2304

Купалаўскі тэатр 14 верасня адзначае стогадовы юбілей

«Паўлінка».
«Паўлінка». Public domain

Роўна стагоддзе таму, 14 верасня 1920 года, спектаклем «Рысь» па аповесці Элізы Ажэшкі ўрачыста адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр, спадкаемцам якога стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Такiм чынам, сёння, 14 верасня Купалаўскі тэатр адзначае стогадовы юбілей.

Заўсёды прытрымліваючыся ідэалаў захавання нацыянальнага тэатральнага мастацтва, купалаўцы фарміравалі брэнд беларускага тэатра, годна неслі статус нацыянальнай установы культуры. Дзякуючы людзям, якія калісьці назвалі сябе купалаўцамі, беларуская драматургія і рэжысура, беларускае слова і акцёрскае майстэрства адукоўвалі і пашыралі кругагляд нашага народа, паведамiлi ў тэатры.

Для беларускай культуры Купалаўскі тэатр стаў сапраўды легендарнай пляцоўкай. Менавіта ў будынку тэатра адбываліся падзеі, якія вызначылі жыццё Беларусі на доўгі тэрмін: у ім праходзілі лёсавызначальныя з’езды і паседжанні, а ў 1919 годзе была прынятая і першая Канстытуцыя БССР. Пазней у тым жа будынку ставіліся легендарныя беларускія спектаклі – «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Пінская шляхта» і іншыя. Фармаваліся пакаленні і дынастыі купалаўцаў. Да дзейнасці тэатра спрычыніліся тыя беларусы, для якіх нацыянальная культура была найвялікшай каштоўнасцю. Глыбокі след у гісторыі тэатра пакінулі таленавітыя акторы Глеб Глебаў, Стэфанія Станюта, Віктар Тарасаў; рэжысёры Еўсцігней Міровіч, Леў Літвінаў, Валерый Раеўскі. Шмат гадоў Купалаўскаму тэатру аддалі вядомыя Народныя і Заслужаныя артысты, таленавітыя дзеячы тэатральнага мастацтва, патрыёты сваёй краіны.

 

 

Брэнд беларускай культуры

Купалаўскі – брэнд беларускай культуры. За сваю багатую гісторыю тэатр неаднойчы знаходзіўся ў віры лёсавызначальных падзей, аднак купалаўцы заўсёды з годнасцю і гонарам пераадольвалі любыя цяжкасці. Тэатр дзесяцігоддзямі фармаваў моцны і вольны дух, які стаў вызначальнай уласцівасцю нашай установы культуры. Змяняюцца эпохі і людзі, палітычныя строі і рэжымы, а ідэалы Купалаўскага тэатра застаюцца нязменнымі.

Дзякуючы Купалаўскаму тэатру мы як нацыя ўносім у палітру свету яскравы і непаўторны колер, бо цікавыя свету тым, што нас адрознівае, і тым, чым здольныя дапоўніць і расквеціць сусветную культуру. Купалаўскі тэатр – гэта залаты фонд беларускай нацыі, зорка ў небе, якая нікоглі не згасне, - таксама сказалi ў тэатры. - 100-годдзе Купалаўскі тэатр адзначае з зачыненымі дзвярыма. Аднак за сваю 100-гадовую гісторыю тэатр перажыў мноства няпростых момантаў, ніводзін з іх не змог знішчыць дух Купалаўскага тэатра. Нягледзячы на паважны ўзрост, тэатр застаецца чуйным да творчых павеваў часу і па-ранейшаму з’яўляецца пляцоўкай абуджэння нацыянальнай самасвядомасці. Купалаўскі тэатр жыве, пакуль жывуць людзі, якія з гонарам называюць сябе купалаўцамі. Лепшае наперадзе!

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно