3659

Беларусь, не бойся прыняць Хрыста! Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне

№ 52 от 22 декабря 2015 года 22/12/2015

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас словамі анёла, які абвясціў Бэтлеемскім пастушкам аб нараджэнні Збаўцы. Убачыўшы Божага пасланца, яны напалохаліся. З упэўненасцю і мы ўчынілі б тое самае, калі б нам з’явіўся анёл. Але Божы пасланец іх супакоіў, кажучы, што ў горадзе Давіда нарадзіўся Збаўца, якога чалавецтва з нецярпеннем чакала.

52-02-2Знамянальна, што сёлетнюю ўрачыстасць Нараджэння Хрыста мы святкуем у Год Божай міласэрнасці. Прыйсце Божага Сына ў свет у чалавечым вобразе было знакам бязмежнай Божай міласэрнасці да чалавека, якая праяўляецца і далей у паслузе Касцёла і да якой мы ўсе пакліканыя.

Божае Нараджэнне стала сапраўднай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любові бліжняга і адарыў яго збаўчай ласкай. Падобная духоўная рэвалюцыя павінна адбыцца і ў кожным з нас, каб мы моцна трымаліся сваёй веры і не дазволілі спіхнуць яе на абочыну жыцця, але з высока паднятай галавой ішлі праз яго, ведаючы, што нашай мэтай ёсць шчаслівая вечнасць...

Кім ты хочаш быць, сучасны чалавек? Вызнаўцам, паслядоўнікам і сведкам Хрыста ці толькі Яго паклоннікам? Хочаш даверыцца Езусу ці свету? Адказаць на гэтыя і падобныя пытанні нам можа дапамагчы апостал Пётр. Мы добра ведаем евангельскі аповед аб тым, як на загад Езуса Пётр пайшоў па ўзбураным возеры, аж пакуль не спалохаўся і не пачаў тануць. Заахвочаны заклікам Езуса, Пётр пайшоў па вадзе. Аднак у пэўны момант ён сканцэнтраваўся не на Езусе, але на ўзбураных хвалях возера. У выніку засумняваўся і пачаў тануць. Падобнае адбываецца і ў нашым жыцці. Калі перастаем глядзець на Езуса, а засяроджваемся толькі на жыццёвых праблемах, тады трацім пад нагамі грунт і пачынаем тануць. Тады нам не застаецца нічога іншага, як крычаць: «Езу, ратуй».

Успомнім другі евангельскі аповед пра цудоўны ўлоў рыбы. Апосталы лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі. Тады Езус ім сказаў адплысці на глыбіню, і стаўся цуд. Яны злавілі такую вялікую колькасць рыбы, што нават рваліся сеткі.

«Адплыві на глыбіню» - з гэтымі словамі Езус сёння звяртаецца да нас. Чалавек, ты створаны па вобразу і падабенству Божаму, адкуплены Сынам Божым і маеш годнасць Божага дзіцяці. Таму не плёскайся на мелізне, а адплыві на глыбіню духоўнага жыцця, каб яно прынесла багаты плён.

Можа, сеткі твайго жыцця пустыя, можа, дагэтуль нічога не ўдалося злавіць, можа, твае жыццёвыя планы і мары не рэалізаваліся. Але ты не адзін, і Езус сёння цябе заклікае: «Не бойся, не паддавайся, адплыві яшчэ раз на глыбіню твайго жыцця, тваіх мараў, імкненняў, болю, цярпення, адзіноты і яшчэ раз закінь сеткі, бо Я з табой».

У той самы час страх і баязлівасць перад светам не дазваляюць нам гэтага ўчыніць, бо лягчэй плысці па цячэнні, ніж супраць, бо ў нашае духоўнае жыццё ўваходзіць феномен паліткарэктнасці, калі мы не маем, а можа, не хочам мець свайго мяркавання па таму ці іншаму маральнаму пытанню. Страх перад светам нас паралізуе і не дазваляе даверыцца Хрысту. У кожным з нас у большай ці меншай ступені ён прысутнічае, і толькі давер да Езуса дапамагае яго перамагчы. Каб пазбегнуць негатыўнага ўплыву сучасных сэкулярных тэндэнцый, неабходна адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў і душаў!

Езу, увайдзі сваёй духоўнай моцай у наша грамадства і аздараві яго! Увайдзі ў нашыя перажываючыя крызіс сем’і, каб яны былі моцныя Богам. Увайдзі ў нашу моладзь, якая хоча быць сучаснай і, знаходзячыся пад уплывам рознага роду спакусаў, змагаецца за сваю хрысціянскую тоеснасць. Увайдзі ў палітычныя, эканамічныя і культурныя сістэмы, каб яны як мага лепей служылі дабру чалавека і спрыялі яго духоўнаму росту. Святлом свайго Евангелля асвятлі наш шлях. Умацуй нашу веру, надзею і любоў!

Дарагія браты і сёстры!

Віншую ўсіх католікаў з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста!

Віншую хрысціян іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць яго!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія ў хуткім часе будуць святкаваць Божае Нараджэнне!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце Сына Божага, прымі Яго і даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і учыніць цябе новай і шчаслівай!

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога і на знак нашай духоўнай еднасці дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай. Амэн.

Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно