Віншую вас са святам Раства Хрыстова! Віншую сваіх адзінаверцаў каталікоў і іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць яго! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць перажываць радасць праўды Богаўцелаўлення! Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Зробім месца Езусу, каб Ён сваёй ласкай нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам ХХІ стагоддзя, а мы дзяцьмі Божымі, якімі Ён апякуецца і бароніць ад эпідэміі як фізічнага, так і грахоўнага вірусаў, каб наша Бацькаўшчына нанова стала краінай міру, узаемнай любві і ўзаемапавагі.

Радасных, поўных ласкі і супакою нованароджанага Збаўцы святаў Раства Хрыстова і шчаслівага Новага Года!

Давяраючы вас апецы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, праламляюся традыцыйнай аплаткай і свае зычэнні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно