323

Фота продкаў. Гісторыя пакаленняў

№ 29 от 16 июля 2014 года 16/07/2014

…1946 год. Пасляваенны час. У Літве новая ўлада замяняе пашпарты. У абсталяваным у доме Вазбуцкіса атэлье жыхароў Сейрыяй і ваколіц фатаграфуе Вітаўтас Станёніс (1917-1966 гг.). Да фотаздымкаў патрабаванні невысокія: падыходзіць асвятленне ад вакна, чыстая прасціна для фона. Да палатна садзяцца па двое: муж і жонка, бацька і сын, браты, сёстры, суседзі.

Праз два дзесяцігоддзі пасля таго фатаграфавання В. Станёніс памёр. На той час яго сыну, таксама Вітаўтасу, было 17, і, як ён сам кажа, у галаве гуляў вецер. Архівы бацькі ён знайшоў каля 1984-85 гг., калі ўжо меў досвед фатографа, і гэты матэрыял падаўся яму выключна цікавым. Надрукаваныя з бацькавай фотастужкі пашпартныя здымкі ў першы раз экспанаваліся ў 1987 г. у Палацы мастацкіх выстаў у Вільнюсе (пазней гэтыя партрэты паказваліся не толькі ў літоўскіх, але i ў замежных выставачных залах, іх выявы друкаваліся ў розных выданнях). Надрукаваныя з негатыва пашпартныя фотаздымкі Вітаўт-малодшы пакінуў некадраванымі, паказваючы нават і перфарацыю, а экспануюцца яны неразрэзанымі і павялічанымі: такім спосабам быццам вяртаецца першасны выгляд фотаздымкаў, то бок іх рэальнасць, а таксама нагадваецца тое, як у пятым дзесяцігоддзі XX стагоддзя ў  Літве рабіліся пашпартныя фотаздымкі.

Безыменныя твары

Прыцягвае дзіўнае сціснутае знаходжанне дваiх людзей побач, хоць бачная ў кадры пустата сведчыць, што тыя, што сядзелі, маглі б адсунуцца адзін ад аднаго. Зблізу яны выглядаюць так, быццам блізкімі ніколі не былі: ніякага эмацыйнага кантакту з тым, хто сядзіць побач.
Безыменныя твары, якія калісьці павінны былі засведчыць адпаведнасць канкрэтнай асобе, цяпер губляюць сваю тоеснасць і становяцца своеасаблівымі алегорыямі  і метафарамі пасляваенных лёсаў. У кадры няма ніякіх пабочных дэталяў - толькі статычныя партрэты людзей на нейтральным фоне белага палатна. Няма ніякага сюжэту, ніякай гульні, застаецца толькі «вочная стаўка» з тым, хто знаходзіцца насупраць. І хоць цікава разглядаць, як асобы, седзячыя перад камерай, апранутыя і прычасаныя, галоўным фактарам робіцца сутыкненне позіркаў таго, хто на здымку, і гледача - тое, што ў гэты час хаваецца глыбока ўнутры. На гэтых фотаздымках зліваюцца візуальнае, антрапалагічнае і гістарычнае палi гледжання, і такім чынам актуалізуецца/асучасніваецца мінулае.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно