2310

Вершы Купалы цяпер можна атрымаць па электроннай пошце

"Аргументы и факты" в Беларуси № 09 28/02/2017

- Адкуль з’явілася ідэя запусціць такі незвычайны сэрвіс?

- Насамрэч ідэя такога праекта з’явілася ў мяне, калі я ўбачыў расійскі сэрвіс nezarastet.ru, дзе кожны дзень людзям дасылаюць вершы Пушкіна, - кажа Уладзімір Андрыенка. – Адразу пасля гэтага я вырашыў, што нехта павінны зрабіць беларускі “адказ” гэтаму праэкту, каб жыхары нашай краіны ведалі і пра ўласных пісьменнікаў.

Як мне падказвае досвед, многія беларусы хочуць быць бліжэй да роднай культуры і мовы, але іх часта спыняюць розныя страхі. Некаторыя, напрыклад, асцерагаюцца размаўляць па-беларуску на працы, таму што гэта можа змяніць стаўленне да іх калег. Іншыя баяцца магчымых памылак у сваёй мове. Таму я вырашыў зрабіць нешта простае, але натхняючае.

Інтэрнэт ёсць паўсюль, дзякуючы гэтаму чытаць нас можна нават у метро па дарозе на працу ці дадому. І ў гэтым моц праекта “Купала поштай”. Невялічкімі порцыямі мы даем людзям новыя веды ў камфортных для іх умовах.

На фотаздымке Уладзімір Андрыенка

На фотаздымку - Уладзімір Андрыенка Фото: АиФЕвгений Гончар

- Колькі часу прайшло ад нараджэння ідэі да яе рэалізацыі?

- Прайшоў літаральна адзін дзень (смяецца). Мы з сяброўкай Ксюшай Тарасевіч размаўлялі наконт таго, як добра было б запусціць сайт, які не толькі дапаможа прапагандаваць беларускую мову, але і падштурхне да таго, каб людзі пачалі цікавіцца мастацкім багаццем Беларусі. І тут нехта з нас сказаў: “А давай гэта зробім насамрэч?” Вось мы і зрабілі! Нам было цікава стварыць некамерцыйны праэкт за свае грошы, які б спадабаўся звычайным людзям.

Дзякуючы таму, што я працую дырэктарам агенцтва ў галіне інтэрнэт-маркетынгу, мне было няцяжка зрабіць асноўную працу за адзін дзень. Такім чынам, запрацавалі мы ўжо 16 лютага і існуем амаль тыдзень.

- Чаму вы выбралі менавіта Янку Купалу, а не іншага пісьменніка?

- Вядома ж, Беларусь багатая на знакамітых і таленавітых пісьменнікаў, такіх як Максім Багдановіч, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч і іншых. Але Янку Купалу ведаюць усе, “пазнавальнасць брэнда” ў выпадку з ім найвышэйшая, таму мы і вырашылі пачаць з яго.

На гэты момант у нас запланавана распаўсюдзіць сто яго вершаў, пасля чаго кожны зможа адчуць сябе экспертам па творчасці аднаго з найвялікшых беларускіх аўтараў. Нават я сам адчуваю, што станаўлюся бліжэй да мастацтва, адбіраючы штодзённыя матэрыялы для падпісчыкаў.

- Што трэба зрабіць, каб пачаць атрымоўваць вершы?

- Наш сайт працуе вельмі проста. Для таго каб стаць адным з нашых падпісчыкаў, трэба зайсці на www.kupalaposhtai.by, пакінуць адрас сваёй электроннай скрыні і пацвердзіць згоду атрымліваць вершы Купалы. Пасля гэтага ўжо на наступны дзень раніцай вас будзе чакаць наш ліст, зараджаны пазітывам на цэлы дзень.

- Як адрэагавалі людзі на ваш праэкт?

- Адразу пасля запуску сайта пра нас пачалі размаўляць у Інтэрнэце. Шмат хто пачаў дзяліцца спасылкамі на нашы лісты ў сацыяльных сетках і пакідаць каментары.

За пяць дзён існавання на сайт праекта зайшло больш за дзве тысячы людзей, з якіх 677 вырашылі падпісацца на вершы Купалы. А яшчэ шмат хто напісаў нам з прапановай падтрымаць праект. Людзям гэта цікава, што, на мой погляд, вельмі добры знак.

- Ці ёсць у вас планы на будучыню па развіцці сэрвіса?

- Пакуль яшчэ зарана казаць пра нейкія сур’ёзныя планы, таму што мы існуем усяго некалькі дзён. Але калі людзям і далей будзе гэта цікава, а колькасць падпісчыкаў пачне расці, мы дакладна працягнем працаваць у гэтым накірунку, узбагачаючы наш праект іншымі беларускімі аўтарамі, ідэямі і малюнкамі. Напрыклад, мы б хацелі зрабіць яшчэ адзін падобны сэрвіс, звязаны с мастакамі Беларусі. Але для гэтага павінна існаваць зацікаўленасць аўдыторыі. Будзе яна – будуць і новыя праекты!

Спецыяльна для чытачоў “АіФ” Уладзімір Андрыенка абраў верш Янкі Купалы пад назвай “Роднае слова”:

Магутнае слова, ты, роднае слова!      

Са мной ты на яве і ў сне;

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,      

Ты песень наўчыла мяне.

 

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!      

Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,      

Дый дарма: жывеш як жыло!

 

Свабоднае слова, ты, роднае слова!      

Зайграй ты смялей, весялей!

Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,      

Жывеш ты на хвалу людзей.

 

Загнанае слова, ты, роднае слова!      

Грымі ж над радзімай зямлёй:

Што родная мова, хоць бедная мова,      

Мілей найбагатшай чужой!

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно