8016

«Я ратуюся толькі словам». Рыгор Барадулін - пра літаратуру, гісторыю і веру

№ 11 от 12 марта 2014 года 12/03/2014

 

Даследчык лiтаратуры Міхась Скобла так казаў пра яго: «Паэзія Рыгора Барадуліна і ўяўляецца мне тым нататнікам, куды Усявышні час ад часу надыктоўвае народжаныя на нябёсах радкі».

Лёс да кожнага прыходзіць босы,

Як Хрыстос,

Каб бядзілі кожнага турботы,

Як абуць свой лёс у лапці, ў боты.

А яму не занасіць калёсы.

Боссю - каб нячутна! -

Ходзіць лёс.

Ты,нявольнік, вольны выбраць путы,

Пасталы змяніць на кірзачы.

Грукай збітым, як парог, абцасам.

Смелы і ў руцэ з кавалкам ласым,

Помні заўсягды пра лёс разуты,

Ногі босаму не адтапчы!

Р. Барадулiн

Пра побыт

...У нармальнага паэта жыццё, канешне, няскладнае - ці матэрыяльна, ці сямейна, ці па-бытавому - усё роўна. Як вам сказаць... калі занадта ўжо ўтульна і надта цёпла... Паэту павінна быць няўтульна. Я не тое што лічу сябе паэтам і сам сябе рэкламую, проста абстрактна гавару. Чым больш няўтульна, тым лепш ён напіша.

Чалавеку, як цяпер разумею, трэба абсалютна мала: душэўны спакой і раўнавага. Больш нічога. Проста каб было нешта перакусіць дый страха і спакойнае неба над галавой, спакойнае - як космас, як жыццё.

У маленстве, калі было зусім гола, хацелася нейкія чаравікі і каб яны не цяклі, каб штаны былі не падраныя, каб кашуля цэлая была. Пасля быў нейкі час, калі нешта ўжо куплялася, але цяпер разумееш, што ўсяго таго, што было накупляна, усё роўна не зносіш. З гадамі разумееш, што ўсе даброты часовыя, усё гэтае багацце не забярэш з сабой туды. І хоць некаторыя ўзурпатары, імператары імкнуліся стварыць імперыю амаль на ўвесь зямны шар, аднак усё роўна больш, чым паўтара метра, ніхто ўрэшце рэшт не атрымліваў...

А ўвогулле, паўтаруся, зараз хочацца толькі спакою душэўнага, каб раніцаў устаў - і ніякіх у цябе не было клопатаў. Я ж ратуюся толькі словам, словам-радком. Хоць нейкае ўражанне, што нікому гэта не патрэбна, для некага гэта чыста элітарнае... Я ўжо перахварэў гэтай хваробай, калі хацелася, каб тваё прозвішча было на вокладках кніжак. Апошні час проста хочацца пабыць з самім сабою, таму і пішаш практычна для сябе. Гэта больш адказна і больш спакойна, бо не мітусішся.

Пра настаўнікаў

Канкрэтныя настаўнікі? Канешне, Якуб Колас з «Новай зямлёй», якую я амаль на памяць ведаў. «Новая зямля» была другой беларускай бібліяй - не Біблія храма, а хатняя біблія. Я не ўяўляю сябе без «Новай зямлі», таму што яна таксама фармавала мяне... Багдановіч і Панчанка, з якім мы сябравалі да канца жыцця. Пазней на мяне шмат паўплываў Караткевіч, бо сярод нашых літаратараў з такімі ведамі нікога больш не было. Я заўсёды адчуваў сябе перад ім маленькім-маленькім і неадукаваным. Мне страшэнна падабаўся размах Караткевіча. Валодзя многа мне даў, я ўсё жыццё цягнуўся да яго. Ці вось яшчэ Міхась Стральцоў - вытанчаны паэт, лірык, празаік, эсэіст, з якім я таксама сябраваў... Усе яны, мае сябры, дапамагалі мне душэўна і духоўна, да таго ж я вучыўся ў іх майстэрству.

Пра літаратуру

Тыя, хто сцвярджае, што ў беларускай літаратуры няма геніяў, напэўна, сябе лічаць геніямі, і таму сапраўдныя беларускія геніі перашкаджаюць ім, як дрэннаму танцору вядома што...

Што ж датычыцца вынікаў стагоддзя, дык, акрамя лірыкі і эпікі Купалы, у літаратуры, на мой погляд, назаўсёды застанецца «Вянок» Багдановіча, таму што гэта была першая цэльная мэтанакіраваная беларуская кніга, якая змагла прабіць - не хачу абразіць старую «Нашу Ніву» - нашаніўскі прымітыў, гэтую сялянскую прыземленасць. «Вянок» проста рваўся ў Еўропу, і сам Максім Багдановіч мысліў як высокаадукаваны еўрапеец. Дарэчы, цікава, што першым звярнуў увагу на Багдановіча латыш Андрэй Упіт, які адзначыў, у прыватнасці, еўрапейскасць і шырыню бачання свету нашым Максімам. І безумоўна, як у палякаў застанецца настольнай кнігай «Пан Тадэвуш», так у нас - «Новая зямля» Якуба Коласа. Гэта нешта невераемнае - сумець так перадаць дух беларуса за ўсе папярэднія вякі!

Застануцца вершы Ларысы Геніюш, святой пакутніцы нашай зямлі. Хай не будзе ўспрынята як блюзнерства, але я па-зямному параўняў бы яе з Еўфрасінняй Полацкай. У Ларысы Геніюш ярка праявіўся характар нязломнай беларускай жанчыны-маці, прадаўжальніцы беларускага роду.

Застанецца і Максім Гарэцкі з яго лепшымі творамі. Яшчэ адзін прарок і апостал - Васіль Быкаў. Ён таксама дадзены навырост. Гэтак жа нам ужо даваліся Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч. Хаця ў пераломныя моманты гісторыі заўсёды здавалася, што нас ужо зусім забетаніравалі і ўкаталі каткамі і танкамі, але мы ўсё роўна прабіваемся, як тая трава.

Дасье

Рыгор Барадулін (24 лютага 1935 г. - 2 сакавіка 2014 г.) - беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Апошні чалавек, які атрымаў званне «Народны паэт БССР». У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».

Пра Беларусь

Я заўсёды паўтараю, што беларусы - гэта эксперыментальная нацыя ў Бога. Калі ставіцца эксперымент, дык ён ставіцца на добры канец. Толькі адно пытанне: колькі будзе цягнуцца гэты эксперымент? Адзін толькі Бог ведае. Я магу не дачакацца... Бог выпрабоўвае нас на выжыванне нашай мовы, і Бог усё-ткі нас  любіць, таму што не дае канчаткова знішчыць нас. І ўсе спадзяванні, што Бог гляне на нас больш ласкавым вокам. Хоць нельга забывацца, што ў савецкі час і на Беларусі ў тым ліку выпрабоўвалася і бязбожжа, і барацьба з Богам, так што Беларусі яшчэ трэба доўга замольваць свае грахі.

Я лічу, што нарадзіўся ў той час і, канешне, толькі ў гэтай краіне павінен быў нарадзіцца. І калі б у мяне быў такі выбар, я б не сумняваўся і сказаў: толькі тут, менавіта тут. І менавіта на Вушаччыне - там, дзе жылі ўсе мае продкі. Я ніколі не хацеў у другой краіне нарадзіцца. У гэтай краіне нарадзіўся, тут хачу і памерці... У традыцыі крывічоў хаваць на той зямлі, на якой нарадзіўся, туды і павінен вярнуцца.

...Не хачу я помнікаў. Помнік не будзе за што ставіць, да таго ж гэта традыцыя яшчэ савецкіх часоў. Я хачу, каб быў толькі вушацкі валун. Камень - гэта надмагілле з часоў паганства, з сівой даўніны, крыж з’явіўся пазней. Таму, як бы там ні было, але хрысціянства ўсё-ткі падладжвалася.

Пра рэлігію

Я нарадзіўся ў 1935 годзе, калі ў савецкай імперыі была «культурная рэвалюцыя» і ніякіх святароў на Вушаччыне ўжо не было - ні ўніяцкіх, ні праваслаўных. Аднак аднойчы прыехаў ксёндз, і мяне ксцілі. Маёй хроснай мамай была Філіцыя Антонаўна Міклашэўская, з шляхетнага роду, а хросным бацькам - Іван Качан, зыходзячы з прозвішча - яўны беларус. Праўда, пасля бабуля казала: «Трэба назад адксціць». Я так і застаўся. Затое ў мяне была вялікая радасць - два Вялікадні, два Новыя гады і гэтак далей, таму, напрыклад, чырвонае яйка ў мяне было і на праваслаўную Пасху, і на каталіцкую. Зрэшты, сам я лічу сябе ўніятам, паколькі так склалася, што я - уніят і па каранях, і згодна з перакананнямі.

Усё-ткі Бог адзін, а канфесіі - хай не прагучыць гэта па-кашчунску - гэта ўсё-ткі прафесія. Дарэчы, гэтую думку я правяраю на святарах - некаторыя адразу называюць мяне амаль не вераадступнікам. Я ім гавару: «Вы ж не можаце выступаць супраць таго, што Бог - адзін? А канфесіі - гэта сапраўды прафесія». Не абавязкова ж разумець пад прафесіяй продаж апельсінаў ці бульбы! Прафесія - гэта дасканалае веданне сваёй справы. Па-мойму, гэта не разыходзіцца...

А ўвогуле, я ўпэўнены, што мы, крывічы, - самыя непасрэдныя паганцы, таму што ў нас, у нашым крывіцкім краі, на Полаччыне і асабліва на Вушаччыне, як нідзе захаваліся паганскія традыцыі. Паганскія ж карані трымаюць любую нацыю. Калі з народа вывесці гэтыя карані - ён стане нікім.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно